Як перадае берасьцейскае аддзяленьне Праваабарончага цэнтру «Вясна», судзьдзя Яўген Брэган прызнаў Уладзіслава Яршова вінаватым і прысудзіў два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»), а таксама па 1000 рублёў кампэнсацыі кожнаму зь пяці «пацярпелых» міліцыянтаў (у тым ліку камандзіру берасьцейскага АМАП Максіму Міховічу, які значыцца ў санкцыйным сьпісе Эўразьвязу).
Ва ўлётках, якія Яршоў разьлепліваў у верасьні 2020 году, былі фота міліцыянтаў і тэксты, якія, паводле абвінавачаньня, «супярэчылі агульначалавечай маралі» і былі «выражаныя ў непрыстойнай форме». Таксама ва ўлётках згадвалася, што міліцыянты ўдзельнічалі ў разгонах акцыяў пратэсту.
Той жа судзьдзя два месяцы таму вынес падобны прысуд 28-гадоваму Максіму Сьмірнову — два гады «хатняй хіміі» за рэпост у Telegram са зьвесткамі пра Міховіча, якія палічылі «паклёпам».