У Чэхіі — першая заява на беларускіх сілавікоў за катаваньні

Катаваньні на Акрэсьціна

Адвакат беларуса, які вінаваціць амапаўцаў у катаваньнях, падаў у Цэнтральную ўправу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю Чэскай Рэспублікі заяву аб злачынствах, да якіх, паводле пацярпелага, меў непасрэднае дачыненьне начальнік горадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч.

У Чэхіі гэта першая пададзеная заява аб гвалтоўных дзеяньнях беларускіх сілавікоў, на падставе якой можа быць распачатая крымінальная справа. Раней паведамлялася, што ў Чэхіі да падачы паводле ўнівэрсальнай юрысдыкцыі падрыхтаваныя ўжо 10 заяваў. Нагадаем, што ў межах чэскай мэдычна-гуманітарнай праграмы праходзяць рэабілітацыю больш за 50 чалавек зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве, Польшчы і Чэхіі рыхтуюцца 23 новыя справы па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі супраць Лукашэнкавых сілавікоў

Адвакат беларуса Аляксей Крэнке паведаміў Радыё Свабода:

«Сёньня нашым адвакацкім бюро па просьбе кліента, які сур’ёзна пацярпеў ад рук прадстаўнікоў сілавых структур Беларусі, у Цэнтральную ўправу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю Чэскай Рэспублікі пададзенае паведамленьне аб учыненьні цэлага шэрагу цяжкіх крымінальных злачынстваў супраць чалавечнасьці.

«Марш справядлівасьці», Горадня, 20 верасьня. Камандзір горадзенскага АМАПу Віктар Краўцэвіч затрымлівае пратэстоўца.

У гэтым паведамленьні пацярпелы ў дэталях інфармуе пра факты нялюдзкіх зьдзекаў і катаваньняў, якія над ім учынілі супрацоўнікі АМАПу Горадні ў жніўні 2020 году, называючы канкрэтных асобаў. Гэтыя факты пацьвярджаюцца паказаньнямі сьведак і іншымі доказнымі матэрыяламі.

Факты, апісаныя ў паведамленьні нашага кліента, сьведчаць пра дзеяньні, якім няма месца ў цывілізаваным грамадзтве. Чэскі крымінальны кодэкс прадугледжвае магчымасьць перасьледу паводле прынцыпу ўнівэрсальнасьці такога тыпу злачынстваў на тэрыторыі Чэхіі, незалежна ад таго, у якой краіне яны былі ўчыненыя. Мы разьлічваем, што сьледчыя органы Чэскай Рэспублікі возьмуць справу на разгляд».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці могуць у іншых краінах завесьці справы на беларускіх сілавікоў. Тлумачыць адвакат

Пацярпелы, які пажадаў захаваць ананімнасьць, верыць, што злачынцаў пакараюць:

«Той, хто ў XXI стагодзьдзі ўтрымлівае ўладу пры дапамозе гвалту, паказвае сваю слабасьць. Выконваць бяздумна загады, сьцьвярджацца за кошт мірных людзей, прыніжаючы іх — гэта садызм. У свабоднай Беларусі такога быць ня можа! Веру і ведаю, што патрэбны час і сілы, каб пакараць тых, хто даваў загады і іх выконваў. Але гэты дзень абавязкова прыйдзе!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як дзьве беларускі дапамаглі вывезьці лячыцца ў Чэхію каля 40 параненых

Прадстаўніца Гуманітарнага кансыліюму, які са жніўня дзейнічае ў Чэхіі для аказаньня гуманітарнай дапамогі пацярпелым і рэпрэсаваным зь Беларусі, патлумачыла, чаму для падачы абралі 7 лютага:

«Сёньня беларускі і беларусы па ўсім сьвеце выказваюць сваю салідарнасьць зь беларускім народам, зь Беларусьсю. Мы як Гуманітарны кансыліюм салідарныя перадусім з пацярпелымі ад гвалту з боку беларускіх сілавікоў. Заявы, якія цяпер падаюцца ў краінах Эўразьвязу, маюць на мэце прыцягнуць да адказнасьці людзей, якія думаюць, што ў іх ёсьць карт-блянш на гвалт і ім за гэта ніколі нічога ня будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камандзір горадзенскага АМАПу ўласнаручна затрымлівае пратэстоўца. ФАТАФАКТ

Як вядома, у Беларусі супраць сілавікоў не было распачата ніводнай крымінальнай справы. Дзясяткам ахвяраў, якія спрабавалі дамагчыся справядлівасьці на радзіме, было адмоўлена ў базавых правах. Сотні ахвяраў дагэтуль маўчаць. Пададзенае сёньня ў Чэхіі паведамленьне аб крымінальным злачынстве — гэта і салідарнасьць з тымі, хто пакуль ня можа гаварыць альбо каму было адмоўлена ў голасе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраільцянін, які перажыў катаваньні з боку сілавікоў у Менску, падаў заяву ў паліцыю Ізраілю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Беларусі абвінаваціла Літву ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы