Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі дыплямат: «Ігар Лосік павінен быць неадкладна вызвалены»


Джордж Кент, архіўнае фота
Джордж Кент, архіўнае фота

Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода выказаў падтрымку Ігару Лосіку і палітзьняволеным Беларусі, адказаў, калі прыедзе ў Менск амбасадар Джулія Фішэр, параўнаў палітыку ў адносінах да Беларусі прэзыдэнтаў Трампа і Байдэна, выказаўся пра ролю Расеі і патлумачыў хаду Акта аб дэмакратыі ў Беларусі.

Гутарку вёў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

— Сярод палітычных зьняволеных знаходзіцца наш калега Ігар Лосік, які абвясьціў другі раз галадоўку. Амэрыканскія кангрэсмэны, Агенцтва глябальных мэдыя ЗША выказвалі падтрымку і патрабавалі яго вызваленьня. Але сытуацыя працягвае пагаршацца...

— Я падзяляю трывогу за стан здароўя і самаадчуваньня Ігара Лосіка. Урад ЗША заклапочаны гэтай сытуацыяй. Нядаўна я меў гутарку на гэтую тэму з прэзыдэнтам РСЭ/РС Джэймі Флаем. Ігару Лосіку нядаўна выставілі новыя абвінавачаньні. Журналістыка — не злачынства, і Ігар затрыманы несправядліва, і за кратамі занадта доўга. Апошнія новыя абвінавачаньні вылучаныя пасьля прысуду дзьвюм беларускім журналісткам, Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай, за іх працу па асьвятленьні мірнага сходу.

Нашае фундамэнтальнае перакананьне тое, што журналістыка — не злачынства. Права на размову, свабодныя мэдыя — гэта каштоўнасьці статутаў ААН і АБСЭ. Ігар Лосік і дзесяць астатніх журналістаў за кратамі павінны быць неадкладна вызваленыя. Усе палітзьняволеныя павінны быць вызваленыя. Мы лічым, што існуе асаблівая праблема адносна правоў журналістаў, усіх грамадзянаў Беларусі што да замацаванага Канстытуцыяй Беларусі права на свабоду слова і мірных сходаў. Мы можам займацца вырашэньнем гэтай праблемы празь «ціхую» дыпляматыю, праз публічнае абмеркаваньне, як гэта мы робім цяпер. Таксама мы разглядаем і санкцыі адносна асобаў, якія, на нашу думку, удзельнічаюць у здушэньні правоў і падрыве дэмакратычных інстытутаў.

Цалкам інтэрвію можна будзе прачытаць на плятформах Свабоды заўтра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG