Да 6 гадоў зьняволеньня. Пяць чалавек пакаралі за пашкоджаньне аўтамабіля жонкі міліцыянта

Ілюстратыўнае фота

У сваіх выступах у судзе мужчыны ня выключылі, што ў іхнай групе былі міліцыянты.

Суд Менскага раёну 3 лютага вынес прысуды ў крымінальнай справе супраць пяці мужчын, якіх затрымалі 29 верасьня ў Баравой. Іх абвінавацілі ў групавым пашкоджаньні аўтамабіля жонкі міліцыянта, піша «Вясна».

У пратаколе гаворыцца, што пяць падазраваных «пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзьвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў». Крымінальная справа кваліфікаваная паводле ч. 2 арт. 339 КК «злоснае хуліганства». Матэрыяльная шкода машыне склала 5 222 рублёў 88 капеек. Акрамя гэтага, абвінавачаных асудзілі за рэчывы і прадметы, якія сілавікі знайшлі пры ператрусах у іх дамах і машынах пасьля затрыманьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі ў палоне ў аднаго чалавека, які заяўляў пра свае злачынствы». Палітвязьня Дубкова асудзілі на 7 гадоў

Судзьдзя Віктар Шаўцоў вынес наступныя прысуды:

  • 31-гадоваму беспрацоўнаму Ягору Яўстратаву — ч. 2 арт. 339, ч. 1 арт. 295-3 (Незаконныя дзеяньні з прадметамі, дзеяньне якіх заснаванае на выкарыстаньні гаручых рэчываў) — 3 гады калёніі агульнага рэжыму;
  • 28-гадоваму развозчыку піцы Паўлу Сахарчуку — ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 296 (Незаконныя дзеяньні з халоднай зброяй) — 2 гады і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму;
  • 32-гадоваму работніку мэтро Арцёму Анішчуку — ч. 2 арт. 339 — 2 гады калёніі агульнага рэжыму;
  • 32-гадоваму работніку піцэрыі Андрэю Нячыпару — ч. 2 арт. 339 — 3 гады калёніі агульнага рэжыму;
  • 39-гадоваму трэнэру ў каратэ Антону Быкоўскаму — ч. 2 арт. 339, арт. 329 (Незаконны пасеў расьлін альбо грыбоў, якія зьмяшчаюць наркатычныя сродкі), ч. 1 арт. 328 (Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў) — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама мужчыны мусяць выплаціць 1000 рублёў па пазове супрацоўніка МУС Аляксандра Гейца, якога суд прызнаў пацярпелым, і маральную шкоду на суму 3000 рублёў.

У судзе мужчыны паведамлялі, што ў пашкоджаньні аўтамабіля і пры затрыманьні прысутнічала каля дзевяці чалавек, але на лаве падсудных апынуліся толькі пяць. У матэрыялах справы іншыя фігуравалі як «неустаноўленыя асобы» ці наогул адсутнічалі. На думку абвінавачаных, гэта былі супрацоўнікі сілавых органаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трыма гадамі «хіміі» пакаралі спартоўца, які стаяў у счэпцы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аблава на менскія двары. Увечары затрымалі людзей з Уручча, Новай Баравой і Захаду