Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі краін прыпынілі выкарыстаньне вакцыны AstraZeneca ад каранавірусу. Ці сапраўды яна небясьпечная?


Вакцына AZD1222 распрацоўвалася кампаніяй AstraZeneca сумесна з навукоўцамі з Оксфардзкага ўнівэрсытэту

Шэраг краін Эўропы, Азіі і Афрыкі, уключна з Францыяй, Нямеччынай, Тайляндам і Конга, прыпынілі выкарыстаньне вакцыны ад каранавірусу AstraZeneca, пасьля таго як у некалькіх жыхароў Даніі і Нарвэгіі ўтварыліся тромбы пасьля прышчэпкі.

Прамая сувязь паміж вакцынай і зьяўленьнем тромбаў яшчэ не даказаная. Эўрапейскае агенцтва па лекавых сродках і Сусьветная арганізацыя аховы здароўя адмаўляюць гэтую сувязь і прапануюць працягваць вакцынацыю, піша «Настоящее время».

Што адбылося?

Першай выкарыстаньне вакцыны AstraZeneca аднайменнай англа-швэдзкай кампаніі прыпыніла Данія: у некалькіх пацыентаў пасьля прышчэпкі дыягнаставалі тромбы, адзін памёр праз 10 дзён. Дацкія органы аховы здароўя заявілі, што прыпыненьне будзе доўжыцца ня менш за два тыдні, пакуль гэтыя выпадкі расьсьледуюцца.

«Немагчыма зрабіць выснову аб тым, ці існуе сувязь паміж вакцынай і згусткамі крыві», — заявілі ўлады гэтай краіны.

Па прыкладзе Даніі рушылі Нарвэгія, Ісьляндыя, Баўгарыя, Тайлянд і Конга. У суботу, 13 сакавіка, нарвэскія ўлады паведамілі, што ў чатырох чалавек ва ўзросьце да 50 гадоў пасьля прышчэпкі AstraZeneca была ў крыві незвычайна нізкая колькасьць трамбацытаў . Гэта магло прывесьці да моцнага крывацёку.

Ірляндыя і Нідэрлянды таксама абвясьцілі, што прыпыняюць выкарыстаньне вакцыны AstraZeneca. «Мы заўсёды павінны праяўляць асьцярожнасьць, таму разумна націснуць кнопку паўзы ў якасьці меры засьцярогі», — сказаў Хуга дэ Ёнг, міністар аховы здароўя Нідэрляндаў.

Нямецкія ўлады спачатку заявілі, што будуць працягваць вакцынацыю, але затым прыпынілі яе пасьля новых паведамленьняў аб утварэньні тромбаў. За імі рушылі Францыя, Італія, Гішпанія.

У адказ на прыпыненьне выкарыстаньня вакцыны AstraZeneca заявіла, што ўважліва вывучыла дадзеныя аб 17 млн чалавек, прышчэпленых па ўсёй Эўропе, і выявіла, што тромбы разьвіліся ў 37 асобаў. У паведамленьні гаворыцца, што «сьведчаньняў падвышанай рызыкі» зьяўленьня тромбаў няма ў ніводнай з груп пацыентаў. «Гэта нашмат менш, чым можна было б чакаць у натуральных умовах сярод насельніцтва такога памеру і пасьля прышчэпак іншымі ліцэнзаванымі вакцынамі супраць COVID-19», — заявілі ў кампаніі.

Ці даказаная сувязь паміж прышчэпкай і ўтварэньнем тромбаў?

Не. Эўрапейскае агенцтва па лекавых сродках заяўляе, што «няма ніякіх зьвестак пра тое, што вакцынацыя выклікала гэтыя станы». Рэгулюючы орган ЭЗ заявіў, што яго расьсьледаваньне працягваецца і праводзіцца «пільны аналіз» усіх дадзеных. Перавагі вакцыны AstraZeneca пераважылі магчымыя пабочныя эфэкты, дадалі ў ведамстве.

У Вялікай Брытаніі было ўведзена 11 мільёнаў доз вакцыны AstraZeneca — больш, чым у любой іншай краіне, — і тромбы ўтварыліся ў больш як 10 пацыентаў.

Вакцынацыя ў многіх краінах пачалася з найбольш уразьлівых груп, якія з большай верагоднасьцю ўжо маюць праблемы са здароўем. Гэта можа абцяжарыць дасьледаваньне таго, ці зьвязанае ўтварэньне тромбаў з канкрэтнай вакцынай.

Згусткі крыві, якія ўтвараюцца ў руках, нагах ці дзе-небудзь яшчэ, могуць вырвацца на свабоду і трапіць у сэрца, мозг або лёгкія, выклікаць інсульт, сардэчны прыступ або сьмяротную блякаду крывацёку.

Чаму тады краіны прыпынілі вакцынацыю?

Кожны раз, калі вакцыны набываюць шырокі распаўсюд, навукоўцы паведамляюць пра некаторыя праблемы са здароўем у пацыентаў і нават сьмяротныя выпадкі — проста таму, што прышчэпкі атрымліваюць мільёны людзей. Пераважная большасьць праблем у выніку не зьвязаная з вакцынай, але паколькі вакцыны COVID-19 усё яшчэ экспэрымэнтальныя і няма доўгатэрміновых дадзеных, навукоўцы павінны дасьледаваць кожны магчымы неспадзяваны пабочны эфэкт прышчэпак.

Галоўны навуковы супрацоўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Сум’я Свамінатан заявіла, што супрацоўнікі агенцтва аховы здароўя ААН «ня хочуць, каб людзі панікавалі» на фоне гэтых справаздач. Яна адзначыла, што ў сьвеце было ўведзена ўжо 300 млн доз вакцыны супраць каранавірусу ад розных вытворцаў, і не зарэгістравана ніводнай сьмерці, выкліканай менавіта прышчэпкай.

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя і Эўрапейскае агенцтва па лекавых сродках лічаць, што краінам варта працягваць вакцынацыю і што невялікія рызыкі вакцынацыі нашмат пераважаюць любую патэнцыйную шкоду.

«Бясьпека насельніцтва заўсёды будзе на першым месцы, — сказаў брытанскі рэгулятар па кантролі за лекамі. — Людзі ўсё роўна павінны ісьці і атрымліваць вакцыну ад каранавірусу, калі іх пра гэта просяць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG