Літва часова прыпыняе вакцынацыю прэпаратам AstraZeneca

Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў аўторак увечары паведаміў міністар аховы здароўя Літвы Арунас Дулькіс

«Сёньня я атрымаў рэкамэндацыю Дзяржаўнай службы кантролю над лекамі, у якой служба, як і іншыя ведамствы Эўразьвязу, рэкамэндуе спыніць вакцынацыю ад COVID-19 вакцынай AstraZeneca», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў аўторак увечары міністар аховы здароўя Літвы Арунас Дулькіс.

«Гэта азначае, што мы ўлічым рэкамэндацыю службы», — дадаў ён.

Пасяджэньне ў справе гэтай вакцыны Эўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў склікае ў чацьвер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Некалькі краін прыпынілі выкарыстаньне вакцыны AstraZeneca ад каранавірусу. Ці сапраўды яна небясьпечная?

Як паведаміў кіраўнік Дзяржаўнай службы кантролю над лекамі Гіціс Андрулёніс, рашэньне прынятае пасьля атрыманьня трох паведамленьняў пра выпадкі тромбаэмбаліі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна не плянуе спыняць выкарыстаньне вакцыны AstraZeneca

«За апошнія некалькі дзён мы атрымалі тры паведамленьні аб падазрэньні на цяжкія непажаданыя рэакцыі, зьвязаныя з праявамі тромбаэмбаліі ў вакцынаваных AstraZeneca ў Літве пацыентаў», - сказаў Андрулёніс.

«На сёньняшні дзень у нас няма доказаў таго, што гэта здарылася з прычыны вакцынацыі; магчыма, гэта проста супала з вакцынацыяй. Усе гэтыя дадзеныя перадаюцца ў агульную сетку, іх ацэньвае Эўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў», — працягнуў ён.

Сытуацыя зьмянілася цягам дня

Яшчэ ў аўторак раніцай паведамлялася, што ўрад Літвы не разглядае магчымасьці спыненьня вакцынацыі ад каранавірусу прэпаратам AstraZeneca, які атрымлівае супярэчлівыя ацэнкі ў літоўскім грамадзтве. Пра гэта заявіла прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце.

Прэзыдэнт Гітанас Наўседа таксама не адмаўляецца ад ідэі прышчапіцца гэтай вакцынай, заявіла яго дарадніца.

«Вядома, якія могуць быць сумневы», — заявіла ў аўторак раніцай яго дарадніца Аста Скайсгірыце.

Наўседа ў пачатку сакавіка заявіў, што гатовы прышчапіцца вакцынай AstraZeneca, калі прыйдзе яго чарга.

Сам міністар здароўя Дулькіс у сярэдзіне дня ў аўторак заявіў, што, як толькі зьявіцца такая магчымасьць, ён сам прышчэпіцца вакцынай AstraZeneca.

«Калі ў другім квартале мы атрымаем значную колькасьць вакцыны, мы запросім палітыкаў, вядомых людзей, кіраўнікоў рабіць прышчэпкі і паказаць прыклад. Я асабіста прышчаплюся AstraZeneca», — сказаў Дулькіс.