Грамадзянская супольнасьць выступіла з заявай у падтрымку «Вясны»

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі (справа) у перапынку судовага працэсу.

Арганізацыі грамадзянскай супольнасьці Беларусі выступілі з заявай у сувязі з крымінальным перасьледам пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтру «Вясна» і яго актывістаў.

У заяве, зьмешчанай на сайце цэнтру, праваабарончыя і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці Беларусі выказваюць салідарнасьць зь «Вясной» і яе працай і расцэньваюць крымінальны перасьлед «выключна як перасьлед за актыўную праваабарончую дзейнасьць».

«Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і інстытуцыі публічна выказаць сваю ацэнку з нагоды перасьледу беларускіх праваабаронцаў, у прыватнасьці ПЦ „Вясна“, а таксама выкарыстоўваць разнастайныя спосабы для аказаньня ўплыву, каб зьмяніць сытуацыю. Мы таксама заклікаем міжнародныя праваабарончыя арганізацыі да салідарных дзеяньняў у адносінах да перасьледаваных беларускі калегаў», — гаворыцца ў заяве.

Заяву падпісалі сем арганізацый: Цэнтар прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, арганізацыя «Прававая ініцыятыва», таварыства «Ініцыятыва FORB» і кансультацыйны цэнтар Human Constanta.

  • 5 сакавіка стала вядома, што следчыя органы пачалі крымінальную справу па факце дзейнасці «Вясны». Як паведамілі праваабаронцы на сваім сайце, справу пачалі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). У рамках расьсьледавання праходзяць ператрусы ў офісах рэгіянальных аддзяленьняў, а таксама ў кватэрах сяброў арганізацыі. Акрамя таго, як паведамляюць у «Вясьне», праваабаронцаў выклікаюць на допыты і іншыя працэсуальныя дзеяньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сьледчы камітэт масава выклікаюць на допыты ў справе праваабарончага цэнтру «Вясна»