Міжнародны алімпійскі камітэт не прызнаў Віктара Лукашэнку старшынём НАК Беларусі

Віктар Лукашэнка

У паведамленьні Міжнароднага алімпійскага камітэту таксама гаворыцца пра непрызнаньне абраньне ў Нацыянальны алімпійскі камітэт Дзьмітрыя Баскава. Яго падазраюць у датычнасьці да забойства Рамана Бандарэнкі. І Баскаў, і Віктар Лукашэнка будуць выключаныя зь мерапрыемстваў МАК, улучна з Алімпіскімі гульнямі.

У рашэньні гаворыцца пра тое, што высокіх чыноўнікаў ураду Беларусі ня будуць запрашаць і не дадуць ім акрэдытацыі на Алімпійскія гульні. Міжнародны алімпійскі камітэт будзе патрабаваць ад НАК Беларусі і ад фэдэрацый, якія ўваходзяць у НАК, гарантаваць, каб не было палітычнай дыскрымінацыі падчас удзелу беларускіх спартоўцаў у кваліфікацыйных спаборніцтвах і ў адборы каманды на Алімпійскія гульні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка раздаў генэральскія пагоны сілавікам і свайму сыну Віктару, якога звольніў з пасады памочніка па нацбясьпецы

Таксама захоўваюцца ў сіле рашэньні МАК, прынятыя 7 сьнежня 2020 году:

  • Прыпыніць усе фінансавыя выплаты НАК Беларусі, за выключэньнем выплат, зьвязаных з падрыхтоўкай беларускіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў.
  • Папрасіць адпаведныя міжнародныя фэдэрацыі гарантаваць, каб усе беларускія спартоўцы, якія маюць права на ўдзел, маглі ўдзельнічаць у кваліфікацыйных мерапрыемствах да Алімпійскіх гульняў без палітычнай дыскрымінацыі.
  • Прыпыніць любыя перамовы з НАК Беларусі наконт правядзеньня будучых мерапрыемстваў МАК.
  • Папрасіць усіх удзельнікаў Алімпійскага руху паважаць гэтыя захады ў інтарэсах абароны правоў беларускіх спартоўцаў і рэпутацыі Алімпійскага руху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня спрынт, а маратон». Пазытыўная размова з баскетбалісткай Сныцінай аб продажы мэдаля і змаганьні за перамены як каманднай гульні

26 лютага ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі ўпершыню за 24 гады зьмяніўся старшыня. Алімпійскі сход замест Аляксандра Лукашэнкі выбраў ягонага сына Віктара Лукашэнку.

Да гэтага Віктар Лукашэнка быў першым віцэ-прэзыдэнтам НАК. З 1997 году нязьменным кіраўніком НАК быў ягоны бацька.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту стаў Віктар Лукашэнка. Будуць новыя санкцыі МАК?