У Эўразьвязе хочуць зьмякчыць танальнасьць адносінаў з Масквой

Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы Жузэп Бурэль і міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў у Маскве, люты 2021

Агенцтва Bloomberg паведаміла, што некаторыя высокапастаўленыя эўрапэйскія чыноўнікі, у тым ліку і зь Нямеччыны, патрабуюць адмовіцца ад «ваяўнічай стратэгіі» ў адносінах у Масквой.

У час, калі рыхтуецца новая стратэгія ЭЗ па Расеі, некаторыя высокапастаўленыя эўрапейскія чыноўнікі, у тым ліку зь Нямеччыны, у прыватных перамовах настойваюна пераходзе да «менш ваяўнічаага» тону ў дыялёгу з Масквой, паведамляе DW са спасылкай на агенцтва Bloomberg.

Аднак іншыя эўрапейскія дзеячы перакананыя, што адмова ад жорсткай пазыцыі пагоршыць сытуацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея высылае трох дыпляматаў краінаў ЭЗ. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту

Паводле Bloomberg, амбасадар ЭЗ у Маскве, нямецкі юрыст і дыплямат Маркус Эдэрэр, падчас вячэры зь вярхоўным прадстаўніком ЭЗ па зьнешняй палітыцы Жузэпам Бурэлем і іншымі высокапастаўленымі эўрапейскімі чыноўнікамі 8 сакавіка настойваў, што жорсткі падыход да Расеі «састарэў» і празьмерна прывязаны да ўкраінскага канфлікту.

Прэс-сакратар Бурэля Набіла Масралі адмовілася камэнтаваць гэтую сустрэчу, адзначыўшы, што міністры замежных спраў краінаў-членаў Эўразьвязу адзіныя ў тым, што пяць асноўных прынцыпаў у адносінах з Расеяй застаюцца, як і раней, актуальнымі, таксама, як і «неабходнасьць прымяненьня шырокага падыходу да процідзеяньня Расеі, яе стрымліваньня, а таксама ўзаемадзеяньне зь ёй там, дзе гэта неабходна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз падоўжыў санкцыі супраць расейскіх кампаніяў, чыноўнікаў і бізнэсоўцаў

Пад пяцьцю асноўнымі прынцыпамі ва ўзаемаадносінах з Расеяй маюцца на ўвазе поўнае выкананьне мірных пагадненьняў, якія б паклалі канец маштабным баявым дзеяньням на ўсходзе Ўкраіны, умацаваньне сувязяў з былымі суседзямі Расеі па Савецкім Саюзе, супрацьстаяньне пагрозам з боку Расеі, а таксама выбарачнае супрацоўніцтва з РФ па такіх тэмах, як барацьба з тэрарызмам.

Прапановы абмеркаваць магчымасьці для «выбарчага супрацоўніцтва з Расеяй» гучалі і на сустрэчы амбасадараў краінаў-членаў ЭЗ 10 сакавіка, піша Bloomberg.

Так, Нямеччына хацела б зрабіць абарону клімату адной са сфэраў для сумеснай працы, а Італія выступіла за эканамічнае супрацоўніцтва. Не выключана, што такія варыянты будуць абмяркоўвацца на саміце ЭЗ, які пройдзе 25-26 сакавіка.

  • У лютым Жузеп Бурель падвергся жорсткай крытыцы пасьля свайго візыту ў Маскву, нягледзячы на сытуацыю вакол арышту апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. Незадаволенасьць шмат каго ў ЭЗ выклікала і тое, што Бурэль ня даў жорсткага адказу на словы міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова пра тое, што ЭЗ зьяўляецца для Расеі «ненадзейным партнэрам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справаздача ЭЗ: Нямеччына — галоўны аб’ект расейскай дэзынфармацыі ў Эўропе