На патрабаваньне КДБ. Звольніўся адзін з кіраўнікоў індустрыяльнага парку «Вялікі камень» пад Менскам

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк

З кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» звольніўся першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Ігар Ляшчонак. У ягонай заяве адзначаецца, што гэта зроблена «на патрабаваньне КДБ».

«Яшчэ адзін доказ масавых звальненьняў па „сьпісах“ з Камітэту дзяржбясьпекі, — піша тэлеграм-канал «МотолькоПомоги». 9 сакавіка з індустрыяльнага парку „Вялікі камень“ звольнены Ігар Ляшчонак. Не апошні чалавек. Самае важнае, што звальненьне ўзгаднялася з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам. А пра патрабаваньне КДБ ён сам напісаў у сваёй заяве».

Што стала падставай для звальненьня, былы топ-мэнэджар не ўдакладняе. Свае палітычныя погляды ў часе прэзыдэнцкай кампаніі публічна ён не агучваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у парку «Вялікі камень» адзначылі 70-годзьдзе ўтварэньня КНР. Фота

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» створаны ў адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам ад 5 чэрвеня 2012 году. Мае статус асобнай тэрытарыяльнай адзінкі са спэцыяльным прававым рэжымам на 50 гадоў. Знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне, агульная плошча перавышае 100 квадратных кілямэтраў.

Канцэпцыя індустрыяльнага парку — стварэньне новага «экагорада», у якім спалучаецца вытворчая, жылая, адміністрацыйная інфраструктура.

Рэзыдэнтамі зьяўляюцца прыкладна паўсотні кампаній, большая частка з кітайскім капіталам.