«Каб нават ненаўмысна не падтрымаць злачынствы рэжыму»: Інвэстфонды Даніі пазбавіліся ад дзяржаўных беларускіх аблігацыяў

Тры з чатырох дацкіх інвэстыцыйных фондаў пазбавіліся ад дзяржаўных аблігацыяў Беларусі. Пра гэта паведаміла Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва.

Дацкія інвэстыцыйныя фонды BankInvest, Jyske Invest і Sparinvest прадалі аблігацыі, набытыя перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі, на агульную суму каля 10 мільёнаў эўра.

«Мы пачалі працэс продажу партфэля эўрабондаў Беларусі пасьля выбараў у жніўні 2020, і 4 сакавіка завяршылі працэс. Мы гэта зрабілі, паколькі, паводле нашых ацэнак, сытуацыя ў Беларусі не адпавядае нашым прынцыпам інвэставаньня», — патлумачыў генэральны дырэктар Sparinvest.

Міністар замежных спраў Даніі Епэ Кофад пахваліў інвэстфонды, якія «пачулі сыгнал» і адмовіліся ад дзяржаблігацыяў Беларусі: «Лічу, што мы павінны прыкласьці ўсе намаганьні, каб прадухіліць нават ненаўмысную падтрымку злачынстваў рэжыму Лукашэнкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Народнае антыкрызіснае кіраваньне» зьвярнулася да інвэстараў: «Грошы за эўрабонды пайшлі на рэпрэсіі»

Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва на чале з Паўлам Латушкам пераконвае інвэстыцыйныя фонды, якія перад выбарамі купілі беларускія аблігацыі на $1,2 мільярда, што атрыманыя грошы пайшлі не на рэфінансаваньне зьнешняга доўгу, як гэта было заяўлена, а на рэпрэсіі.

Хто купіў аблігацыі, не паведамляецца.