TUT.BY, Onliner, БелаПАН адмовілі ў праве асьвятляць працэс над Кацярынай Барысевіч

Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч

Журналістам TUT.BY, Onliner, «„Комсомольской правде“ в Беларуси», БелаПАН і Office.life адмовілі ў акрэдытацыі на працэс над журналісткай TUT.BY Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным, якіх 19 лютага будуць судзіць за разгалошваньне інфармацыі пра стан Рамана Бандарэнкі.

Пра гэта паведаміў партал TUT.BY.

Пра адмову ў акрэдытацыі заявіла журналістам памочнік старшыні суду Маскоўскага раёну Менску Марыя Грышчанкова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістак «Белсату» Андрэеву і Чульцову пакаралі 2 гадамі турмы за стрым з «плошчы Перамен». ФОТА і ВІДЭА

У якасьці прычыны яна назвала «абмежаванасьць месцаў у залі судовага пасяджэньня і меры па недапушчэньні распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі».

Паводле яе, акрэдытавана «дастатковая колькасьць СМІ, каб забясьпечыць галоснасьць судовага пасяджэньня». Марыя Грышчанкова адмовілася паведаміць, якія менавіта СМІ акрэдытаваныя на працэс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці забітага Рамана Бандарэнкі зможа трапіць на суд над Барысевіч і Сарокіным толькі як звычайная наведніца

Варта нагадаць, што 16 лютага на працэс над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай не пусьцілі нікога, акрамя супрацоўнікаў ОНТ і СТВ. Днём пазьней, 17 лютага, на суд над топ-мэнэджарамі «Белгазпрамбанку», у тым ліку над Віктарам Бабарыкам, дапусьцілі толькі журналістаў беларускіх дзяржаўных СМІ і расейскіх інфармагенцтваў.

Арцёма Сарокіна і Кацярыну Барысевіч абвінавачваюць у «разгалошваньні мэдычнай таямніцы, якое прывяло да цяжкіх наступстваў» (арт. 178 ч. 3 КК). Абвінавачаным пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі. Кацярына са спасылкай на лекара і мэдычныя дакумэнты напісала, што на момант паступленьня ў шпіталь у крыві Рамана Бандарэнкі не было выяўлена этанолу. Сьледчы камітэт і Аляксандар Лукашэнка заяўлялі, што памерлы Раман Бандарэнка быў пʼяны.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка

  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».