Сваякі асуджаных пасьля выраку Шутаву і Кардзюкову: «У судзьдзі і пракурора дрыжэлі рукі». ВІДЭА

Аляксандар Кардзюкоў на лаве падсудных. Берасьце, 25 лютага.

Сваякі забітага Генадзя Шутава і асуджанага на 10 гадоў Аляксандра Кардзюкова перакананыя, што вырак быў вядомы да пасяджэньня суду.

25 лютага забітага Генадзя Шутава суд Берасьцейскай вобласьці прызнаў вінаватым у супраціве сілавікам «без прызначэньня пакараньня». Відавочцу забойства, сябра Шутава Аляксандра Кардзюкова асудзілі на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьведку забойства Шутава прысудзілі 10 гадоў калёніі

Судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская прызначыла пакараньне, якога і прасіў пракурор Генадзь Буры. Сам Кардзюкоў сваёй віны не прызнаў. Ён і родныя Шутава заявілі, што абскардзяць прысуд.

Пацярпелымі на працэсе выступілі двое вайскоўцаў мар’інагорскага спэцназу (вайсковая частка № 89417 Сіл спэцыяльных апэрацый) — прапаршчык Арсеній Галіцын і капітан Раман Гаўрылаў. Паводле матэрыялаў справы і прызнаньняў самога Гаўрылава, менавіта ягоны стрэл зь пісталета Макарава стаў сьмяротным для Шутава.

Дачка забітага Анастасія Баранчук, якая абараняла загінулага бацьку ў судзе, не хавае расчараваньня такім выракам суду. Яна сказала, што спадзявалася на апраўдальны вырак, але гэта «так і засталося спадзяваньнямі». Яна ўпэўнена, што прысуд быў вядомы судзьдзі загадзя.

Сястра асуджанага Кардзюкова, Марыя Парыйчук, назвала суд «цыркам».

«Судзьдзя дрыготкім голасам зачытала вырак... Як яны далей зьбіраюцца жыць, я ня ведаю. Адзіным прафэсіяналам у гэтым судзе быў наш адвакат. Мяркую, ім самім сорамна за гэты прысуд, але... Страх перамагае».

Трымценьне рук бачыў і праваабаронца Раман Кісьляк, які прысутнічаў на судзе. Ён згадаў просьбу пракурора Бурага ўдзельнічаць у спрэчках седзячы з гэтай прычыны. Кісьляк апісаў суд як спробу выконваць спаборніцтва бакоў, аднак паседжаньне «не адпавядала крытэру незалежнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьведку забойства Шутава прысудзілі 10 гадоў калёніі

Што адбылося

Берасьцеец Генадзь Шутаў загінуў ад агнястрэльнага раненьня, якое атрымаў позна ўвечары 11 жніўня, падчас акцыі пратэсту ў абласным цэнтры. Відавочцам падзей стаў яго сябар Аляксандар Кардзюкоў. Пасьля канфлікту зь дзьвюма асобамі (на судзе стала вядома, што гэта вайскоўцы-спэцназаўцы Гаўрылаў і Галіцын), які скончыўся для Шутава агнястрэльным раненьнем у патыліцу, Кардзюкову ўдалося ўцячы. Яго затрымалі 14 жніўня. Кардзюкоў пасьпеў расказаць свайму суседу па гаражах, што схаваўся ад сілавікоў пад бальконам аднаго з дамоў на Маскоўскай вуліцы.

Пасьля затрыманьня Аляксандра Кардзюкова перавялі ў СІЗА № 1 Менску і абвінавацілі паводле часткі 2 артыкула 363 Крымінальнага кодэксу («Супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных спраў альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадзянскі парадак»). Празь некалькі месяцаў абвінавачаньне Кардзюкову перакваліфікавалі на частку 2 артыкула 139 КК — «замах на забойства».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На судзе ў справе Шутава стала вядома, хто загадаў выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў

Што стала вядома падчас суду

  • На судзе назвалі імя забойцы Генадзя Шутава.
  • Расказалі пра падрабязнасьці ўдзелу вайсковага спэцназу ў разгоне пратэстаў.
  • Вайскоўцы ў цывільным ня толькі мелі пры сабе зброю, але і ўдзельнічалі ў пратэстах пад выглядам звычайных людзей.
  • Вайсковец, які забіў Шутава, падпарадкоўваўся камандзіру АМАП, які быў добра знаёмы з самім Шутавым.
  • Працэс быў адкрытым, нягледзячы на хадайніцтвы пракурора і спэцназаўцаў.
  • Адзіны цывільны сьведка забойства Шутава не пацьвердзіў словаў вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі сілавікі пераходзяць на іншы бок. Пагутарылі з дасьледчыкам, які аналізаваў пратэсты за 200 гадоў

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.