Пра гэта паведамляе Deutsche Welle.
«Ніводную іншую дзяржаву ЭЗ не атакуюць больш актыўна, чым Нямеччыну», — прыводзіць вытрымкі са справаздачы агенцтва dpa. Паводле ацэнкі EEAS, гаворка ідзе пра кампаніі на палітычным узроўні, а таксама ў пракрамлёўскіх сродках масавай інфармацыі.
Як вынікае са справаздачы, у базе дадзеных «ЭЗ vs. Дэзынфармацыя» з канца 2015 году зафіксаваныя звыш 700 падобных выпадкаў. У той жа час у дачыненьні да Францыі гаворка ідзе аб прыкладна 300 выпадках, Італіі — 170, Гішпаніі — звыш 40. У аснову аналізу былі пакладзеныя публікацыі з адкрытага доступу і выказваньні палітыкаў.
«Крэмль стварае мэнтальны вобраз Нямеччыны, у якой толькі некалькі разумных галасоў уплятаюцца ў хор ірацыянальнай русафобіі», — пішуць аўтары дакладу.
Раней вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у міжнароднай палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль выступіў са сьцьвярджэньнем, што сваімі кампаніямі дэзынфармацыі Расея спрабуе ачарніць дэмакратыю Эўразьвязу. У якасьці прыкладу Бурэль прывёў паведамленьні пракрамлёўскіх СМІ пра вакцыны супраць каранавірусу. Паводле яго, Расея спрабуе дыскрэдытаваць заходнія прэпараты і іх вытворцаў, усхваляючы свой уласны.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com