Украіна мае намер цалкам адвязаць нацыянальную энэргасыстэму ад Беларусі і Расеі

Комплекс лініі электраперадачы, ілюстрацыйнае фота

У 2023 годзе Ўкраіна адлучыць сваю энергасыстэму ад Беларусі і Расеі, каб цалкам сынхранізаваць яе з эўрапейскай.

Пра гэта заявіў выканаўца абавязкаў міністра энэргетыкі гэтай краіны Юры Вітрэнка падчас перамоваў зь літоўскім калегам Дайнюсам Крэйвісам.

«Працэс сынхранізацыі выходзіць на фінішную прамую. У наступным годзе Ўкраіна адасобіццца ад энэргасыстэмаў Беларусі і Расеі, перайшоўшы ў ізаляваны рэжым. У 2023-м адбудзецца поўная сынхранізацыя з ENTSO-E», — прыводзіць словы чыноўніка прэс-служба ўкраінскага Мінэнэрга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна хоча адключыцца ад электрасетак зь Беларусьсю і Расеяй

Юры Вітрэнка пацьвердзіў, што пазыцыя афіцыйнага Кіева палягае ў тым, каб не падтрымліваць імпарт электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі. Цяпер ведамства працуе над мэханізмам, які дазволіць абыходзіцца без яго ў асеньне-зімовы пэрыяд.

Бакі таксама закранулі тэму Беларускай АЭС у Астраўцы на Горадзеншчыне. Літоўскі міністар Дайнюс Крэйвіс назваў станцыю «геапалітычным праектам», які ўяўляе пагрозу для Літвы і Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі дэпутат: 12% электраэнэргіі ўсё роўна прыходзіць у Літву зь Беларускай АЭС. Белэнэрга: «Фэйкі цяпер у трэндзе»

Ён заклікаў праявіць салідарнасьць і спыніць яе далейшае разьвіцьцё. Папярэдне вырашана, што будзе ўтвораная сумесная рабочая група для абмену інфармацыяй пра БелАЭС.