Украіна на пасяджэньні ў ААН зьвярнулася да ўладаў Беларусі і Расеі

Эмінэ Джапарава

Першая намесьніца міністра замежных справаў Украіны Эмінэ Джапарава, выступаючы ў часе абмеркаваньня справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет аб сытуацыі ў Беларусі, заявіла аб падтрымцы жаданьняў беларускага народу да дэмакратычных зьменаў.

«Украіна заклікае Менск нарэшце пачуць голас людзей, забясьпечыць справядлівасьць і эфэктыўныя сродкі абароны ахвяр», – заявіла Эмінэ Джапарава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Беларусі ў ААН заявіў, што ў Менску пратэстуе 100, максымум 200 чалавек

Як паведамілі ў прэсавай службе МЗС Украіны, Эмінэ Джапарава таксама асудзіла «праявы дэструктыўнай ролі Расеі, у прыватнасьці, узурпацыю інфармацыйнай прасторы Беларусі».

«Украіна чарговы раз засьцерагае Расейскую Фэдэрацыю ад умяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі», — падкрэсьліла прадстаўніца МЗС Украіны і пацьвердзіла гатоўнасьць афіцыйнага Кіева падтрымліваць міжнародныя намаганьні дапамагчы Беларусі ў вырашэньні цяперашніх выклікаў.

Паводле МЗС Украіны, большасьць дэлегацый, якія ўдзельнічалі ў абмеркаваньні справаздачы, выказаліся за неабходнасьць падоўжыць маніторынг выкананьня правоў чалавека ў Беларусі, паколькі рэпрэсіі ўзмацніліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: Органы папярэдняга расьсьледаваньня Беларусі атрымалі 4644 скаргі пра ўжываньне сілы і спэцсродкаў сілавікамі