Віцябляніна асудзілі на год «хіміі» за «зьдзек» зь дзяржаўнага сьцяга

Дзяржаўны сьцяг, ілюстрацыйнае фота

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску асудзіў 24-гадовага грамадзяніна Ш. на 1 год абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Як паведамляе сайт Вярхоўнага суду, маладога чалавека прызналі вінаватым паводле артыкула 370 Крымінальнага кодэксу.

Згодна з судовым рашэньнем, абвінавачаны ў стане алькагольнага ап’яненьня знаходзіўся каля крамы «Веста» ў Віцебску. На вачах у сьведак ён дастаў з насьценнага кранштэйна флягшток зь дзяржаўным сьцягам і дэманстратыўна кінуў яго на зямлю. У выніку наверша флягштока разьбілася. Маёмасную шкоду крама ацаніла ў 21,77 рубля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За спалены дзяржаўны сьцяг хлопца і дзяўчыну пакаралі годам «хатняй хіміі»

Вярхоўны суд паведамляе, што грамадзянін цалкам прызнаў віну, «чыстасардэчна раскаяўся і пакрыў шкоду».