У штабе Ціханоўскай ацанілі, якую эканамічную дапамогу атрымае Беларусь, калі правядзе сумленныя выбары

Алесь Аляхновіч

Штаб Ціханоўскай расказаў пра апошнія перамовы з эўрапейскімі банкамі. Сярод плянаў Эўразьвязу прыняцьце пагадненьня аб прыярытэце супрацы зь Беларусьсю.

Прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч расказаў, на якую фінансавую і эканамічную падтрымку можа разьлічваць Беларусь пасьля дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў.

Аляхновіч адзначыў, што ў праекце пляну Эўразьвязу «шмат карысных прапаноў для эканомікі Беларусі». Да іх адносяцца:

  • значнае павелічэньне фінансаваньня прыватнага бізнэсу і буйных інфраструктурных праектаў праз Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) і Эўрапейскі інвэстыцыйны банк (ЭІБ);
  • разьвіцьцё энэргетычных, экалягічных і іншых трансгранічных і бізнэс-праектаў у межах Усходняга партнэрства;
  • прыняцьце пагадненьня аб прыярытэтах партнэрства Беларусі і ЭЗ;
  • падтрымка новай праграмы стабілізацыі Беларусі з МВФ, уключаючы дадатковае фінансаваньне ЭЗ праз мэханізм «макрафінансавай дапамогі»;
  • падтрымка ўступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю;
  • тэхнічная дапамога Беларусі ў распрацоўцы рэгулятарных і галіновых рэформаў з удзелам Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (АЭСР), Сусьветнага банку і ЭБРР;
  • бязьвізавы рэжым для беларусаў.

На думку Аляхновіча, Эўразьвяз і эўрапейскія банкі не адзіныя, хто гатовы дапамагчы Беларусі. Можна разьлічваць таксама на дапамогу МВФ, Сусьветнага банку, «многіх дэмакратый», а таксама міжнародных інвэстараў і беларускай дыяспары. Усё гэта дазволіць аднавіць эканоміку Беларусі пасьля таго, як адбудуцца палітычныя зьмены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будзе распродаж «фамільнага срэбра» Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка пра санкцыі: ня дасьць грошай Захад, знойдзем у Расеі і Кітаі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін мільярд даляраў у цэмэнт, другі — у дрэваапрацоўку. Як дзяржава траціла грошы на стратныя заводы