Вялікая Брытанія плянуе ўзмацніць падтрымку беларускіх студэнтаў, СМІ і грамадзянскай супольнасьці

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота

Каардынацыйная рада па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу атрымала афіцыйны ліст ад міністра Вялікай Брытаніі ў справах Эўрапейскага суседзтва і Амэрыкі Уэндзі Мортан у адказ на зварот групы па адукацыі КР.

Як паведамляе КР у сваім тэлеграм-канале, Мортан адзначыла, што ўрад Вялікай Брытаніі заклікаў і заклікае цяперашнюю ўладу Беларусі спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да пратэстоўцаў і незалежных СМІ, а таксама прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у парушэньнях.

«Урад Вялікай Брытаніі зацікаўлены ў павелічэньні падтрымкі і разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці Беларусі, незалежных СМІ і адукацыйных інстытутаў у Беларусі», — напісала Мортан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія папоўніла санкцыйны сьпіс у адносінах да беларускага рэжыму

Адзначаецца, што Вялікая Брытанія была сярод першых краінаў, якія апэратыўна зрэагавалі на рэпрэсіі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Брытанскі ўрад садзейнічае разгляду пытаньняў па Беларусі ў агенцтвах ААН для таго, каб падтрымаць эканамічнае разьвіцьцё краіны, лідэрскі патэнцыял жанчын і садзейнічаць абароне ўразьлівых груп насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тартускі ўнівэрсытэт абвясьціў конкурс на стыпэндыі для беларускіх студэнтаў

Вялікая Брытанія таксама мае намер падтрымаць акадэмічную супольнасьць Беларусі. «Мы ведаем пра цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца студэнты і выкладчыкі, якіх перасьледуюць за імкненьне да дэмакратыі ў Беларусі. Мы працуем над пашырэньнем падтрымкі для студэнтаў і адукацыйных устаноў у Беларусі і шукаем магчымасьці павялічыць колькасьць стыпэндый Chevening для беларусаў», — падкрэсьліла брытанскі міністар у справах Эўрапейскага суседзтва і Амэрыкі.