Жнівень 2020 – люты 2021. Мы сьведкі. „Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Лекарка і амапавец, pixabay.com

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 —​ лютым 2021 году.

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 —​ лютым 2021 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

„Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП“

Лекарка, Менск:

„Гэта быў звычайны дзень прыёму. Дзесьці пад канец зьмены да мяне прыйшоў пацыент. Прыём я вяла адна, без мэдсястры. Паглядзела яго картку і ўбачыла месца працы — АМАП. Мы ж лекары, па ідэі, павінны бесстароньне ставіцца да пацыентаў. Але мне не хацелася дапамагаць яму абсалютна. Калі б там было нешта экстранае, я была гатовая аказаць дапамогу, хоць і рыпела б зубамі.

Ён прыйшоў пасьля стацыянарнага лячэньня. Я спытала, што турбуе. Аб’ектыўна здароўю нічога не пагражала і нейкіх станаў асаблівых не было. Зразумела, што ва ўсіх у баку сьвярбіць, а ў носе хлюпае, але нічога, што трэба было б лячыць, не было. Пацыент спрабаваў запатрабаваць у мяне бальнічны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Я яму сказала: «Паколькі гэта ня экстраная сытуацыя, то я вымушана вам адмовіць адпаведна сваім перакананьням. Зьвяртайцеся да іншага лекара».

Твар у гэтага амапаўца скамянеў, а вочы, як мне здаецца, пачырванелі. Ён з самага пачатку зразумеў, што за перакананьні — у мяне ж бел-чырвона-белы бранзалет на руцэ. Сказаў: «Разумееце, у мяне праца такая...» Я адказала, што разумею, але раз аб'ектыўна ніякай мэдычнай дапамогі не было патрэбна, я параіла запісацца да іншага лекара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Пацыент не крычаў, не пагражаў, проста бразнуў дзьвярыма і пайшоў, а я працягвала свой прыём. Сэрца калацілася, думала, што зараз наляцяць на працу.

Натуральна, на наступны дзень пацыент з АМАПу пайшоў да галоўнага лекара са сваёй вэрсіяй: ён паміраў, а я, бессардэчная, дапамогі не аказала. У нас заўсёды, калі ёсьць скарга, вінаваты лекар, нават калі пацыент ня мае рацыі. Я спрабавала запярэчыць, але сэнсу гэта ня мела, як і ўсюды ў нас. Мяне пазбавілі месячнай прэміі, а гэта істотная частка зарплаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Калегам я асабліва не расказвала, але ў цэлым паставіліся нармальна. Большасьць людзей супраць улады, але адкрыта гэтага ніхто не гаворыць.

Разумееце, проста я не магу аказваць дапамогу тым людзям, якія б’юць свой жа народ, якому яны прысягу давалі. Нават не ўяўляю, як яны могуць прыходзіць дадому, абдымаць сваіх дзяцей, гатаваць ежу... Проста жывуць звычайным жыцьцём, а на працы такое вытвараюць?!

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мне пасьля гэтага страшна стала. Я і так шарахаюся ад кожнага бусіка, а цяпер — падыходжу да пад’езда, а там мікрааўтобус, якога раней не было. Думаеш: на мне адны шкарпэткі і адны майткі... Што калі забяруць на 15 сутак?.. Я чакаю, што можа быць помста. У нас цяпер толькі законы фізыкі дзейнічаюць.

А я проста не хацела дапамагаць таму чалавеку, які ўдзельнічаў у катаваньнях — ускосна альбо непасрэдна... Улічваючы, што ў мяне таксама «суткі» былі на Акрэсьціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Білі ўсіх. Дзяўчат, мужчын, дарослых жанчын. Пагражалі на бутэлькі саджаць. Размовы мацюкамі, «чэлядзь паднявольная» — гэта самае мінімальнае. У параўнаньні зь іншымі людзьмі я не пацярпела. Пару сінякоў было. Там пры затрыманьні білі без разбору. Павыскоквалі з рэйсавага аўтобуса і сталі хапаць... Хто не пасьпеў уцячы, той я. Білі ў бусе. Гэта ў жніўні ўсё было.

У камэры было два ложкі безь нічога і нас чалавек дваццаць. Тры дні не кармілі, не паілі. З крана цякло нешта накшталт вады. У некаторых дзяўчат месячныя былі: ірвалі на сабе футболкі, каб неяк прыбіраць кроў. Сукамэрніцы ўсе былі пабітыя. Нам яшчэ пашанцавала, што нікога з нас не згвалтавалі, але зь іншых камэр дзяўчат — так. Сэксуальны гвалт быў з ужываньнем дубінак, мне пра гэта расказалі людзі, якім няма падстаў ня верыць.

Хацелася б асобна прывітаньне мэдыкам перадаць, якія працуюць на Акрэсьціна. Як можна не аказваць дапамогу людзям, асабліва тады?! Гэта ж горш за Асьвенцім было! Пераламаюць рукі, ногі, хрыбетнікі, крывацёкі... У мяне ёсьць знаёмыя, якія ў тыя дні на «хуткай» працавалі. Яны гавораць, што іх проста не пускалі, якіх толькі падстаў яны не прыдумлялі, каб людзей забраць. Гэтых лекараў потым знайшлі і пакаралі «суткамі». Цяпер жа прычын для затрыманьня ня трэба.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Я хадзіла на пратэсты дапамагаць людзям. Сяджу ўвечары 9 жніўня, інтэрнэту няма, загадзя падпісалася на SMS-рассылку з навінамі. Я іх чытаю і не магу сядзець дома. Сабрала торбу зь бінтамі, перакісам вадароду, нашатыром — усё, што першае на розум прыйшло. І пайшла адна да стэлы. На жаль, мая торба спатрэбілася. Там і сьвятлашумавыя былі, і раненьні ад гумовых куляў. Бачу, на траве чалавек курчыцца. «Што з табой?» Ён паказвае кроў на назе; хутка перавязала, таблетку абязбольвальнага ў рот. «Можаш ісьці?» Панюхаў нашатыру і пайшоў. Чалавек дваццаць за вечар перавязаць атрымлівалася. Такіх лекараў вельмі шмат было. Ня трэба рабіць зь мяне героя... Я хадзіла 9, 10 і 11 жніўня. І ў апошні дзень мяне затрымалі.

Як спраўляюся? Акрамя палітычнай сытуацыі, у жыцьці ёсьць шмат іншых сфэр. А так — у чаканьні вясны. Я ўпэўнена, што мы пераможам. Ну вось як інакш жыць ?! Цяпер у мяне стадыя ня тое каб бясьсільля... На гэтай сынусоідзе «Нас расстраляюць — мы пераможам» я цяпер у ямцы. Настолькі абурае гэтае ўсё беззаконьне, невыкананьне правоў чалавека, правоў грамадзян. Нават Гітлер у 1933 годзе ставіўся да сваіх людзей больш ляяльны, сваіх не чапаў... У мяне ёсьць блізкія, зь якімі можна падзяліцца, зьняць стрэс.

Так, мы паздымалі шторы правільных колераў, ну а як цяпер? Вось гавораць, што пратэст садзьмуўся. Нічога не садзьмулася. Разумееце, раней гэта быў бурлівы паток, а цяпер суп, што кіпіць пад вечкам у рондлі. Яно бамбане. Людзі ўжо ня змогуць зьмірыцца, пункт невяртаньня пройдзены.

Я часта думаю, што будзе, калі гэты дзень надыдзе. Усе будуць хадзіць абдымацца, у Менск прыедуць беларусы з усіх куткоў сьвету, шампанскае будзе ліцца ракой... Ты проста ня будзеш баяцца выйсьці на вуліцу, калі гэта ўсё скончыцца. Хутчэй бы гэты дзень настаў“.

naviny.by

„Дзеці плакалі, усе вельмі спалохаліся“

Ірына Сурыгіна, маці траіх дзяцей, Бабруйск:

Ірына Сурыгіна

„У пятніцу, 22 студзеня, я прачнулася ў сем раніцы ад слоў 14-гадовага сына: «Мама, што адбываецца? Нехта стукае ў дзьверы». Дома былі сыны, старэйшая дачка начавала ў бабулі.

Стукалі, не перастаючы. Я паглядзела ў вочка — цемра. Падумала, раптам нешта здарылася ў суседзяў, і, як была ў начной кашулі, так і адчыніла дзьверы. Стаяць здаровыя дзядзькі, чацьвёра, па-мойму. Паказалі пастанову на ператрус. Я прасіла даць у рукі — не далі. Што можа прачытаць сонны чалавек? Я ўбачыла ў гэтым дакумэнце, што гаворка ідзе пра нейкую крымінальную справу, нейкія незнаёмыя прозьвішчы, тэлефоны ў вайбэры. Сказала, што не пушчу ў хату, пакуль ня ўстануць дзеці. Мне адказалі, што калі буду ўпірацца — выламаюць дзьверы. Было страшна. Спалохаўся старэйшы сын, ён не разумеў, што адбываецца. Пайшоў у школу, адтуль патэлефанаваў маёй маме. Да таго дня я думала, што ў нас бясьпечна, дзьверы ў тамбуры часта пакідала адчыненымі. Цяпер замыкаюся на ўсе замкі.

Ператрус праходзіў каля дзьвюх гадзін. Яны перагледзелі ўсе паперы, якія знайшлі, усе дзіцячыя фатаздымкі. Забралі бел-чырвона-белую стужку для валасоў, фенечкі, якія я пляла на руку, зьнялі стужачку з сумкі. Забралі тэлефоны. У мяне няма дакумэнта, зь якім я магу атрымаць рэчы назад. Яны мяне так і забралі — сказалі, што трэба зь імі праехаць, каб атрымаць сьпіс канфіскаваных рэчаў.

Я спакойна паехала, ня думаючы, што на некалькі дзён. Я была на бальнічным, на працу мне ня трэба было. Не ўзяла з сабой нічога, нават таблетак, якія прымаю ўвесь час паводле раскладу.

У РАУС Бабруйску я праседзела дзьве з паловай гадзіны, пакуль не пачалі дапытваць. Пыталіся, у якіх чатах у сацсетках знаходжуся, пагражалі крыміналкай, казалі, што дзеці пойдуць у прытулак. Казалі, давай пішы. Што пісаць, незразумела. Паказалі фота зь бел-чырвона-белым сьцягам, на якім была я і яшчэ некалькі чалавек. На допыце мне казалі, што, калі прызнаю сябе на фота, пайду дадому. Я прызнала, што на групавым фатаздымку зь бел-чырвона-белым сьцягам ёсьць я і незнаёмыя мне людзі. Мяне ўсё роўна адвезьлі ў ізалятар: яны расцанілі фатаграфаваньне са сьцягам як пікет. Мне яшчэ намякнулі, што я раззлавала начальства тым, што не назвала людзей, якія былі на фота побач са мной.

У РАУС не кармілі, далі толькі шклянку вады, і каля 23 гадзін павезьлі ў ІЧУ. Там у мяне падняўся ціск, і мяне павезьлі ў шпіталь.

Мне было важна туды трапіць ня толькі празь ціск, але і яшчэ і таму, што ў мяне былі месячныя, не было ніякіх гігіенічных сродкаў. Я папрасіла мне дапамагчы ў лякарні, і там пытаньне вырашылі. Потым у ІЧУ жанчыны ў такой жа сытуацыі адчувалі вялікі дыскамфорт, ім выдавалі вату і марлю. Мне ж на наступны дзень зноў выклікалі «хуткую» дапамогу. Лекарка пачала сварыцца, сказала супрацоўнікам ІЧУ, што ў мяне будзе падымацца ціск бязь лекаў, што мне патрэбны выпісаныя мэдыкамэнты. Тады ўжо яны патэлефанавалі маёй маме, і мне прынесьлі таблеткі.

Пасьцельнай бялізны ў першую ноч ня выдалі, спала на голым ложку, затое было цёпла. Пакармілі першы раз толькі 23 студзеня.

25 студзеня суд, проста ў ІЧУ. Абвінавацілі паводле арт. 23.34 КаАП, судзьдзя Тацяна Тарабуева прысудзіла штраф у памеры 20 базавых велічынь.

Цяпер нашу значок зь лічбамі 23.34. Краіну давялі да таго, што, хто ня быў асуджаны паводле артыкулу 23.34, той, атрымліваецца, не беларус. Мы шмат гадоў не заўважалі, што адбываецца ў Беларусі, як абыходзяцца з людзьмі, цяпер вось убачылі. Сёньня сутнасьць маёй пазыцыі ў тым, што я супраць гвалту, я хачу для сваіх дзяцей свабоднага жыцьця ў краіне, дзе ня ўказваюць, што слухаць, што апранаць.

Яшчэ я цяпер вельмі баюся за дзяцей. Пасьля таго, што адбылося, мне ўжо патэлефанавалі з каледжа, дзе вучыцца дачка, і сказалі рыхтавацца да таго, што сям’ю паставяць на ўлік як праблемную. Некалькі гадоў таму я ўжо атрымлівала такія пагрозы.

Я ўладкавалася на працу ў Маскве вахтавым мэтадам — два тыдні праца па 14 гадзін без выходных і два тыдні дома. Так я адпрацавала тры гады. Інакш пракарміць дзяцей адной было немагчыма. Я і цяпер ледзь спраўляюся — працую ў краме два дні праз два з 11 да 23 гадзін, зарабляю 400 рублёў і яшчэ атрымліваю ад былога мужа 100 рублёў алімэнтаў.

Праца ў Маскве дала магчымасьць ня толькі зьвесьці канцы з канцамі, але выйсьці на новы матэрыяльны ўзровень. Аднак у паліклініцы даведаліся, што дзяцей глядзіць мая пажылая маці, якая зь цяжкасьцю ходзіць, і ўчынілі скандал, абвінавацілі мяне ў невыкананьні бацькоўскіх абавязкаў, прыгразілі забраць дзяцей.

Гэта была мая апошняя вахта ў Маскве, больш я ня езьдзіла. Дзеці даражэйшыя за любыя грошы. Цяпер вось спраўляюся, як магу. У дзяцей у школе бясплатнае харчаваньне, за карыстаньне падручнікамі мы плацім палову цаны. На рамонт клясы ў школе здавала палову таго, што добраахвотна-прымусова зьбіралі. Сёлета не здавала ні на якія падарункі, ні на рамонт. Я пакрыўдзілася. Летась упершыню зьвярталася па сацыяльную дапамогу. Атрымала каля тысячы рублёў. Сказалі, што наступны раз магу зьвяртацца праз паўгода. Так што штраф у памеры 20 базавых — гэта для мяне вялікія грошы“.

naviny.by

„У выканкаме самі ня ведаюць, гэта пікет ці не пікет“

Надзея і Валер, сям’я з Новай Баравой, Менск:

Надзея:

„Тры гады мы з двума дзецьмі жывем у Новай Баравой — новым мікрараёне пад Менскай кальцавой, які мінулай восеньню адзначыўся масавым удзелам жыхароў у пратэстах супраць фальшаваньня выбараў.

Тут цудоўныя людзі — такая салідарнасьць! Нядаўна мы мусілі зьняць два бел-чырвона-белыя сьцягі з «Пагоняй», што віселі на вокнах яшчэ з 15 студзеня. Муж Валер ужо адбыў за іх 10 сутак арышту. На мне яшчэ «вісіць» пратакол за сьцягі, складзены ў сьнежні, таму я не выключаю, што да нас зноў прыйдуць.

Сьцяг у вакне ў Новай Баравой

Пятніца. Муж працуе дыстанцыйна, быў дома. Я ў дэкрэце, з малымі дзецьмі. Раптам нехта пачаў моцна грукаць у дзьверы, як тыя паліцаі ў фільмах пра вайну. Аказалася, нейкія людзі ў цывільным. Адчыняем — называюцца супрацоўнікамі крымінальнага вышуку зь Менскай раённай управы міліцыі. Потым сказалі, што калі б яшчэ хвіліну ім не адчынілі, пачалі б ламаць дзьверы. Чаму? А за сьцяг у вакне. Прымусілі сьцяг зьняць, схавалі ў пакунак і забралі мужа з тым пакункам у райаддзел. Нібыта толькі на размову з начальнікам, а другім сьцягам нават не зацікавіліся. Той сьцяг яшчэ дзень правісеў у суседнім акне.

Чаму па адміністрацыйнай справе за сьцягі ў вокнах мужам зацікавіўся ажно крымінальны вышук? Мяркую, што проста даручылі затрыманьне тым супрацоўнікам, хто быў у той момант вольны. Бо ўжо на другі дзень мне пазваніў зусім іншы міліцыянт і запатрабаваў ня проста зьняць другі сьцяг, але і даслаць як доказ фота, што «вакно чыстае».

Муж Валер тады сядзеў у раённым ізалятары на вуліцы Скарыны, чакаў суду. Я яшчэ спадзявалася, што могуць даць штраф, і загад неадкладна выканала. Праз два дні, 18 студзеня, Валера судзілі праз скайп, далі 10 сутак.

Яшчэ добра, што ўлічылі — двое малых, а ён адзін кармілец. Таму не 15 сутак, як караюць іншых у нашым квартале за сьцягі. У нашым квартале «Сасновы» за сьцягі ў вокнах пакаралі арыштамі ўжо 4 жыхароў“.

Валер:

„Я працую праграмістам. За адсутнасьць цягам 10 дзён на працы непрыемнасьцяў у мяне ня будзе. У нас усё разумеюць. Дамовіліся, што напішу заяву пра адпачынак за свой кошт.

З пабачанага і перажытага цягам 10 дзён у ізалятары на вуліцы Скарыны найперш згадваю сукамэрнікаў, якія вядуць яўна асацыяльны лад жыцьця — п’юць, бадзяжнічаюць, б’юцца. Я зрабіў выснову, што такіх людзей шмат, і грамадзтва, ня толькі дзяржава, яўна мала робіць, каб ім дапамагчы.

Таксама вельмі ўразіў мяне лёс сукамэрніка Аляксандра — хлопца з Украіны, які празь Беларусь ехаў да сабе на радзіму з Расеі і 8 месяцаў таму быў затрыманы. Аляксандра нібыта чакае экстрадыцыя, але ў ізалятары на Скарыны справа Аляксандра ніяк ня рухаецца. У няволі ён яўна дэградуе, у яго разьвіваецца псыхічнае захворваньне, гэта ўсім бачна, але чамусьці па ягонай справе нічога ня робяць.

Ніводнага ліста за 10 дзён не атрымаў, як і іншыя. І самім пісаць лісты не дазвалялі. Казалі, што нельга, і нічога не тлумачылі. Як выйшаў, даведаўся, што гэта парушэньне. Мяркую, трэба на гэта асобна скардзіцца“.

Надзея:

„Да дэкрэтнага адпачынку я працавала бухгальтарам. Мая прафэсійная звычка ўсё рабіць паводле закону спрацавала і ў пытаньні вывешваньня сьцягоў у вокнах. Я зьвярнулася ў Менскі раённы выканкам, каб патлумачылі, ці будзе такое вывешваньне сьцяга парушэньнем закону.

Мне адказалі, што самі ня ведаюць, гэта пікет ці не пікет, але пры гэтым папярэдзілі, што за несанкцыянаванае пікетаваньне прыцягнуць да адказнасьці паводле закону.

У гісторыі з арыштам мужа было і станоўчае — пераканаліся, якія добрыя суседзі ў нас у Новай Баравой.

Так, у нас было, што разам Новы год сустракалі, грошы ці рэчы зьбіралі, калі трэба каму дапамагчы. Шмат сяброў, аднадумцаў. Але пакуль на сабе гэта не адчуеш, тую салідарнасьць, дык не зразумееш, наколькі гэта важна і карысна. Бо як Валеру пасадзілі, а я засталася адна з малымі дзецьмі, дык мне вельмі дапамагалі. Прадуктаў столькі нанесьлі, што дагэтуль ямо. Перадайце, што мы нашым людзям вельмі за дапамогу ўдзячныя“.

„25 сутак за рукавічкі“

Людміла Паўлоўская, мэдсястра:

Людміла Паўлоўская. Фота «Новы час»

„У мяне зь дзяцінства быў сьветапогляд чалавека, які любіць Беларусь. Мая маці заўсёды любіла беларускую мову, пісала на ёй вершы; калі ішла на працу, пакідала нам запіскі па-беларуску. Для мяне гэта было натуральна. Калі я пайшла вучыцца, гадоў у 18-20 для мяне гэта займела і палітычны смак, бо палітыкай цікавіўся мой бацька. Але для мяне важнейшая ўсё ж нацыянальная ідэя, беларушчына.

Праз гэтую прызму я гляджу і на нацыянальныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». У той жа час я прызнаю, што цяпер немагчыма аддзяліць нацыянальную ідэю ад палітыкі.

Я нават у судзе казала, што вучылася па падручніку ў мяккай вокладцы, на якім быў сьцяг і «Пагоня», для мяне гэта рэальнасьць зь дзяцінства, а ня тое, што раптам прыйшло звонку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Першы раз мяне затрымалі 19 чэрвеня. У той дзень у Менску людзі стаялі ў «ланцугах салідарнасьці» з затрыманымі напярэдадні Віктарам і Эдуардам Бабарыкамі.

Я ішла з працы, усе суседнія станцыі мэтро былі зачыненыя. Убачыла хлопца, якога цягнулі ў аўтазак. У мяне спрацавала жаданьне справядлівасьці, і я пачала крычаць: «Што вы робіце?» Ну і мяне пацягнулі таксама. Затрымалі мяне каля цырка, а ў пратаколе напісалі, што я ўдзельнічала ў акцыі і была затрыманая на плошчы Якуба Коласа.

Ноч я правяла ў РУУСе, а раніцай мяне адпусьцілі. У тыя дні сілавікі яшчэ не паводзілі сябе так жорстка, як пасьля выбараў, таму ўсё адбывалася досыць спакойна. Празь некаторы час адбыўся суд, на якім мяне прызналі вінаватай і прысудзілі 400 рублёў штрафу.

Увечары 9 жніўня я прыйшла да найбліжэйшага да свайго дома выбарчага ўчастка, каб паглядзець, што там адбываецца. Як і паўсюль, на ўчастак не пускалі незалежных назіральнікаў, але позна ўвечары камісія абвясьціла папярэднія вынікі галасаваньня, паводле якіх перамагла Святлана Ціханоўская.

Усе сталі абдымацца, гучалі воплескі. Мы думалі пайсьці ў цэнтар сьвяткаваць, але калі рушылі, нам сталі казаць, каб не хадзілі, бо там страшна. Дайшоўшы да плошчы Мясьнікова, мы вырашылі далей не ісьці, бо нам сталі сустракацца сілавікі, людзі былі напалоханыя.

Але спаць у таю ноч я амаль не магла. Увечары 10 жніўня я выйшла на вуліцу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У мяне іншага варыянту не было, бо мне гэта баліць. Калі я ня выйду, я проста буду сядзець дома і пра гэта думаць, і потым усё роўна пайду. Самая важная прычына — гэта людзі. Калі мы даведаліся пра сьмерці людзей, якія побач, я зразумела, што была ў гэтых месцах, і замест гэтых людзей магла быць я ці нехта з маіх родных, — гэта страшна.

У той вечар я апынулася каля «Рыгі», дзе адбываліся самыя гарачыя падзеі, будаваліся барыкады. Калі ўсё ўжо амаль скончылася, я вырашыла ісьці дадому. Ні транспарт, ні таксі тады не хадзілі, і я пайшла пешшу. Па дарозе ўбачыла, як у кустах сілавікі б’юць чалавека.

Іх было чалавек сем дакладна. Дубасілі так, што ён там роў дзікім ровам. Я думаю, што ў гэты момант кожны зрэагаваў бы. Я закрычала: «Што вы робіце? Вы ж яго заб’яце!» І мяне затрымалі. Гэта было самае страшнае затрыманьне ў маім жыцьці. Сілавікі былі вельмі ўзбуджаныя, неадэкватныя. Яны мяне зацягнулі ў аўтазак, паклалі на падлогу, чамусьці вылілі на мяне ваду з бутэлькі — ня ведаю, навошта. Але ня білі, проста сьмяяліся зь мяне. Пачалі зьдзекавацца і пытацца: «Куды ты засунула свае 20 даляраў?» Потым сталі падносіць хлопцаў, білі іх, крычалі некаму, што засунуць у рот тэлефон, цягалі за валасы і бароды, надзявалі на рукі і ногі плястыкавыя сьцяжкі. Сілавікі сядзелі, паставіўшы на нас ногі, а калі трэба было выбегчы па наступную ахвяру, выбягалі проста па нас. Быццам не заўважалі, што мы пад іхнымі нагамі. Разоў пяць перасаджвалі нас з аўтазакаў у аўтобусы, і я бачыла там шмат крыві на падлозе і на сьценах. Калі я вярнулася дадому, маё адзеньне было ў крыві. Чужой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Прывезьлі ў РУУС, дзе пратрымалі да 12 гадзін наступнага дня, склалі пратакол. Затрыманых хлопцаў павезьлі ў Жодзіна, а мяне адпусьцілі. Потым адбыўся суд, але пратакол быў няправільна складзены і таму справу адправілі на дапрацоўку, дзе яна і зьнікла ў архівах.

Але гэтае затрыманьне ня стала для мяне апошнім. Пасьля маршу 6 верасьня я ішла па набярэжнай Сьвіслачы. Побач ішлі нейкія дзяўчаты, якія ня вельмі добра пажартавалі ў адрас мужчын, што ішлі наперадзе. Я думаю, што гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗіКу.

Тыя азірнуліся і ўбачылі мяне, я была ў нацыянальным адзеньні — у спадніцы і кашулі. І так атрымалася, што мяне ўзялі.

Закінулі ў аўтазак, ноч я правяла ў РУУСе, а пасьля мяне завезьлі на тры дні ў Жодзіна, дзе і адбываўся суд.

Я была ў нейкім жудасным старым корпусе, брудным і без рамонту. Тры дні я фактычна праляжала. Мне было вельмі дрэнна, я была адна ў камэры.

Пратакол на мяне зноў склалі з памылкай і зноў адправілі яго на дапрацоўку, дзе ён і зьнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У адну з субот я гуляла па праспэкце Незалежнасьці з кветкамі. На плошчы Перамогі зрабіла фатаздымак са сьцягам і сышла. Па дарозе да мяне пад’ехалі амапаўцы і затрымалі.

У мяне забралі тэлефон, выцягнулі адтуль гэты фатаздымак, які потым далучылі да справы, і напісалі, што я зьдзейсьніла «аднаасобны пікет масавае мерапрыемства». Гэта нешта накшталт штаноў, якія дэманструюць грамадзянскую пазыцыю.

Суд праходзіў на Акрэсьціна, у пакоі для сартаваньня бруднай і чыстай бялізны.

Я сядзела за сталом, перада мной быў вялікі стос бялізны і стаяў ноўтбук, а ззаду было двое дзьвярэй: адны вялі ў пакой з бруднай бялізнай, другія — з чыстай. І ззаду пастаянна хадзіла жанчына. Я сядзела і думала: вось яна, беларуская судовая сыстэма. Гэта было вельмі сымбалічна.

Гэтым разам мне прысудзілі 12 дзён арышту. Я ня моцна перажывала з нагоды прысуду, адзінае, хвалявалася, што падводжу калег на працы ды прымушаю непакоіцца блізкіх. Пакараньне адбывала спачатку на Акрэсьціна, куды мне нават пасьпелі прынесьці перадачу, а потым у Жодзіна.

Сядзець давялося зь цікавымі разумнымі людзьмі. Мы гулялі, чыталі, размаўлялі. Калі ніхто цябе не чапае, арганізм мабілізуецца і знаходзіць у сабе сілы ўсё перанесьці, таму 12 дзён прайшлі спакойна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Але па-за сьценамі ізалятара спакою не было. Калі я выйшла, у той жа вечар памёр Раман Бандарэнка.

Усё было прасякнута гэтай тэмай, ва ўсіх быў дрэнны настрой. А я выйшла спакойная, нават вясёлая, і не магла зразумець, што здарылася. Як бомба на галаву звалілася гэтая навіна.

Пасьля гэтага пажыць у больш-менш спакойным рэжыме ў мяне атрымалася крыху больш за месяц. 20 сьнежня я ішла па вуліцы Харкаўскай, людзей побач не было. Раптам нібыта зь ніадкуль зьявіўся звычайны пасажырскі аўтобус і спыніўся побач. Адтуль выбеглі некалькі дзясяткаў сілавікоў у зялёнай форме і са шчытамі.

Яны выгрузіліся, нібыта не разумеючы, што ім рабіць, паглядзелі па баках, убачылі мяне і пабеглі ў мой бок. Сказалі: «Зараз мы паглядзім запісы і адпусьцім вас». Што там у іх былі за запісы, я ня ведаю. Мяне завялі ў аўтобус, і ўсярэдзіне мне стала блага. Тое, як яны абыходзіліся, мяне вельмі прыніжала. У мяне быў такі стан — нешта памятаю, нешта ня памятаю. Мяне пачалі выцягваць з аўтобуса і зацягваць у аўтазак. А я не магла ісьці, таму мяне проста пацягнулі па лесьвіцы. Спрабавалі мяне пасадзіць, а я аб’яжджала. Яны сталі крычаць, што я наркаманка і абдзяўбаная. Сталі глядзець на мае зрэнкі — «Паглядзіце, яна ж на дозе!»

Потым амапаўцы, відаць, зразумелі, што адбываецца нешта ня тое. Давалі дыхаць нашатыр, каб я ачулася, але не атрымлівалася. Тады выклікалі «хуткую». Але пакуль чакалі, я апрытомнела, і «хуткую» адмянілі.

Павялі ў РУУС, пачалі ў мяне нешта пытацца, а я не магу адказаць. Тады сталі крычаць: «Ты глуханямая?» А я спрабую нешта сказаць, але не магу. Адзін такі «красавец» (я так разумею, начальнік зьмены), пачаў мяне дражніць і казаць, што ў мяне аргазм. А яго падначаленыя сядзелі і сьмяяліся.

Неўзабаве я крыху акрыяла. РУУС быў для мяне самым непрыемным месцам. Пасьля яго мяне павезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна, дзе адбываўся суд. Мяне абвінавацілі ва ўдзеле ў мітынгу ў іншым месцы: я нібыта ішла са сьцягам і выкрыквала лёзунгі.

Мой сьведка быў у балаклаве, а экран кампутара ў яго стаяў вышэй за ўзровень вачэй, і я бачыла фактычна толькі ягоны лоб і столь. Я спытала ў яго, ува што была апранутая. Ён адказаў: «У бчб-рукавічках». А мае бел-чырвона-белыя рукавічкі былі ў мяне ў торбе, а не на руках. Яны проста фігуравалі ў вопісе рэчаў.

Відаць, за гэтыя рукавічкі судзьдзя ўляпіла мне рэкордны тэрмін — 25 дзён арышту.

Спачатку я плакала, а потым узяла сябе ў рукі, бо ў няволі трэба падтрымліваць адно аднаго. Пасьля двух дзён на Акрэсьціна мяне перавялі ў Жодзіна, таму гэтым разам родныя не пасьпелі зрабіць перадачу.

Дзяўчаты прыдумлялі шмат «лайфхакаў» для паляпшэньня жыльлёвых умоў. Дзьвярэй у прыбіральню не было, таму сукамэрніцы сплялі ланцужок, на які павесілі прасьціну. Грэлі ваду на батарэі, надзявалі цэляфанавыя пакеты на ногі пры паходзе ў душ, дзяліліся адна з адной рэчамі і ежай зь перадач.

Сьвяты таксама давялося сустракаць у турме. Я каталічка, і Каляды 25 сьнежня для мяне прайшлі складана: я прывыкла сустракаць гэтае сьвята зь сям’ёй. Затое сустрэча Новага году была незабыўнай.

З масак для твару зрабілі елачку, а замест шампанскага ў нас былі шыпучыя вітамінкі. Хлопцы ў суседніх камэрах пачалі крычаць «Саша, ты звольнены!» і «Сыходзь!», сьпявалі песьні — гэта так аб'ядноўвала. А яшчэ блізка-блізка пачалі пускаць салюты. Было крута.

А 1 і 7 студзеня мне аддалі некаторыя лісты і паштоўкі, якія дасылалі сябры — відаць, прытрымлівалі да сьвятаў.

Яшчэ да мяне ў камэру прыходзіў супрацоўнік крымінальнага вышуку, але размаўляць зь ім я адмовілася, бо ён не патлумачыў, зь якой нагоды гэтая гутарка і чаму яна адбываецца без адваката.

Тыя 40 дзён, якія агулам я правяла за кратамі, я не лічу выкінутымі з жыцьця, бо сустрэла шмат цікавых людзей, шмат пра што задумалася.

Нават у бытавым сэнсе: я вырашыла, што буду асобна зьбіраць рознае сьмецьце. І ў кожнай сфэры я даведалася пра нешта новае. А яшчэ нават мая мама сказала, што калі не мяне, то затрымалі б каго-небудзь іншага. Значыць, гэта такая вымушаная мера, якую беларусы павінны прайсьці.

Салідарнасьць была літаральна паўсюль. Пачынаючы з «сутак», калі людзі дзяліліся апошнім, каб і іншаму было што зьесьці або апрануць.

Успамінаю пакет «агульных рэчаў», дзе можна было нешта ўзяць, а нешта пакінуць. Ці як яшчэ на Акрэсьціна, стоячы каля сьцяны, дзялілі падзёртую кнігу, каб было хоць на два дні што пачытаць. Лісты і паштоўкі — увогуле асобная тэма. І, вядома, па вяртаньні: родныя, сябры і проста незнаёмыя людзі прапаноўваюць дапамогу, у тым ліку і матэрыяльную. Я ўдзячная ўсім!

Шмат хто гаворыць, што ўяўляе арышт як квэст, тады лягчэй успрымаць. Тут важныя ўзаемадапамога, саступкі, проста добрыя словы. Ты робіш нейкую дробязь, нехта дапамагае табе — вы аб'яднаныя адной мэтай, вы становіцеся блізкімі. І так прывыкаеш да людзей, што, калі выходзіш з «сутак», здаецца, пакідаеш сям’ю. І гумар — ён дае сілы перажыць усё! А яшчэ там файна «заходзіць» Горват, шмат хто казаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Родным, сябрам магу сказаць са свайго досьведу. На дзіва тым, хто за кратамі, лягчэй у нечым. Родныя ж хвалююцца, прыдумляюць сцэнары, бегаюць, вырашаюць пытаньні. Таму галоўная парада родным — падтрымаць чалавека менавіта па вяртаньні, бо тады становіцца цяжка. Так было ў мяне, але гэта мой асабісты погляд.

У мяне дасюль бываюць «флэшбэкі». Я ўсё яшчэ не магу размаўляць пра жнівеньскія падзеі спакойна. Калі нядаўна пачула расповед адной дзяўчыны пра 10 жніўня, прыгадала свой досьвед, і мяне пачало закалаціць, я расплакалася. На міліцыянтаў гляджу з асьцярогай — адразу зьяўляецца пачуцьцё небясьпекі, недавер.

Многія памятаюць, што ў 2017 годзе падчас разгону АМАПам акцыі на Дзень Волі перад сілавікамі на каленях стаяла жанчына. Гэта была я. Тады мяне многія абвінавацілі ў паказушнасьці. Але я чалавек вельмі сьціплы і саромеюся быць навідавоку.

Тады, магчыма, адчувалася больш безвыходнасьці, не было такога духоўнага нацыянальнага ўздыму, як цяпер. На той момант я рабіла гэта шчыра. І я не зьвярталася да АМАПу, я размаўляла з Богам, малілася. А цяпер я думаю, што я б гэтага не зрабіла. Магчыма, я б гэта зрабіла, стоячы ў касьцёле, але не перад вачыма гэтых людзей. Магчыма, гэта няправільна, бо я ўсё роўна даю ім шанец і веру, што ў сілавікоў ёсьць нешта людзкае.

Нават самыя маленькія дзеяньні і словы ўплываюць на агульную сытуацыю. Як сказаў адзін разумны чалавек, трэба рабіць тое, да чаго дацягнецца рука. Цяпер разумееш, што мы, беларусы, ня ведалі і не заўважалі адзін аднаго. Але, хоць і дарагой цаной, мы пабачылі побач сябра, суседа. Аказалася, адносіны людзей важнейшыя за любыя ўмоўнасьці, любыя насаджаныя каштоўнасьці. Ганаруся беларусамі!“

„Новы час“

„Цябе пераконваюць, што ты ніхто, а яны ўлада“

Карына Хацкалёва, рэжысэрка:

„31 студзеня мы зь сябрамі прыйшлі да Акрэсьціна, каб сустрэць свайго сябра, супрацоўніка Белдзяржфілярмоніі Дзяніса Іванова, які правёў там амаль тыдзень. Але Дзяніса я так і ня ўбачыла: з прапановай «правесьці экскурсію па Акрэсьціна» мяне саму закрылі ў ІЧУ.

Карына Хацкалёва

Дзяніса каля брамы ізалятара чакалі я і яшчэ чатыры чалавекі. Непадалёк была кампанія з трох чалавек. Адзін зь іх, як я зразумела, быў журналістам. Спачатку супрацоўнік ІЧУ проста выйшаў і настойліва папрасіў адысьці. Мы спыталі, дзе можна стаць, каб не перашкаджаць нікому, і накіраваліся ў сквэр побач. Але пасьля, як я зразумела, гэты мужчына ўбачыў камэру ў журналіста і зноў прыляцеў да нас. Пачаў штурхаць чалавека з камэрай. Я спытала ў яго: «На якой падставе вы ўжываеце фізычную сілу?» Тады гэты мужчына падышоў да мяне, дастаў свой тэлефон, пачаў здымаць, называў нас «невероятными бл**и». Ëн паклікаў яшчэ двух супрацоўнікаў ІЧУ, і ўжо разам яны ўзялі мяне пад рукі і завялі на Акрэсьціна.

У прыёмнай мяне абшукалі, свайго лёсу я чакала ў «стакане».

Супрацоўнікі ІЧУ некалькі разоў прапаноўвалі «па-бацькоўску» папрасіць прабачэньня перад тым мужчынам, які выходзіў да мяне. Тады б мяне нібыта адпусьцілі. Але я шчыра не разумела, за што павінна была выбачацца. Не разумею і сёньня.

Каб захаваць працэдуру затрыманьня, мяне транспартавалі ў РУУС. Там мяне аформілі, бліжэй да ночы, і зноў вярнулі на Акрэсьціна.

Я проста афігела ад гэтай сытуацыі, гэта быў проста сюррэалізм, які адбываўся са мной. Пазьней я спрабавала адказаць сабе на пытаньне, чаму мяне затрымалі. Тлумачыла гэта тым, што супрацоўнікам Акрэсьціна не спадабалася, што Дзяніса сустракала так шмат людзей. Ім не па душы, што з Акрэсьціна, карнай установы, людзей сустракаюць як герояў. Але гэта, вядома, мае суб’ектыўныя адчуваньні.

У камэры на шэсьць чалавек разам са мной былі 16 жанчын. Сярод іх пэнсіянэрка, мэдыкі, айцішніца, маладыя маці, судмэдэкспэрт, настаўніца. Ніякіх гігіенічных сродкаў нам ня выдалі. Спаць жа празь недахоп нараў давялося на падлозе.

Пачынаючы з РУУС, цябе называюць «недабітым змагаром», намякаюць, што «нам пашанцавала, што цяпер ня жнівень», жартуюць, што могуць падкінуць наркотыкі… Цябе пераконваюць, што ты ніхто, а яны ўлада. Для іх гэта сьмешна, але калі ты знаходзісься там і ня ведаеш, чаго сапраўды чакаць, зусім не да сьмеху.

Толькі на судзе, на другі дзень майго затрыманьня, я даведалася, у чым мяне абвінавачваюць. Сьведка зь міліцыі, якога я бачыла ўпершыню, сьцьвярджаў, што я ладзіла адзіночны пікет з сымболікай і цягам 15 хвілін крычала «Жыве Беларусь!»

Вядома, ніякай сымболікі ў мяне ў вопісе рэчаў не было. А сьведка нават ня змог сказаць, дзе я стаяла.

Пасьля суду і трох дзён утрыманьня на Акрэсьціна мяне выпусьцілі. Пакуль мая справа на дапрацоўцы. Што будзе далей, ня ведаем ні я, ні адвакат.

Рэжысэр Васілій Сігараў у інтэрвію Юрыю Дудзю казаў, што ў іх у Расеі разьвіваецца культура прыніжэньня. Мне здаецца, у нас таксама. Проста той факт, што ты ня ведаеш, дзе парушаеш закон, ужо прыніжае, прымушае баяцца. Затрымаюць цябе ці не — проста справа выпадку. Фабрыка фабрыкаваньня спраў робіць сваю працу. Адзінае, што застаецца нам — гаварыць пра гэта, не замоўчваць. Ну і салідарнасьць. Калі я выйшла, то атрымала вельмі шмат падтрымкі і салідарнасьці, нават ад зусім незнаёмых людзей. Гэта вельмі прыемна. Салідарнасьць — галоўная сіла, якая ў нас сёньня ёсьць“.

„Наша ніва“

„Брата катавалі на Акрэсьціна. Мне было сорамна за сваю форму“

Яўген Траян, старшы лейтэнант памежных войскаў, Смаргоні:

Яўген Траян

„Я служыў старшым афіцэрам аддзела ідэалягічнай работы вучэбнага цэнтру інстытута памежнай службы ў Смаргонях. Восем з паловай гадоў аддаў службе, перад тым як мяне звольнілі за «невыкананьне ўмоваў кантракту», а па факце — за пазыцыю.

Мне мая праца да жніўня прыносіла задавальненьне, я ведаў, што я дапамагаю людзям, быў такім вайсковым івэнт-мэнэджарам: з аднаго боку адказваў за прапаганду, ідэалёгію, інфармаваньне людзей пра службу, краіну і тое, што ад іх патрабуецца; з другога — арганізоўваў сьвяты, культурныя мерапрыемствы, сплавы. Хіба што перад выбарамі адмовіўся расказваць пра Бабарыку і Ціханоўскага — гэта стаў рабіць мой начальнік.

Як «надзейнага», мяне ўзялі назіральнікам на выбары, дзе я зьвярнуў увагу на завышэньне яўкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Быў скандал, выклікалі майго начальніка, потым мне трэба было тэрмінова зьезьдзіць у Менск, я вяртаюся — на маім назіральніцкім месцы ўжо сядзіць мясцовы дэпутат. Пры гэтым на рабоце вырашылі, што я езьдзіў кансультавацца з апазыцыяй ці яшчэ некім.

А вось гісторыя наступных падзей і выніковага звальненьня.

Мая сяброўка Вольга Будай — адна з актыўных жыхарак Смаргоняў. Мне начальства пачало гаварыць, што я, маўляў, ня з тымі сябрую, трэба неяк спыняць камунікацыю. Але сяброў не выбіраюць. Дзе работа, а дзе сяброўства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Чаплялі мяне за падабайкі пад допісамі Радыё Свабода, чыталі мае перапіскі «УКантакце» і Instagram прынамсі.

Але пасьля жніўня служыць мне ўжо стала некамфортна. У ходзе гэтых падзей пацярпелі многія сваякі маіх салдат, бацькі.

Напрыклад, на вядомым фота, дзе на газоне ляжыць чалавек, а над ім з выцягнутымі рукамі спэцназавец, дык чалавек на зямлі — дзядзька нашага салдата. Ён наўпрост спытаў у мяне, што я пра гэта думаю. А што мне сказаць, апроч таго, што так быць не павінна, што гэта незаконна, што гэта бясчынства? Людзі ня могуць абараніць свае правы законнымі шляхамі, а на іх кідаюць войскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Пра такі мой адказ (адказ ідэоляга!) стала вядома кіраўніцтву.

Але і мае ўласныя сваякі пацярпелі. Мой стрыечны брат быў на Акрэсьціна чатыры дні.

Адна справа, калі ты бачыш нейкія відэа, і другая — калі перад табой сіні родны чалавек стогне, ня можа падняцца і кажа, што ён яшчэ лёгка абышоўся. У мяне былі сьлёзы на вачах, што не хапіла мужнасьці выйсьці абараніць яго.

Сорамна было сесьці побач зь ім, бо я нашу форму, а ён пацярпеў ад людзей у форме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мяне пачалі тузаць да начальства. Начальнік мой сказаў: «У мяне двое дзяцей, яны вучацца на платным, не звальняй мяне, калі ласка».

Вядома, зь сябрамі я працягваў кантактаваць, на недзяржаўныя мэдыя як быў падпісаны, так і застаўся.

І з часам, калі ўсё пачало супакойвацца, пачаліся рэпрэсіі. Ня толькі ў дачыненьні да мяне аднаго, але і да іншых супрацоўнікаў.

Я адчуваў, што ідзе да майго звальненьня: пачалі абвяшчаць спагнаньні. За ўсю службу ніводнага не было, толькі заахвочваньні, а тут пачалося.

І вось 6 студзеня выклікалі ў Менск, была жорсткая размова, маўляў, Траяна будзем звальняць, што б ні рабіў, выдалі папярэджаньне аб няпоўнай службовай адпаведнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Ставілі такія задачы, якія я ня мог выканаць; падрыхтаваць загад, які ніколі не рабіў… Набегла пяць спагнаньняў — склікалі камісію на звальненьне.

Падчас яе яшчэ дыялёг такі быў: «Вось прайшло ўжо некалькі месяцаў, ты па-ранейшаму лічыш, што было няправільна зроблена ў жніўні?» Ды вядома ж, я так лічу!

«Значыць, будзем па розныя бакі барыкад, я буду абараняць свой народ», — мне адказвае адзін афіцэр. Я ў шоку: «А што гэта, у нас ужо два нейкія народы зьявілася? Нязгодная большасьць — гэта не беларусы?»

У выніку мяне звольнілі; налічаць, відаць, 39 тысяч штрафу за вучобу ў інстытуце, рахунак яшчэ не прыходзіў. Буду выплочваць, будзе цяжка, нават калі па тысячы ў месяц аддаваць — гэта тры гады.

Сыходзіў я са сьлязьмі на вачах; хтосьці мяне падтрымліваў: і салдаты, і афіцэры. Мае назіраньні — большасьці абыякава, хто ва ўладзе; ёсьць невялікая частка тых, хто спачувае, і яшчэ меншая частка тых, хто гэта ўсё падтрымлівае.

Пра курсантаў нічога не магу сказаць. Яны жывуць у закрытым калектыве, мала што ведаюць. У той час, як нехта зь іх галасаваў за Ціханоўскую, іншыя ўдзельнічалі ў падзеях на вуліцах — адзін злавіў у твар цагліну і страціў зубы. Гэта таксама няправільна, я лічу; я супраць усякага гвалту“.

„Наша ніва“

„Міліцыя цісьне на нас праз органы апекі“

Вольга Захарава, Магілёў:

Вольга Захарава

„Прыстойныя сем’і ў нас могуць стаць «праблемнымі», калі бацькі ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту супраць Лукашэнкі. Міліцыя цісьне на нас праз органы апекі.

У канцы мінулага тыдня я нарэшце атрымала выпіску з пратаколу паседжаньня савету прафіляктыкі безнагляднасьці і правапарушэньняў непаўналетніх. Камісія сярэдняй школы №35, дзе вучыцца мая адзінаццацігадовая дачка, вырашыла, што ў майго дзіцяці ўсё добра. Але гэтага заключэньня давялося чакаць больш за месяц.

Я замужам ужо трынаццаць гадоў; у нас свая кватэра, лецішча, кожны год сям’ёй езьдзім у адпачынак на мора — па мясцовых мерках вельмі нават прыстойная сям’я. Аднак мая палітычная актыўнасьць рэзка зьмяніла стаўленьне мясцовых уладаў да нас — міліцыя пачала нас перасьледаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Пры праверцы «на дабрабыт» было зроблена шэсьць запытаў. Разьлікова-касавы цэнтар даў даведку, што запазычанасьцяў у камунальных плацяжах у нас няма; у наркалёгіі ніхто з нас на ўліку не стаіць, у міліцыю прывадаў не было і на працы ў бацькоў праблем няма.

А самым непрыемным момантам стала нечаканае зьяўленьне школьнай камісіі ў нас дома. Адразу пяць чалавек на чале з намесьнікам дырэктара аднойчы ўвечары прыйшлі праверыць, у якім стане знаходзіцца наша кватэра, ці ёсьць спальнае месца ў дачкі і дзе яна робіць урокі. А яшчэ яны зазіралі ў лядоўню і шафы з прадуктамі.

Падставай для такой своеасаблівай праверкі стаў ліст намесьніка начальніка Ленінскага РАУС Магілёва Аляксандра Пушына ў аддзел адукацыі райвыканкаму. У ім Пушын адкрыта ўказаў на палітычны характар таго, што адбываецца («грамадзянка бярэ актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах») і запатрабаваў «прыняцьця мер прафіляктычнага ўзьдзеяньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Ліст быў перанакіраваны з аддзелу адукацыі ў школу. І «мерай узьдзеяньня» аказалася так званае сацыяльнае расьсьледаваньне, вынікі якога цяпер і паступілі нарэшце ва ўсе інстанцыі. Пры неспрыяльным разьвіцьці падзей у сучаснай Беларусі такое расьсьледаваньне — гэта просты шлях да прызнаньня, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, што можа прывесьці ягоных бацькоў да пазбаўленьня бацькоўскіх правоў.

Такой была патэнцыйная цана майго ўдзелу ў фатасэсіі салідарнасьці з пабітым міліцыяй рэнтгенолягам магілёўскай стаматалягічнай паліклінікі Андрэем Вярбіцкім. Мы, восем жанчын, 19 кастрычніка вырашылі сфатаграфавацца з партрэтам Вярбіцкага, каб потым адаслаць яму ў турму, дзе доктар тады знаходзіўся, зробленыя сваімі рукамі паштоўкі.

Не пасьпелі мы зрабіць здымак, як да нас пад’ехаў мікрааўтобус з АМАПам і ўсіх затрымалі. На нас склалі пратаколы пра ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Аднак у судзе справа стала развальвацца, тройчы яе матэрыялы адпраўляліся на дапрацоўку. Гэта значыць, рашэньня суду пра маю вінаватасьць дагэтуль няма, але камісія ўжо прыходзіла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Таму на «online-паседжаньне» савету прафіляктыкі я запрасіла юрыста цэнтру «Вясна» Барыса Бухеля. Ён быў нямала зьдзіўлены формай дачыненьняў чыноўнікаў ад адукацыі. Спаслаўшыся на COVID-19, было вырашана правесьці афіцыйнае паседжаньне з дапамогай мэсэнджара. Гэта значыць, што рэальнага сходу не склікалі, размова ішла з карцінкамі на экране, а хто і як пры гэтым вёў пратакол паседжаньня — вялікае пытаньне.

Пры гэтым каранавірус раней не перашкодзіў прыйсьці камісіі ў нашу кватэру. Хоць артыкулу 23.34 КаАП няма нават у пераліку падставаў, якія даюць права падазраваць тую ці іншую сям’ю ў праблемнасьці. Інакш кажучы, перасьлед мяне ад пачатку быў незаконным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Гісторыя была б няпоўнай бяз згадваньня яшчэ адной важнай акалічнасьці. Я выхоўвалася ў Чавускім доме-інтэрнаце, я сірата. Нягледзячы на гэта, змагла атрымаць дзьве вышэйшыя адукацыі, займалася дванаццацьцю відамі спорту, у некаторых зь іх кандыдат у майстры. Я вельмі цаню сваю сям’ю і гатовая за яе змагацца“.

DW

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

„У жодзінскім ІЧУ я атрымала дубінкай па нырках“

Надзея Букатая, былая супрацоўніца „Белавія“:

„Пасьля выбараў на мосьце на берасьцейскай трасе, якая праходзіць проста да нашай вёскі Мацавічы, вешалі бела-чырвона-белыя сьцягі і стужкі. Усе рулёны сена па дарозе былі з чырвонай паласой.

Надзея Букатая

Першы раз мяне затрымалі 18 кастрычніка разам з шасьцю сябрамі. Хлопцы зьбіраліся на «Партызанскі марш». Але ўзяць удзел у акцыі нам не ўдалося: нашу кампанію ўзялі на Трасьцянецкай і адвезьлі ў Ленінскае РУУС. Дзевяць гадзін я і іншыя затрыманыя правялі ў гаражы, стоячы тварам да сьцяны.

У гараж пэрыядычна прыяжджаў АМАП і біў тых хлопцаў, якія былі пазначаныя чырвонай фарбай. Раўлі: «Чаго вам не хапае?» Білі іх галавой аб мэталічны плот.

У мяне былі вільготныя сурвэткі, я перадала іх хлопцам, у якіх на руках былі чырвоныя пазнакі. Аднаму атрымалася сьцерці, другому — не.

Супрацоўнік, які складаў пратаколы проста ў гаражы, быў больш-менш адэкватны. Не абражаў. Калі ў яго зазваніў тэлефон, ён сказаў: «Я буду сёньня позна, бо „невероятных“ афармляю».

У адной дзяўчыны (усяго ў гаражы знаходзілася чалавек 25) была пашкоджаная рука — ці то вывіх, ці то пералом. Лекара ёй не выклікалі нават у Жодзіне, куды нас даставілі пасьля афармленьня. Проста заматалі руку шалікам, каб яна ня рухалася.

У жодзінскім ІЧУ я атрымала дубінкай па нырках. Мы ішлі калідорам. Першы канваір задаў тэмп, усе за ім ішлі падскокам, а там катакомбы, я спатыкнулася, ледзь ня ўпала і для раўнавагі дастала рукі з-за сьпіны — за гэта тут жа ўдарылі...

У ІЧУ ўсе супрацоўнікі размаўлялі матам, замахваючыся дубінкай. Абражалі. Называлі нас прастытуткамі і тэрарыстамі.

Двое сутак, якія я правяла ў ізалятары, стаўленьне было на такім узроўні, і толькі калі выклікалі на допыт, я пачула: «Добры дзень! Я сьледчы з Барысава. Не хвалюйцеся, я вас біць ня буду».

Не было ацяпленьня, наўмысна адчынілі вакно. У камэры я зразумела, як людзі замярзаюць у сьнезе. Было жудасна холадна. Не далі нічога: ні матраца, ні коўдры.

Стол быў самым цёплым месцам. Калі я на яго клалася, і гэта бачылі канваіры, яны білі нагамі па дзьвярах, пагражалі, крычалі, каб зьлезла са стала. Калі я націснула на кнопку і папрасіла зачыніць акно, пасыпаліся мацюкі, пагрозы.

Спачатку ў чатырохмясцовай камэры было дзевяць дзяўчат, на наступную раніцу я засталася адна. Суд адбыўся 20 кастрычніка. Мне далі штраф — 20 базавых.

У справах усіх маіх сяброў быў адзін сьведка — засакрэчаны сілавік, які заявіў на судзе, што мы ішлі ў натоўпе і выкрыквалі лёзунгі. У чацьвярых з кампаніі ў пратаколах былі пазначаныя розныя месцы затрыманьня, але адзін час.

У канцы лістапада мы з калегамі — супрацоўнікі «Белавія» і Нацыянальнага аэрапорту «Менск» — запісалі відэазварот, у якім заявілі: «Мы не наркаманы, не алькаголікі і ня польская фальшыўка. Мы грамадзяне Беларусі і жадаем жыць у свабоднай і прававой дзяржаве, у якой выконваюцца закон і правы чалавека, дзе праводзяцца раўнапраўныя перадвыбарчыя кампаніі і сумленныя празрыстыя выбары».

Мы падтрымалі беларусаў, якіх звольнілі за іх грамадзянскую пазыцыю, і асудзілі затрыманьні мэдыкаў і пэнсіянэраў.

Надзея Букатая

«Хочам у будынку нашага аэравакзалу сустракаць гасьцей, а не праводзіць суайчыньнікаў, вымушаных пакідаць межы нашай краіны, баючыся за сваё жыцьцё толькі таму, што выказвалі свой пункт гледжаньня. Мы бачым будучыню нашай краіны без рэпрэсій, перасьледаў, палітычных зьняволеных».

З маім сябрам на сутках быў мужчына, які галасаваў за Лукашэнку. Ён прыехаў з рэгіёну ў Менск, хацеў зьняць на фота, што нічога не адбываецца. Яго затрымалі, пабілі. Так мужчына памяняў свае погляды на тое, што адбываецца ў краіне.

Пасьля таго, як наша відэа зьявілася ў сетцы, з кожным з дванаццаці чалавек, якія выказаліся ў звароце, правялі ідэалягічную гутарку.

У аэрапорт прыехалі начальнік аддзела кадраў «Белавія» і намесьнік генэральнага дырэктара ў ідэалягічных пытаньнях. Акрамя іх, на сустрэчы прысутнічалі некалькі маіх кіраўнікоў.

Пыталіся, чаму мы запісалі зварот у форме «Белавія». Я патлумачыла, што бяз формы мы безаблічныя. Кажу, таму, што ў кастрычніку мяне называлі прастытуткай у Жодзіне. Быў момант, калі ў мяне пацяклі сьлёзы ад успамінаў пра перажытае ў ІЧУ.

Сказала: гэта відэазварот павінны былі запісваць вы як кіраўнікі. У нас шмат супрацоўнікаў пацярпелі ў жніўні-верасьні. Яны проста вярталіся з працы і ня ўдзельнічалі ў акцыях.

Працоўны транспарт праходзіць праз станцыі мэтро «Магілёўская» і «Ўручча». Аўтобус спыняецца, мэтро зачыненае, людзі ідуць пешшу. Тады хапалі ўсіх без разбору. Жанчыны, якім за 60 гадоў, уцякалі ад АМАПу, і ня ўсім удалося.

Мне сказалі: «Вы працуеце на дзяржпрадпрыемстве, вы ж разумееце, у каго большая частка акцый. На што вы ўвогуле разьлічвалі?»

Быў і такі аргумэнт: «Мы плацім вам заробак». Я адказала, што грошы мне не даюць проста так, я працую.

Яшчэ спасылаліся на тое, што шмат каму зараз заробак затрымліваюць, а мне нават далі 13-ы. Я ня вытрымала і сказала, што гэта плявок у твар — 13-ы заробак у 400 рублёў.

На разьвітаньне начальнік аддзела кадраў сказаў: «Не хачу сустрэць вас праз год і каб вы мяне ненавідзелі». Намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалёгіі дадаў, што, можа быць, калі б ён быў у маім узросьце, зрабіў бы сапраўды гэтаксама, але ня ўпэўнены.

Падзеі разьвіваліся імкліва: празь дзень мяне выклікалі ў офіс «Белавія» да начальніка наземнага комплексу і прапанавалі два варыянты: альбо я дапрацоўваю да заканчэньня кантракту ў студзені 2021-га і на гэты час пераходжу на працу ў офіс, альбо пішу заяву «пры згодзе бакоў».

Я ўзяла паўзу, каб падумаць.

У мяне забралі пропуск з фармулёўкай «у мэтах бясьпекі аэрапорту». Я працавала інспэктарам групы пошуку багажу. Празь дзень яго вярнулі — у мяне была працоўная зьмена.

Надзея Букатая


У выніку я напісала заяву аб звальненьні «пры згодзе бакоў».

У заяве паказала, што прашу звольніць мяне ў сувязі з тым, што мае маральныя прынцыпы, а таксама паняцьце сумленнасьці і справядлівасьці не адпавядаюць ідэалягічным нормам авіякампаніі.

Адзначу, што гендырэктар «Белавія» Гусараў у маёй гісторыі ні пры чым. З пачатку верасьня ён быў на лячэньні і, хутчэй за ўсё, ня ведаў, што адбываецца.

4 сьнежня мяне звольнілі, а празь некалькі тыдняў я даведалася, што на мяне і маіх калегаў, якія запісалі відэазварот, завялі адміністрацыйную справу паводле артыкулу 23.34.

На той момант яшчэ аднаго супрацоўніка папрасілі з працы, у дваіх забралі пропускі. Зрабілі часовыя. Сказалі, што звольняць усіх, але не адным махам, каб не было так рэзанансна.

24 сьнежня да мяне дадому ў Мацавічы прыехалі супрацоўнікі міліцыі аэрапорту і забралі мяне на допыт.

У нас была цікавая размова з адным супрацоўнікам органаў. Ён, як і многія іншыя яго калегі, пытаўся: маўляў, чаго вам не хапае, у «Белавія» добры заробак. Паводле яго, некаторыя опэры атрымліваюць 700 рублёў, начальства па 2000.

Вось я, кажа, звычайны магілёўскі хлопец, у свой час прыехаў у Менск з адной зубной шчоткай, а цяпер у мяне трохпакаёвая кватэра. Я ўдакладніла:«Дык яна ж у вас ільготная». Ён пацьвердзіў. Спытала: «А чаму астатнія службы ня маюць ільготаў?»

Супрацоўнік, які вёз мяне з допыту дадому, казаў, што думаў, пратэстоўцы з камянямі выходзяць. Мне здалося, ён не чытае навінаў, а слухае тое, што гавораць яму на працы. Прасіў прабачэньня перада мной і пытаўся пра курсы, як можна прайсьці перападрыхтоўку…

Мы разумелі, што нам дадуць «суткі». Так і здарылася. 11 студзеня судзілі майго калегу, яго арыштавалі. На наступны дзень на суд я прыйшла з рэчамі. Судзьдзя Аляксандар Рудэнка вынес рашэньне: 15 дзён арышту.

Мяне адправілі ў ІЧУ на Акрэсьціна.

Мне пашанцавала: прапусьцілі з торбай, у якой былі цёплая вопратка для сябе і суседак, сродкі гігіены. У першы вечар мы гулялі ў покер — зрабілі косьці з хлеба. Я выйгравала і сказала: сёньня мой дзень. А потым успомніла, што мне прысудзілі 15 сутак…

У мяне не было ні матраца, ні падушкі, ні коўдры, але спалі па двое, таму было нармальна. Жорстка не абыходзіліся. Былі ператрусы, кідалі вопратку на падлогу, паламалі хлебныя косьці.

Надзея Букатая

Маімі суседкамі па камэры былі: 66-гадовая жанчына, якая зьбіралася зьняць відэа танцавальнага флэш-мобу (сьнег з галінак не пасьпела стрэсьці і атрымала 15 сутак), чатыры дзяўчыны, якія каталіся на горцы, а па дарозе дадому вырашылі сфатаграфавацца са сьцягам (тут жа пад’ехаў бусік, іх забралі з санкамі. Далі па 15 сутак, адну судзьдзя «пашкадаваў», даў 14, таму што ў яе цукровы дыябэт) і жанчына бяз пэўнага месца жыхарства.

14 студзеня мяне перавезьлі ў Жодзінскі ІЧУ. Я была зьдзіўленая, калі сустрэла там супрацоўнікаў, якія ў кастрычніку размаўлялі матам і пагражалі затрыманым. На гэты раз яны паводзілі сябе карэктна і нават цікавіліся ў арыштантаў, ці ёсьць у іх скаргі на здароўе і якія-небудзь пытаньні.

Было ўключана ацяпленьне. У камэры на 10 чалавек нас было восем: шэсьць жанчын, асуджаных паводле народнага артыкулу 23.34, дзьве — паводле бытавых. На працягу тыдня нас вадзілі ў душ празь дзень і на прагулкі штодня.

На наступным тыдні мы толькі адзін раз трапілі ў душ і на прагулку. Але гэта ня страшна, бо я ведаю выпадкі, калі за 15 дзён ніводнага шпацыру і душу не было.

Сьвятло таксама не выключалася круглыя суткі. На харчаваньне паскардзіцца не магу, таму што я непераборлівая. Ніводнага ліста, які мне адпраўлялі, я не атрымала.

Пасьля нашага паступленьня прывезьлі чатырох дзяўчат, трое зь іх праходзілі паводле артыкулу 23.34. На Акрэсьціна яны памянялі дзевяць камэр. Адна не магла размаўляць — прыходзіла ў сябе пасьля холаду ў камэры з выбітым акном.

Часам чулі, як выводзяць на калідор хлопцаў і б’юць. Пыталіся пры гэтым: «Яшчэ будуць скаргі на здароўе?»

Сваю будучыню я бачу ў новай сфэры. Маю заяўку ўхваліў фонд BYSOL, створаны для аказаньня дапамогі і падтрымкі тым, хто пазбавіўся працы з палітычных прычынаў. Я займаюся ангельскай і зьбіраюся на курсы для распрацоўнікаў праграмнага забесьпячэньня.

Я веру ў тое, што перамены ў нашай краіне непазьбежныя.

У нас моцны народ. Рэпрэсіі яшчэ больш яго аб’ядноўваюць. Людзі, якія трапляюць на «суткі» паводле бытавых артыкулаў і адбываюць пакараньне з «палітычнымі», рэзка мяняюць свае погляды.

А яшчэ канваіры мне расказвалі, што шмат каго з супрацоўнікаў органаў затрымлівалі, а потым ужо ў РУУС разьбіраліся, што гэта свае.

Цяпер такі час, калі нават дваровы кот ня можа заставацца па-за палітыкай...

У дзень прэзыдэнцкіх выбараў у спарткомплексе «Стайкі», дзе я галасавала, усе, каго мы сустракалі, былі ў белым адзеньні, зь белымі бранзалеткамі і складалі бюлетэні гармонікам.

Ужо пасьля выбараў я пайшла знаёміцца з жыхарамі вёскі (пераехала туды ў чэрвені), каб вырашыць пытаньне аб асфальтаваньні дарогі і транспарце.

Сярод іх я сустрэла толькі аднаго чалавека, які прызнаўся, што галасаваў за Лукашэнку. Маці траіх дзяцей сказала: «Я ж ня ведала, што потым такі жах будзе дзеяцца». Яна на барыкады не зьбіраецца, кажа, пакуль мяне не закранула, мая хата з краю.

Калі ў мяне пасьля затрыманьня ў кастрычніку праводзілі ператрус дома ў Мацавічах, запрасілі суседзяў у якасьці панятых.

Адзін ва ўзросьце. Мне было няёмка перад ім, думала, што ён іншых поглядаў. Увечары ён зайшоў падтрымаць мяне, прасіў прабачэньня, што гэта іхнае пакаленьне вінаватае ў тым, што адбываецца; казаў, што мы прарвёмся. Мяне кранула, калі пачула: «Надзейка, не хвалюйся, усё будзе добра»“.

„Салідарнасць“

„У яго былі белыя вырачаныя вочы“

Анатоль, Менск:

„Мы сустрэліся зь сябрам і вырашылі, што прагуляемся і паглядзім па абставінах: будзе вялікая група — далучымся. Сьцягоў і іншай атрыбутыкі ў нас з сабой не было. Прайшлі ўвесь праспэкт Незалежнасьці ад мэтро «Маскоўская» да Нямігі і гатэля «Беларусь». Мы стаялі на гары, там было ня так шмат людзей, і бачылі, што далей усё ачэплена і там шчэмяць людзей. Сэнсу туды ісьці не было, мы пайшлі па праспэкце Машэрава — там таксама ўсё было ачэплена: і ў парку, і на мосьце. Вырашылі: сёньня «лавіць» няма чаго, пайшлі дадому.

У мяне быў выключаны тэлефон, а сябар пэрыядычна тэлефанаваў жонцы, казаў, дзе знаходзіцца. І на скрыжаваньні Машэрава і Багдановіча і здарылася ўся гісторыя. Мы не ішлі ні ў калёне, ні ў шэрагу, проста самі сабою. Так, у аддаленьні былі групы людзей са сьцягамі, але на дарогі ніхто не выходзіў. Тут па Багдановіча праехалі бусы — у нас не было і думкі, што пачнуць кагосьці пакаваць. А яны разварочваюцца і перакрываюць вуліцу. Нам варта было бегчы ім насустрач і сыходзіць у двары: пакуль калёна ня спыніцца, сілавікі з машын не выбягаюць. А мы забеглі ў тупіковы двор побач з вайсковым шпіталём: там з аднаго боку дом, з другога — глухі плот.

Сябра адразу — аб зямлю і на маіх вачах пачынаюць біць, а я стаю і ня ведаю, што рабіць. З аднаго боку, трэба адбіваць, з другога — унутраны голас мне гаворыць, што гэта стопрацэнтная крыміналка. Тут на мяне нясецца зь вялікай хуткасьцю двухмэтровы амбал-сілавік; падбягае, і я бачу, што ягоныя вочы поўныя страху. І ён мне напаўголасу кажа: «Ідзі адсюль, ідзі!» — і адыходзіць ад мяне. А куды ісьці? Я потым ужо, задняй думкай зразумеў, што трэба было проста спакойна ісьці скрозь іх. Пяцьдзясят на пяцьдзясят, выйшаў бы ці не. А тое, што я схаваўся за дрэва, мне не дапамагло. Падбег такі малы здыхляк, не вышэйшы за мяне, худы-худы. Калі б усё было па-сумленнаму і трэба было біцца, я б яго адной рукой. Ён узяў мяне двума пальчыкамі і спытаў: «Ну што, змагарык, дабегаўся? Хадзем», — і павёў мяне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Закінулі ў бус тварам у падлогу, рукі на галаве. Там ужо сілавікі пачыналі блазнаваць, хіханькі-хаханькі. З буса перакінулі ў МАЗ для перавозкі сілавікоў — тое, што памылкова называюць аўтазакамі. Туды нас спакавалі чалавек дваццаць, таксама ўсіх мордай у падлогу, рукі за сьпіну, за галаву; кагосьці білі, асабліва хто са сьцягам быў. Адзін сілавік сеў на лаўку, прыціснуў мяне да падлогі нагой і, кулаком упёршыся ў шыю, уціскаў у падлогу. І потым яшчэ раз перагрузілі — ужо ў сапраўдны аўтазак, у «стакан». У «стакане» на дваіх нас было чацьвёра. У нашым «стакане» нейкі хлапчук папрасіўся ў кут і там адціраў фарбу, якой яго пазначылі.

І ў тым, папярэднім, грузавіку білі, але тут ужо было зусім жорстка. Калі спакавалі ў «стакан» і зачынілі, нейкі сілавік сказаў: «Тут адзін на прафіляктычную гутарку». Потым я зразумеў, што гэта за гутарка. Выцягнулі некага са «стакана» і ўсю дарогу да РАУС яго мясілі. Мяркуючы па крыках, гэта быў мужык гадоў за 50.

Усе іхныя размовы суправаджаліся матам-пераматам, а яшчэ яны называлі нас алоўкамі: «Там столькі алоўкаў». У мяне брат служыў на мяжы і казаў, што там таксама так называлі затрыманых.

Нас прывезьлі ў Савецкае РУУС і выстраілі ў двары ўздоўж плота. У сеціве зьявіліся фота, і па гэтым фота, па той самай «сьцяне плачу» сястра мяне пазнала, яшчэ калі мы не зьявіліся ў сьпісе затрыманых. А шукаць сталі практычна адразу ж: сябар ня выйшаў з жонкай на сувязь у абумоўлены час — і пачалі шукаць. Вось праўда крыўдна: яшчэ 15 хвілін таму ты проста ішоў па вуліцы, нічога не парушаў — а цяпер стаіш з задранымі рукамі. Добра, калі б затрымалі на маршы, — ну і халера зь ім. А тут проста так.

Я прастаяў каля плоту 10 гадзін, мяне аформілі ўжо ў гадзіну ночы. Прымусілі дастаць матузкі і зьняць пальчаткі. Вось яны, ляжаць на зямлі — а ўзяць нельга. Рукі пачынаюць балець амаль адразу ж, і лыткі таксама. Хтосьці апускаў рукі — на яго адразу раўлі, кагосьці нават і білі. Побач стаяў мужык з рукамі, сьцягнутымі плястыкавай сьцяжкай. Яму сьцяжку разрэзалі толькі гадзіны праз тры, — у яго былі ня рукі, а два сінія пяльмені.

У нейкі момант, пакуль мы стаялі каля плота, адзін сілавік пачаў хадзіць і зьбіраць сьцягі. А другі пытае:

— Навошта ты іх зьбіраеш, ім жа яшчэ зь імі фатаграфавацца!

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

І той пачаў назад разносіць сьцягі. І чамусьці аддаў сьцяг майму сябру са словамі «Ну пашанцавала табе», у сэнсе «Усё, хлопец, папаў ты». Аказалася, ён пераблытаў, у каго браў сьцягі, — той сьцяг папраўдзе належаў іншаму хлопцу ў падобнай куртцы.

Нас прывезьлі аднымі зь першых, а потым усё давозілі і давозілі новых. І ставілі таксама каля плота, і ты мусіў пацясьніцца — то ўправа, то ўлева. Так мне пашчасьціла пару гадзін прастаяць не каля жалезнай агароджы, а каля драўляных дзьвярэй — рукам было трохі цяплей. Так, у такія моманты думаеш аб простых радасьцяях. І, хоць я быў адным зь першых, афармлялі мяне адным з апошніх. Мяне адводзілі ўсярэдзіну тры разы. Першы раз адвялі на вопіс маёмасьці, гадзіны праз тры пасьля таго, як паставілі да плота).

Перапісалі рэчы, склалі вопіс — і зноў да плоту. Празь дзьве гадзіны зноў выклікалі да нейкага опэра ці сьледчага, ня ведаю. Ён жа быў у цывільным, без пагонаў, у масцы, але менавіта РУУСаўскі супрацоўнік, таму што там хапала і АМАПу. Спачатку здалося, што ён нармальны, але толькі здалося. Гэты опэр, назавем яго так, правёў апытаньне і склаў пратакол. Даў мне расьпісацца і сказаў: «Прачытай і расьпішыся, усё роўна гэта ні на што не ўплывае».

А потым яшчэ дзьве-тры гадзіны на вуліцы. На трэці раз мяне забраў у падвал нейкі малады здыхляк. Зусім люты, кончаны. Роў матам, крычаў, каб я падпісаў пратакол. Там была напісана ерась: быццам я ішоў у калёне, размахваў сьцягам, крычаў лёзунгі. Я пачынаю пісаць у пратаколе, што ня згодны з выкладзеным.

— Куды ты, сука, пішаш?! — пачаў на мяне раўсьці.

Сілавікі рэальна марадзёрствуюць. Адбіраюць рэчы, і потым пра тое, што ў цябе там было, — грошы, каштоўнасьці — забудзься, усё забяруць. Адзінае, тэлефонаў не бяруць, за гэта могуць заляцець за крадзеж. А ўсё, што пры затрыманьні не апішуць, — разьвітайся.

Калі апісвалі тэлефон, сілавік на мяне гаркнуў:

— Імэйл свой пакажы!

Я думаю: «Навошта яму мой e-mail»? І потым я зразумеў, што для яго e-mail і IMEI (ідэнтыфікацыйны модуль радыётракту тэлефона) — адно і тое ж. Яны там праўда тупыя. Я яшчэ запытаўся: «Ці можна тут напісаць нумар родных або адваката?»

— Напішы што хочаш, усім пох*й, усё роўна ніхто нікому званіць ня будзе!

Я ў яго спытаў, чаму ён на мяне раве матам, але ён зусім шалёны быў, у яго вочы нейкія белыя, вырачаныя.

І потым зноў да плоту.

Хлопцы, што стаялі і нас ахоўвалі, яны сапраўды кончаныя. Вельмі грэбліва ставіліся да тых, хто гаварыў па-беларуску, а самі пры гэтым перагаворваліся на страшнай трасянцы, з характэрным гэканьем.

Плот ніжэй пояса быў увесь пабіты, прычым пабіты, відавочна, дубінкай. Я пакуль стаяў, меў досыць часу, каб прыгледзецца. Ён сам бардовы, але на ім відаць запечаныя кроплі крыві.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Дзесьці ў гадзіну ночы па нас прыехаў аўтазак-мікрааўтобус. Гэта значыць, звычайны мікрык, але ўнутры сапраўдныя «стаканы». Ні сядзець, ні стаяць — напхалі, як селядцоў, — і павезьлі на Акрэсьціна. Кіроўца гэтага мікрааўтобуса сказаў, што, калі пад’яжджаў, вельмі хацеў нас «падбрыць» люстэркам — праехаць паўз усіх нас і зачапіць. Ну вось табе што, задавальненьне ад гэтага?

Прывезьлі на Акрэсьціна, і хтосьці з нас, хто быў ужо ня першы раз, паглядзеў у шчылінку і сказаў: «О, тут ёсьць доктар — можна расслабіцца». Кшталту: ёсьць лекар — значыць, біць ня будуць.

Ужо быў пачатак трэцяй ночы, нас 20 чалавек закінулі ў камэру на шасьцёх. Я сеў на лаўку і абапёрся на тумбачку, па-іншаму пасьля стаяньня каля плоту рукі не працавалі (я потым тры ночы ня мог знайсьці зручную позу для сну).

У ІЧУ на Акрэсьціна паўпаверха адгароджана пад суд. Ахоўнік цябе прыводзіць і перадае пад подпіс камусьці іншаму, і той вядзе цябе на суд. І вось ахоўнік мяне перадае таму самаму «опэру», ці як яго там, з Савецкага РУУС, і той мяне вядзе на суд! Суд быў вочны, не праз скайп.

Мяне судзіў судзьдзя Воўк. Ён шалёны, чапляецца да ўсякай бздуры. Мне прыгадалі ўсё мае адміністрацыйкі за перавышэньне хуткасьці — гэта, натуральна, выступіла абцяжлівай акалічнасьцю. У гэтай краіне, калі ты перавысіў хуткасьць на пару кілямэтраў, будзь гатовы да таго, што адказваць за гэта будзеш да канца жыцьця.

І тут аказалася, што маім сьведкам выступае гэты ж «опэр» з РУУС. Ён мне скамандаваў: «Тварам да сьцяны, рукі за сьпіну» — а сам пачаў даваць паказаньні. Ён не хаваўся пад балаклавай, але быў у масцы і дзіўнай кепачцы. Назваў сваё імя: Бельскі Мікіта Аляксандравіч. Але я чуў, што на судзе гэтае імя-прозьвішча вельмі папулярнае ў сьведак.

І вось ён пачаў гарадзіць такую хлусьню, што аж вушы вялі. Нібыта асабіста ён і мяне затрымаў, і яшчэ 60 чалавек. Судзьдзю ўсё абыякава, ён ня стаў мяне слухаць. Адышоў на вынясеньне пастановы, праз паўхвіліны вярнуўся: 15 сутак, «свободен».

На зваротным шляху я Мікіту Аляксандравічу выказаў усё, што пра яго думаю. Прычым, па-мойму, ён рэальна быў у паніцы. Не скажу, што ён спалохаўся, але запанікаваў. Калі ён мяне здаваў ахоўніку і расьпісваўся ў журнале, я спытаў:

— Мікіта Аляксандравіч, гэта вас мама так хлусіць навучыла?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Ён не знайшоўся, што адказаць. Побач быў яшчэ нейкі ахоўнік, адказаў замест яго: «А вы ведалі, куды ішлі". Ну вось куды я ішоў? Ты наогул там быў, ты бачыў, куды я ішоў? А Бельскі расьпісваецца, і ў яго дзіка трымцяць рукі. Я кажу яму:

— А ручкі чаго трасуцца? Усё ж такі сорамна хлусіць?

— Мне сорамна, што вы, дэбілы, ходзіце па вуліцы.

— Гэтыя дэбілы табе заробак плацяць.

Ён павінен мяне перадаць ахоўніку, я стаю каля сьцяны, а ў Бельскага нейкая мітусьня пачалася. Нехта крычыць пра мяне: «А гэта чый? Што ён тут робіць?» — а Бельскі па калідоры нейкія незразумелыя рухі вырабляе, туды-сюды бегае. Мне рэальна сьмешна было: я яму сказаў усяго пару слоў — а ён у такой паніцы.

У той жа дзень мяне перавялі ў іншую камэру, там ужо было больш вольна: сямёра на 5 ложкаў. Там мы пераначавалі, і чакалася, што сёньня нас перавядуць у ЦІП. Але потым далі адбой, праз гадзіну пагрузілі ў міліцэйскі МАЗ і павезьлі ў Жодзіна.

Нас дваццаць чалавек і іх чацьвёра. Адзін старэйшы і трое салапетаў; усе ў чорнай форме і балаклавах. Гэтыя ахоўнікі ўсю дарогу ў тэлефонах сваіх праседзелі. Адзін зь іх тэлефанаваў дадому, казаў: «Ага, зайду ў краму, малака куплю, хлеба куплю». Ну проста звычайныя людзі, са звычайнымі патрэбамі. А потым становяцца сукамі.

У Жодзіне мы доўга сядзелі ў машыне: прыехала шмат іншых, мы чакалі разгрузкі. І нашым байцам вельмі не цярпелася паказаць сваю маральную і інтэлектуальную перавагу, хоць ні таго, ні другога ў іх няма.

Прычым я зьвярнуў увагу, што да людзей, якія маюць нейкае дачыненьне да крымінальнага сьвету (напрыклад, па наколках апазнаюць), яны лепш ставяцца, чым да нас. Здаецца, што, калі б ня служба ў міліцыі, яны б самі сядзелі, іх проста прэ ад гэтай турэмнай рамантыкі. У аднаго хлопца была пячатка, і ахоўнікі ўсё спрабавалі ў яго высьветліць, сядзеў ён ці не сядзеў, а той ім не адказваў. Тады яны ўзялі нашы асабістыя справы і пачалі шукаць зэкаў: яны ж упэўнены, што мы ўсе крымінальнікі кончаныя. Да мяне прычапіліся за мае адміністрацыйкі: «Хто гэта ў нас тут такі? Любіш паганяць, так? Гоншчыкі ў нас завяліся?»

Іхны старшы выйшаў, і ім вельмі хацелася пагаварыць.

Тут мяне папёрла. Усе гаварылі патроху, але, здаецца, я гутарыў зь імі больш за ўсіх астатніх. Размаўлялі так з паўгадзіны, многія выказаліся. Я стараўся мадэраваць усю гэтую справу, каб ніхто нікога не перабіваў, не пераходзіў на крык, каб ня скончылася ўсё дрэнна. Побач са мной сядзеў адзін добры дзядзька, зь яго боку была моцная маральная падтрымка. Гэта быў капітан ДАІ у адстаўцы. Сам здаровы, двухмэтровы. І ён гэтых амапаўцаў наагул ні ў грош ня ставіў, казаў ім, што хацеў і як хацеў. Ну, хлопцы, вы ж самі захацелі.

— Ну што там ваша Сьветка? — пытаюцца.

— А што, — адказваю, — ты думаеш, мы тут толькі дзеля Сьветкі? Калі Сьветка раптам зьнікне, нешта зьменіцца, акцыі спыняцца?

У іх настолькі прамытыя мазгі, што проста жах. Я ім усё выказаў, пачынаючы з дня выбараў. Расказаў ім, што ўладамі парушана палова Крымінальнага кодэксу, уключаючы артыкул 357, частка 3, за якую прадугледжана, у тым ліку, і сьмяротнае пакараньне. Гэта захоп улады сілавымі мэтадамі з ахвярамі сярод мірнага насельніцтва.

— А мы што парушаем? — кажу. — Закон аб масавых мерапрыемствах сам па сабе супярэчыць Канстытуцыі. Мы нічога не парушаем, мы мірна ходзім.

У нейкі момант я іх нават троліць пачаў, мне гэта па кайфу стала.

— А вось вы ведаеце артыкул 5.3 КаАП? Пра што ён?

А яны такія вачыма лыпаюць: «Не, ня ведаем».

— А якога хера вось я, айцішнік, ведаю, а вы, супрацоўнікі міліцыі, ня ведаеце?

Стаяць, перасмыкаюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

— Артыкул гэты, — кажу, — называецца «Крайняя неабходнасьць». У выпадку, калі ў людзей няма законных спосабаў адстаяць свае правы — тыя ж самыя масавыя мерапрыемствы — нават пры бягучым заканадаўстве гэтыя дзеяньні не зьяўляюцца парушэньнем.

Потым яны зьмянілі кружэлку: маўляў, сярод вас жа ходзіць шмат радыкалаў! Я кажу: «Вось перад вамі сядзяць 20 чалавек — вы бачыце хоць аднаго радыкала?» Яны кажуць: ну мы ж ня ведаем, хто вы ёсьць, вось, маўляў, глядзім, шукаем, спрабуем выявіць. Адзін зь іх кажа:

— А вось калі б вы ўзялі, самі б іх злавілі і нам аддалі — а самі б мітынгавалі …

І хтосьці з нас адказаў:

— Вы разумееце, што калі мы цяпер пачнём у натоўпе лавіць радыкалаў, то мы па крыміналцы сядзем? Бо ўсе радыкалы ў натоўпе — гэта вашы ціхары!

А яны такія: ды не, ды што вы, ды ладна вам!

Была яшчэ такая карціна са сьцягам. Яны ж сьцелюць бел-чырвона-белы сьцяг на падлогу і прымушаюць па ім хадзіць. І мы ў гэты МАЗ таксама грузіліся, ступаючы на сьцяг. І я кажу ім:

— Вось вы топчацеся па сьцягу і прымушаеце нас па ім хадзіць. Мне непрыемна. Навошта вы гэта робіце?

Адзін зь іх адказвае:

— Гэта мае погляды, я іх выказваю.

— Ты разумееш, — кажу, — што мужыкі свае погляды так не выказваюць? Гэта наш беларускі нацыянальны сьцяг. Ворагі, калі захопліваюць сьцяг у баі, так са сьцягам ня робяць. А мы ж, здаецца, нават ня ворагі…

І ён стаіць, зноў вачыма лыпае, яму сказаць няма чаго.

Былі сярод нас, затрыманых, тыя, хто ўжо ня першы раз папаўся. Былі і тыя, каго ў жніўні білі, у тым жа Жодзіне. І вось пытаемся: а навошта было так лупіць затрыманых? «А мы ня бачылі, мы ня ведаем». Гэта ў іх стандартнае: мы такога ня ведаем. Хтосьці, можа, і біў кагосьці, але мы не пры чым, гэта дакладна ня мы.

Адзін з гэтых сілавікоў сядзеў у куце і ўсё ў свой тэлефон вытарэшчваўся. І ўжо вельмі ён мне нагадаў майго лжэсьведку з суду, Бельскага. Я не магу сьцьвярджаць на 100%, што гэта ён. Але чамусьці я быў упэўнены, што пазнаю яго з тысячы — па словах, па вачах, па голасе. У яго характэрныя бровы, гаворка таксама характэрная. І наўпрост ж не спытаеш — можа прыляцець. І пачаў здалёку:

— Навошта нас ля плота 10 гадзін трымалі? Навошта ў РУУС білі? Вось у Савецкім РУУС хто-небудзь з вас быў?

І два амапаўцы глядзяць на гэтага трэцяга, з тэлефонам, чакаючы, што той сам адкажа. Потым назад паварочваюцца да мяне і заяўляюць:

— Не, ніхто ня быў!

Пра бел-чырвона-белы сьцяг нямала гаварылі. Я пытаюся:

— Ты хоць ведаеш гісторыю гэтага сьцяга?

— Не, — адказвае. — Я ўжо пры новым нарадзіўся.

Гэта значыць, ім нават 25 гадоў няма яшчэ. А адзін зь іх кажа:

— А вось у Берасьці нейкі малалетка чырвона-зялёны сьцяг спаліў.

— Але мы ж ня топчамся па чырвона-зялёным, нічога дрэннага зь ім ня робім — дык навошта ж так робіце з нашым?

— Дык вось, малалетка ў Берасьці…

— Ты разумееш, што малалетка ў Берасьці — гэта адзін прыватны выпадак? А вы ўсе так робіце. Навошта вы так робіце?

Зноў няма чаго адказаць. Яны элемэнтарна тупыя. Для іх зразумець рэчы лягічна немагчыма. Што ёсьць прыватнае, што ёсьць агульнае, якія прычынна-выніковыя сувязі — для іх гэта вельмі цяжка. Ім бы проста крычаць, бегчы, біць. Я працягваю:

— Калі вы нас хоць крыху як людзей паважаеце, не прымушайце нас таптацца па сьцягу, прыбярыце яго.

Той адказаў:

— Вы нам не пакідаеце выбару, я ўжо проста вымушаны прыбраць сьцяг.

Хрэна! Нічога ён не прыбраў. На словах яны такія героі, а як толькі вяртаецца начальства, дык і ўсё. Звонку паступіла каманда выводзіць нас, сьцяг яны не прыбралі. Тады гэты наш экс-капітан міліцыі паспрабаваў на хаду яго ссунуць, і на яго звонку старшыя пачалі крычаць: «Я табе зараз!..» Але ўсё ж сьцяг аказаўся крыху ссунуты, дастаткова, каб мы па ім ужо не ступалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

І вось якая была мэта гэтай іх гутаркі? Даказаць, што яны вось тут такія інтэлектуальна разьвітыя, адукаваныя, а мы, 30-40-50-гадовыя невукі, памыляемся, нічога ня ведаем, нічога не разумеем? А яны, «красаўцы», сур'ёзна думаюць, што могуць нешта супрацьпаставіць, нешта даказаць дарослым людзям, якія адбыліся? Але ўсё, што яны могуць, — гэта проста ўжываць сілу, калі знаходзяцца ў натоўпе. Вось і ўсё.

У Жодзіне ёсьць такі даволі вядомы Міша-Балаклава — ён якраз нас прымаў. Пакуль нас апісвалі, мы стаялі тварам у сьцяну, і па голасе і інтанацыях я думаў, што гэта нейкі мацак. А там такое дробнае стварэньне, што... Ахова ў турме ня носіць балаклаваў, ён там адзін такі быў. Кажуць, што хоча ў АМАП трапіць. Нашы прозьвішчы ў сьпісе ён і на трэці дзень ня мог прачытаць.

З намі сядзеў адзін хлапчук. Ён, калі ў камэру трапіў, кажа:

— Глядзіце, што ў мяне ёсьць.

Здымае швэдар, пад ім — майка зь дзіркай на ўсе грудзі. Там быў прынт «Пагоні», і гэты Міша-Балаклава ўзяў яго майку і акуратна вырваў усю «Пагоню». І гэта ж ня вышыта, а проста намалявана, там ніякіх швоў няма. І гэты Міша-Балаклава вырываў па жывым выяву і ўвесь гэты час прымушаў хлопца голым прысядаць. Што табе вось гэта дало? Ты сябе стаў мацнейшым адчуваць? Разумнейшым? Лепшым? Чаго дамогся?

У Жодзіне абслуга, баландзёры, — гэта ўсё зэкі. Зь імі ў прынцыпе асабліва і не пагаворыш. Акрамя адбітага Мішы-Балаклавы, было некалькі турэмнікаў, якіх фіг зразумееш: нібыта і ня надта жорсткія, але ўсё роўна відаць, што так сабе хлопцы.

Але вось быў адзін хлопец, яму проста павага. І дапамагаць спрабаваў, і прыкурыць хлопцам даваў, час мог сказаць, навіны некаторыя пераказваў. Усе астатнія люта баяцца заходзіць у камэры, а гэты, калі прыносіў перадачы, сьмела ў камэру заходзіў. Прычым пасьля прыезду гэты хлапчук быў першым зь сілавікоў, каго мы ўбачылі з адкрытым тварам. І адзін з нас пытаецца ў яго:

— А чаго гэта ўсе ў балаклавах, а вам што, не паложана?

— Хто ўсе?

— Ну калегі вашыя.

— Яны мне не калегі, — адказаў ён.

А вось імя ягонага ня ведаю, здаецца, нават не праскоквала.

У Жодзіне мы прасядзелі 4 дні. У суботу нам пачалі раздаваць паперкі — аплата за харчаваньне. Іх жа звычайна раздаюць у канцы адседкі, і ва ўсіх праскочыла думка: ура, адпускаюць! Напэўна, рэвалюцыя адбылася! Зараз па нас прыедуць, шампанскае, усе справы!..

Нас вывелі, пасадзілі па машынах — па сапраўдных аўтазаках, строга па ліку месцаў у «стаканах». І павезьлі; везьлі пяць гадзiн, і пакуль не прывезьлі і на адной зь дзьвярэй я ня ўбачыў пячатку са словамі «Магілёўскі аблвыканкам», мы ня ведалі, куды вязуць. А тут бац — радыё: «Магілёўскі час — васямнаццаць гадзін». Так мы трапілі ў ізалятар у Магілёве.

У Жодзіне за чатыры дні ні разу не было шмону, а ў Магілёве штораніцу. Прыходзяць адразу чалавек 10-15, усіх выводзяць, усім тэмпэратуру «пісталетам» мераюць. Прастукваюць сьцены, люстэркам пад усе шконкі зазіраюць. Але ставіліся нармальна, ня жорстка.

Да нашага прыезду, падобна, падаставалі з запасаў новы посуд: алюмініевыя талеркі, кубкі. І нейкія хлопцы гэта хуценька ўпрыгожылі: выдрапалі «Жыве Беларусь» і г. д. Адзін з ахоўнікаў спрабаваў казырыцца:

— Якога хера сапсавалі посуд?! Заўтра, сукі, будзеце з рук жэрці!

На яго ў адказ пачалі наяжджаць, і ён хуценька даў задні ход, сказаў: «Калі што, я вас папярэдзіў».

Але ў цэлым у Магілёве былі больш рахманыя турэмнікі. У асноўным ставіліся прыкладна так: «Мы тут ні пры чым, проста робім сваю працу». Нават спрабавалі пагаварыць. Быў нейкі прапар, які ўвесь час жартаваў, спрабаваў разрадзіць абстаноўку.

Была адна ахоўніца-жанчына, гадоў да трыццаці, яна да нас відавочна была неабыякавая. Неяк нас выводзілі на чарговы шмон, і яна тут жа была. Хтосьці з нас запытаўся:

— А вам навошта гэта? Ці абавязкова хадзіць, калі мужыкоў шманаюць?

А яна адказала:

— Я хачу побач з нармальнымі мужчынамі пабыць“.

„The Village“

„Вашы лісты як нітачкі з нармальнага сьвету“

Юлія Слуцкая, заснавальніца „Прэс-клюбу“, палітзьняволеная ў турме на Валадарцы (зь ліста да дачкі):

Юлія Слуцкая

„Сябры і знаёмыя знаходзяць такія важныя словы для мяне сёньня! Вашы лісты — як нітачкі, якія злучаюць мяне з нармальным сьветам. Я адчуваю, як яны выцягваюць мяне.

Падчас ператрусаў нас усіх, акрамя дзяжурных, выводзяць у карцар. Гэта памяшканьне мэтар на тры з паловай. У далёкім канцы туалет. Над ім замест зьліву — кран з вадой. То бок, гэта яшчэ і рукамыйніца. Замест вэнтыляцыі над унітазам дзірка, ацяпленьня няма. Вельмі сыра і холадна. Драўляная дошка-ложак на дзень прыкручваецца да сьцяны. Апошні хлопец сядзеў тут 17 дзён.

Вяртаемся ў перавернутую камэру. Торбы з-пад ложкаў высунутыя, матрацы загорнутыя, рэчы выкінутыя на ложкі.

Па панядзелках у нас лазьневы дзень. У лазьню трэба ісьці вуліцаю. Дзяўчаты ідуць у халатах і гумовых тапках на босую нагу. Я надзяваю шкарпэткі і спартовы касьцюм. На 8 чалавек пяць кранаў. Душаў няма, проста ліецца струмень вады. На тое, каб памыцца, у нас 20 хвілін. Разам з адзяваньнем і разьдзяваньнем.

Сёньня мы гулялі па беражку дворыка, бо ў цэнтры была вялізная лужына. У самым куце ўтварылася гурба сьнегу, сантымэтраў 60. Дзяўчаты ўмудрыліся на гэтай горцы катацца.

Пад акно камэры прыходзіць вялікі рыжы кот і гучна крычыць. Прыходзіць як па гадзіньніку — два разы на дзень. Мы яго падкормліваем. Думаю, што ня толькі мы. Калі вельмі пастарацца, ката можна разгледзець праз жалезныя «вейкі» на вокнах.

У мяне ўсё добра, наколькі гэта магчыма. Адзін дзень хварэла, але зь лекамі, якія ты мне перадала, вельмі хутка выкараскалася. Толькі кашаль не спыняецца. Але, напэўна, гэта рэакцыя арганізму на курыва.

Упарта працягваю рабіць па дзьве трэніроўкі на дзень. У хоць якіх умовах.

Прывучылася па раніцах есьці аўсянку — заліваю шматкі кіпенем, дадаю сушаных журавін, міндальных шматкоў, арэхаў — і супэркаша гатовая!

На абед — распушчальны суп з галетамі. Увечары — грачаныя шматкі або пюрэ, з салодкім перцам, памідорамі і каўбасой.

У камэры ёсьць свой заведзены парадак. Шмат дробных правілаў, якія аблягчаюць гвалтоўна-сумеснае жыцьцё. Напрыклад, той, хто ідзе ў туалет, уключае ваду. І калі ня курыць — паліць кнот. Кожны раз выціраем сурвэткамі пасьля сябе ўнітаз, выціраем падлогу.

Калі ў камэру хтосьці ўваходзіць, усе мусяць устаць і закласьці рукі за сьпіну.

Працягваецца крызіс зь лістамі. Мы ўжо месяц не атрымлівалі ніякіх вестак з дому. Усе на нэрвах. Пару разоў прынесьлі некалькі паштовак без зваротных адрасоў ад чужых людзей. (Апдэйт: некаторыя лісты ўсё ж пачалі прарывацца! Кажуць, хварэлі цэнзары, адразу трое.)

Трэба прызнаць, што, калі ёсьць яшчэ людзі, якія атрымліваюць інфармацыю толькі з тэлевізара, то прамываньне мазгоў выдатнае. Пачынаю заўважаць, што паддаюся нават я, якая вельмі добра ведае, што гэта паралельная рэальнасьць.

Нас у камэры цяпер 8 чалавек. Трое паводле наркатычнага артыкулу, астатнія палітычныя. Адна дзяўчына ўжо атрымала 12 гадоў, цяпер ідуць апэляцыі. У турму яна трапіла першы раз, дома яе чакаюць двое маленькіх дзяцей. Жах! Яшчэ большы жах, што ўсе, уключаючы палітычных, маральна рыхтуюцца ісьці адседжваць тэрміны ў гомельскую калёнію.

Раскажу пра дзяўчат у камэры. Тоня была валянтэркай «Страны для жизни». Муж цяпер у гэтай самай турме. Дваіх маленькіх дзяцей глядзяць бацькі. Ёй за 30. Вельмі спакойная, упэўненая, пісьменная.

Маша — актыўная ўдзельніца студэнцкага руху. Вучылася ў Акадэміі мастацтваў. Зусім юная, тоненькая. Ідэалістка.

Сашы крыху за 20, яна сірата. Падобная на маленькага флямінга (у галаве ружовыя пасмы). Вельмі разумненькая, добра малюе. Яна валянтэрыла: выкідала мяшок са сьмецьцем, якое зьбірала за пратэстоўцамі. Яе абвінавачваюць у будаваньні барыкад. Неўзабаве суд.

Аліна. Яна ўкусіла за нагу міліцыянта ў РУУС, які заламаў ёй рукі. Суд у яе быў паказальны. А міліцыянта павысілі на пасадзе“.

„Мне матам патлумачылі, хто ў гэтай краіне доктар, а хто не“

Надзея Пятроўская, доктар-анколяг:

Надзея Пятроўская

„Я звольнілася з пасады загадчыцы аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, бо не магу нармальна працаваць ад хваляваньня за калег. А сёньня выйшла на волю пасьля трох дзён на Акрэсьціна. Мяне затрымалі на праспэкце Пераможцаў 23 студзеня. Нібыта я ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і актыўна супраціўлялася супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні.

У пратаколе пазначана, што мяне затрымалі ў 16:55. Але, як высьветлілася на судзе, у 16:50 я толькі выйшла з працы. А праз 10 хвілін у тэлеграм-каналах ужо зьявілася відэа майго затрыманьня на пустой вуліцы. Ніякага мітынгу побач не было.

Судзьдзя адправіў справу на дапрацоўку.

У 16:45 я адпусьціла апошняга пацыента, потым апранулася і выйшла з мэдычнага цэнтру. Пайшла вуліцаю; вочы — у экран тэлефона, бо перапісвалася з таварышам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Але бачыла, што на пешаходнай зоне стаяць аўтазакі і побач людзі ў чорным. І тут мне махаюць рукой: «Стой, дзе стаіш».

Я спыняюся, хаваю мабільнік, а ад мяне яго патрабуюць. Я аддаю. «Разблякуйце!» — «Не, ня буду». — «Тады хадзем».

Мяне завялі ў аўтазак, там былі чатыры ці пяць чалавек у форме і некалькі затрыманых асобаў нейкай усходняй зьнешнасьці, якія вельмі ціха сядзелі.

Мне сказалі аддаць заплечнік, абшукалі, расшпілілі паліто, усё ў вельмі няветлівай форме. Я абурылася, што я не адмаўляюся падпарадкоўвацца іх патрабаваньням, але трэба рабіць паводле закону: я жанчына, мяне абшукваць могуць толькі жанчыны. Трэба выконваць законнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Гэта выклікала іх незадаволенасьць і пагрозы гвалту, якія не рэалізаваліся, але ўспрымаліся рэальна.

Я ж зьвярталася да іх на «вы», казала, што нічога кепскага не рабіла, нічога не парушала, мне сказалі: «Дзевушка, не пагаршайце свайго становішча», — і адвезьлі ў РУУС.

Я была ўпэўнена, што, паколькі на праспэкце Пераможцаў шмат камэр, я хутка дакажу неправамернасьць свайго затрыманьня. Як жа я памылялася! Прачытала пратакол — «непадпарадкаваньне, удзел у масавым мерапрыемстве». Я яго не падпісала, мяне адправілі на Акрэсьціна.

Гэта былі ня лепшыя дні ў жыцьці, я паставілася да гэтага, як да прыгодаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Прывезьлі мяне гадзіне аб 11-й вечара. Стаўленьне не магу сказаць, што звышжорсткае, але непрымальнае. Нельга так абыходзіцца зь невінаватымі людзьмі, якія не нясуць небясьпекі. Не разумею, навошта на іх крычаць матам.

Напэўна, я паводзіла сябе неадпаведна месцу, калі сказала, што я доктар і патрабую да сябе паважлівага стаўленьня. У адказ пачула доўгую мацерную тыраду пра тое, хто ў Беларусі доктар, а хто не.

Рэчы забралі, было вельмі холадна ў камэры. На 6 спальных месцаў было 13 чалавек, спалі па двое — гэта магчымасьць сагрэцца.

Для жанчын гігіены ніякай; ды што там, нават ні матрацаў, ні бялізны — спалі на голых дошках. Набліжэньне ночы — прадчуваньне пакутаў, бо ўдаецца заснуць на паўгадзіны, а потым спускаесься з нараў да батарэі грэцца.

Праўда, у кампаніі з 12 жанчын заўсёды знойдзецца, чым заняцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мы правялі вельмі плённа два дні, умудраліся трымацца малайцом, але калі пачаліся суды і пачалі даваць суткі, дзяўчаты вельмі засмучаліся. Але я сказала: «Давайце не дамо ім атрымаць асалоду ад нашых сьлёз. Ня плачам».

Мяне судзілі апошняй. Аказваецца, адвакатка вельмі хутка даведалася пра маю сытуацыю, знайшла ўсе відэа- і фотадакумэнты, і іх, на маё зьдзіўленьне, разгледзелі ў судзе.

Было відаць, што ніякага мерапрыемства няма, што сьведка казаў няпраўду, я была адна, на вуліцы было пуста, пры затрыманьні супраціўленьня не аказвала — судзьдзя адправіў справу на дапрацоўку. Але мяне пакінулі яшчэ на ноч і выпусьцілі толькі сёньня, на трэці дзень“.

NN.by

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

„Прыехаў дадому і апынуўся ў пекле“

Валеры Самалазаў:

Валеры Самалазаў

„Зь ліпеня я жыву і працую ў Вялікай Брытаніі. У жніўні вырашыў паехаць дадому, каб сустрэцца з блізкімі, а заадно і прагаласаваць на выбарах. Чым абернецца гэтая паездка дадому, я нават не падазраваў.

Я прыляцеў у Беларусь 2 жніўня. Амаль увесь час знаходзіўся за горадам, дзе ня ловіць тэлефон, быў ізаляваны ад усёй інфармацыйнай прасторы і ня ведаў, што адбываецца.

9 жніўня, калі не было інтэрнэту, я пайшоў у менскі офіс сваёй кампаніі, папрацаваў і, калі стала зразумела, што горад перакрываюць, вырашыў, што паеду дадому на электрычцы. Інтэрнэт амаль не працаваў, я ня змог праверыць расклад і вырашыў, што гэта лёс: пайду ў цэнтар, пагляджу, што там адбываецца, на свае вочы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Каля чыгуначнага вакзалу мне заступілі дарогу шэсьць чалавек у чорным, яны літаральна мяне акружылі. Іх увагу прыцягнуў мой вонкавы выгляд. Улічваючы, што я быў за горадам, на мне былі такія паходныя штаны мілітары і чорная майка з чэрапам. Як потым высьветлілася, гэта сымбаль брытанскага спэцназу. Яны спыталі, ці ведаю я, што азначае гэты сымбаль (увогуле ж гэта сымбаль фільма The Punisher). Гэта было стартавае пытаньне, зь якога яны пачалі выстаўляць мне прэтэнзіі. Папрасілі паказаць пасьведчаньне, і я паказаў правы кіроўцы. На ўсе пытаньні я адказваў ветліва, але яны ўсё роўна атачылі мяне, скруцілі і павялі ў аўтазак. Перад аўтазакам ударылі ў грудзі, вынялі ўсё з кішэняў і пасадзілі ў яго. Усё гэта адбывалася каля чыгуначнага вакзалу, дзе не было ніякіх акцый і мітынгаў. Я быў адзін, гэта нават адзінкавым пікетам назваць нельга.

Літаральна празь дзьве хвіліны мяне адразу выкінулі з аўтазаку. Яны адвялі мяне да суседняга будынка, загадалі разуцца і стаць да сьцяны. Пачалі малаціць, біць па галаве, забралі тэлефон, маім пальцам разблякавалі і адначасова задавалі пытаньні пра зьмесьціва тэлефона. Яны шукалі нейкія телеграм-каналы, телеграм-чаты, а ў мяне нічога не было. У тэлефоне было практычна чыста. За выключэньнем гісторыі званкоў. Яны яе правяралі і ўбачылі, што ўсе званкі былі ў Вялікую Брытанію — я ж толькі прыляцеў. Вось вакол гэтага яны сталі строіць падазрэньні, што я арганізатар і замежны шпіён. Плюс у мяне знайшлі брытанскія карткі, брытанскія фунты стэрлінгаў. Задавалі пытаньні, хто я, што я, кім працую, адкуль, чаго. Я адказваў на іх пытаньні. Мяне ні разу ў жыцьці не затрымлівалі, і было такое пачуцьцё, што цяпер яны ўсё правераць, пераканаюцца, што я мірны грамадзянін, і адпусьцяць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Але яны чакалі нейкага галоўнага чалавека. Я потым ужо ў інтэрнэце загугліў, хто гэта — гэта кіраўнік Заводзкага РУУС Кіслоў Кірыл Станіслававіч. Ён быў у цывільнай вопратцы, бяз маскі. Я, дарэчы, усіх, хто быў бяз масак, загугліў і амаль усіх ідэнтыфікаваў. Ён прыходзіць, яны яму паказваюць мой тэлефон. Адзін зь міліцыянтаў кажа, што вось фота бюлетэня за Ціханоўскую, у боце «Голасу» прагаласаваў за Ціханоўскую і, папраўдзе, больш нічога на яго няма, «падобна, пасажыр ня наш». Кіраўнік пастаяў падумаў і кажа: «Няхай КДБ разьбіраецца, вязіце яго ў КДБ». Тут я зразумеў, што адбываецца татальная памылка і цяпер будзе толькі горш.

Я б не хацеў акцэнтаваць увагу на гвалце, бо, са слоў людзей, усё гэта адбываецца прыблізна паводле аднаго сцэнару. Адзінае, што мяне лічылі арганізатарам і таму абыходзіліся асабліва жорстка. Мяне вадзілі на допыт. Двух чалавек, якія былі на допыце, я ідэнтыфікаваў — яны сьледчыя крымінальнага вышуку. Двух іншых чалавек мне ідэнтыфікаваць не ўдалося, складана сказаць, было гэта КДБ ці не.

10 жніўня ўсе РУУС, усе турмы былі ўжо перапоўненыя, і ўсю ноч я ляжаў на паркоўцы на зямлі разам з усімі. Пэрыядычна кагосьці білі, мяне яшчэ вадзілі на допыт. Жорсткія моманты былі. Падзялюся толькі некалькімі, якія дэманструюць асаблівы цынізм унутраных органаў. Там была дзяўчына 20 гадоў, яе звалі Дыяна; яе таксама білі нагамі, калі яна ляжала на зямлі. Гэта значыць, чалавек са зьвязанымі рукамі ляжыць на зямлі і яго, абсалютна безабароннага, б’юць нагамі. Недалёка ад мяне ляжаў чалавек, ён быў у лужыне крыві і пэрыядычна стагнаў. Чалавек, які быў бліжэй за ўсіх да яго, прасіў для яго дапамогі, казаў: «Выклічце яму хуткую, ён жа памірае». На што яму сказалі: «Гэта твой білет на свабоду — бяры яго, цягні за тэрыторыю, і вы абодва тады вольныя». Ён узяў яго і пацягнуў за тэрыторыю, гэтае цела, што стагнала і было без прытомнасьці… Яшчэ быў чалавек, у якога стала дрэнна з сэрцам, ён прасіў доктара, і наглядчык вельмі гучна крыкнуў: «Лекара!» Падбеглі два чалавекі ў чорным і сталі біць небараку дубінкамі. Гэта была дэманстрацыя для ўсіх нас, што клікаць лекара ня варта. Калі мы ўжо сядзелі ў камэры, ён нам расказаў, што яго сталі біць, але потым і праўда падбег доктар і сказаў, што сапраўды трэба аказаць дапамогу. Лекар адвёў яго ў машыну хуткай дапамогі, далі нейкіх таблетак, яму стала лягчэй, дык паклалі яго назад, але больш не чапалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Мяне асабіста катавалі. Мне пашкодзілі рукі. Пасьля турмы я ляжаў два тыдні ў лякарні з чэрапна-мазгавой траўмай і траўмай рук. Рукі ў мяне да гэтага часу трымцяць, як у старога, бо мне іх пераціснулі сьцяжкамі і я не адчуваў рук пад локаць, ня мог імі рухаць. Рукі выкручвалі, такі ў іх мэтад катаваньня.

10 жніўня я заўважыў, што сярод міліцыянтаў былі і адэкватныя людзі. Рэальна адчувалася, што ім непрыемна рабіць тое, што яны рабілі. Такіх мне сустрэлася двое. У момант затрыманьня, калі мяне дапытвалі каля сьцяны, калі толькі выцягнулі з аўтазака, быў адзін міліцыянт. Ён уважліва вывучыў зьмесьціва тэлефона, паглядзеў усе фатаздымкі, усё-ўсё-ўсё, і пытаецца: «У цябе трое дзяцей? Тры маленькія дзяўчынкі? У цябе сабака? Якая ў цябе машына?» Гэта значыць, ён праявіў крытычнае мысьленьне, ён разумеў, што чалавек, у якога шмат дзяцей, які не трымае ніякіх экстрэмісцкіх матэрыялаў у тэлефоне, хутчэй за ўсё, не зьяўляецца баевіком ці яшчэ кімсьці. Яны ж лічылі, што я замежны баявік-арганізатар. Вось ён і быў тым чалавекам, які сказаў, што мяне трэба адпусьціць, але яго ніхто не паслухаў. Гэтага ж міліцыянта я бачыў у Заводзкім РУУС, ён быў начальнікам зьмены, якая за намі наглядала перад сьвітаньнем. Гэта была самая адэкватная зьмена, якая дазволіла схадзіць у туалет, якая дала папіць, яны нават паслабілі мне сьцяжкі. Яны ўбачылі, што ў мяне ўжо сінія рукі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Яшчэ нас пераводзілі зь месца на месца і садысты ў чорным спэцыяльна заломлівалі рукі ўгору, каб было вельмі балюча, а вось міліцыянты сымулявалі. Да мяне падышоў міліцыянт і зрабіў выгляд, што быццам бы мяне заломвае, але папраўдзе не заламаў, а акуратна мяне ўзяў. Ён усім выглядам мне падказваў, каб я паказаў, што мне балюча, а то людзі ў чорным зробяць яшчэ больш балюча.

Людзі ў аўтазаку крычалі ад болю, людзі маліліся, людзі плакалі — дарослыя мужыкі. Кагосьці званітавала. Я два разы траціў прытомнасьць, таму што мяне там прэсавалі больш за ўсіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Калі нас везьлі ў Жодзіна, людзі ў чорным размаўлялі па тэлефоне. Адзін зь іх размаўляў са сваёй дзяўчынай, тлумачыў ёй, дзе схаваў ключ ад кватэры, як трапіць у пад’езд, як адчыніць капот у машыне і памяняць абмывайку. У сацсетках людзі кажуць: «А давайце ўзьдзейнічаць на сілавікоў празь іх сваякоў, жонак і дзяўчат, каб яны ім данесьлі інфармацыю». Якую да іх інфармацыю можна данесьці? Нас забівалі ў гэтым аўтазаку! Дарослыя мужыкі крычалі, быў такі найдзічэйшы лямант, ад якога мароз па скуры, а ён спакойна размаўляў зь дзяўчынай па тэлефоне, і яна ўсё гэта чула. Ды калі ён на вячэру прынясе адсечаныя рукі, яна, не міргнуўшы вокам, зь іх прыгатуе страву. Я ня ведаю, які павінен быць узровень цынізму, каб спакойна працягваць гутарку, калі чуваць, як дарослыя мужыкі крычаць ад болю. Калі з табой побач забіваюць чалавека так, што ён траціць прытомнасьць, ты адчуваеш яго боль на сабе. Дзяўчыну Дыяну ў аўтазак грузілі апошняй, а мы ляжалі на падлозе і па нас хадзілі людзі ў аўтазаку. Яна наступала на мяне і я адчуваў, як яна ўся дрыжыць.

Калі мы сядзелі ў турме, была вялікая імавернасьць, што мне прышыюць крыміналку. Падчас пераклічкі называлі ўсе прозьвішчы, акрамя майго, я маральна рыхтаваўся, што мяне закрыюць надоўга. Калі прыйшлі і сказалі «Ўсім на выхад», я не паверыў.

Мяне сустракалі сваякі, сябры, калегі. Яны сказалі, што мяне затрымалі больш як на суткі, парушылі кучу законаў, што іх можна засудзіць. Я думаў: «Божа мой, каго засудзім? Там судзьдзі па локаць у крыві! Да іх прывозяць людзей паўжывых, сініх; там хлопец быў бяз твару. І тым, у каго не было твару, давалі па 15 сутак спэцыяльна, каб пабоі прайшлі. Якое правасудзьдзе?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Пасьля турмы я ляжаў у шпіталі, адразу там купіў квіток да Лёндану. Гэтыя нелюдзі ў балаклавах, якія б’юць людзей на вуліцы, прымусілі мяне пакінуць краіну і жыць у выгнаньні. Тут я сяджу на беразе мора, п'ю прасэка і думаю, што калі-небудзь вярнуся. А вось куды вернуцца гэтыя, у балаклавах? Іх тут ніхто не чакае. Іх чакаюць у Дагестане ляпіць цэглу без дакумэнтаў за талерку рысу — гэта будучыня, якая ў іх наперадзе. Я вярнуся, а вы падумайце, куды вы пабежыце…“

„Белсат“

„Рыхтык сапраўдны зэк, на «сутках» пакаштаваў чыфіру“

Віктар Фрыцлер, 32 гады, Дрыбін, звольнены за пратэст з пасады дырэктара Цэнтру фізкультурна-масавай і спартовай работы райвыканкаму:

Віктар Фрыцлер і сьцяг на скульптуры, за які арыштавалі

„У навагоднюю ноч у цэнтры Дрыбіна на скульптуру фантану нехта накінуў бел-чырвона-белы сьцяг. Першыя фатаздымкі зь ім у мясцовым чаце, дзе ўдзельнічае большая частка насельніцтва пасёлку, зьявіліся а 6-й раніцы. У гадзіну дня са сьцягам у інтэрнэце зьявіўся мой знаёмец. Адпачыўшы ад навагодняй ночы, мы прыяцелем вырашылі праверыць, ці не зьнялі той сьцяг. Прыкладна а 14 гадзіне і я сфатаграфаваўся ды неабачліва выклаў фота ў інтэрнэт.

Увечары 1 студзеня мяне і яшчэ двух хлопцаў, Яўгена ды Паўла, якія разьмясьцілі ў сетках здымкі з парку, схапілі. На нашыя пошукі кінулі ўсю тэхніку мясцовага РАУС. Яўгена і Паўла дапытвалі, а мне далі гатовы пратакол. Прачытаўшы толькі першы радок зь яго («Ня маючы дазволу райвыканкаму на масавае мерапрыемства…»), я сказаў міліцыянтам, што падпісваць трызьненьне адмаўляюся…

У жніўні і верасьні мы прагаворвалі, што трэба рыхтавацца да «сутак», бо такая ўжо палітыка дзяржавы: калі адкрыта выказваеш сваю пазыцыю, то такой кары не мінуць.

На акцыі салідарнасьці ў Маскве

Нас павезьлі за тры дзясяткі кілямэтраў у ізалятар суседніх Горак. У Дрыбіне раней быў свой ІЧУ, але тыдні за два да Новага году яго закрылі. Зь ім я быў троху знаёмы. Даводзілася колькі гадоў таму прабыць у ім з паўдня. Умовы там тады былі антычалавечыя. ІЧУ не ацяпляўся, у камэрах было сыра. У горацкім ізалятары мы хаця б не баяліся падхапіць сухоты...

Калі завялі ў камэру, у нос ударыла хваляю смуроду. Гэта быў кактэйль з паху прыбіральні, поту, перагару. Выварочвала вантробы. Той першы ўдых нявольніцкага паветру адчуваю дагэтуль. У камэры кепска зачынялася акно, і мы пэрыядычна яе праветрывалі, чым ратаваліся.

Нам пашанцавала, бо нас пасадзілі ў адну камэру, разьлічаную на чатырох чалавек. Першы стрэс ад няволі здымалі згуртаванасьцю. Амаль штодня нам падсаджвалі «сямейна-бытавога хулігана». У такіх сядзельцаў былі алькагольныя «адхаднякі», і зь імі было цяжкавата.

Досьведу жыцьця ў ізалятары мы ня мелі, таму вучыліся на хаду. Як перасекліся з Андрэем Юрковым, актывістам руху «За свабоду», то ён са сваімі 77 днямі няволі падказваў, як даваць рады праблемам.

Першыя два дні ў нас нічога, акрамя цыгарэт, не было. Каб папіць гарбаты, трэба было мець свае кубкі і заварку. У рацыёне нявольнікаў гарбаты ці кампоту не прадугледжвалася. У камэры адшукалі плястыкавыя кубачкі. Яны ад бруду былі нават не карычневыя, а чорныя. Адмылі іх мылам і прасілі ў ахоўнікаў кіпеню. Потым займелі свае зь перадач.

Родныя па вызваленьні расказалі, што ім давялося спачатку аплаціць наша знаходжаньне ў ізалятары, бо ахоўнікі адмаўляліся браць перадачы. За мае 15 дзён выйшла 217 рублёў.

У ізалятары зроблена ўсё так, каб сядзельцу было максымальна некамфортна. Напрыклад, вышыня стала была нязручнай, каб сядзець за ім. А стаяць даводзілася згорбленым, зацякала сьпіна. Матрацы былі ў камяках. Ад ляжаньня на іх балела сьпіна.

Скульптурная кампазыцыя са сьцягам у Дрыбіне. Траіх дрыбінцаў асудзілі за фота зь ёю на «суткі»

Праблемамі ў ізалятары былі няведаньне часу і інфармацыйны вакуўм. На волі ж смартфон пастаянна пад рукой: абнавіў Telegram — і ведаеш, што адбылося новага. Пакуль не адвыклі, ляпалі па кішэнях, шукаючы тэлефон. Ратавала чытаньне. Яўген, выйшаўшы на волю сказаў, што за 15 дзён прачытаў больш кніжак, чым за апошнія 15 гадоў.

У адной з камэраў была забітая ракавіна; як толькі мы яе «адрамантавалі», нас перакінулі ў іншую. Тады жартавалі, што ахоўнікам падабаецца, як прыбіраемся, таму вырашылі зрабіць экскурсію па ізалятары, і каб мы заадно навялі ў камэрах парадак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Прыбіральня ў іх зь невысокай загарадкай. Я заўважыў, што ўсе мелі праблемы «з спаражненьнем па-вялікаму». У такім туалеце зьнікаў момант інтымнасьці і здавалася, што спаражняесься ўва ўсіх на вачох. Хацелася, але не маглося. Да таго ж у куце пад стольлю было відэаназіраньне. Яно не захоплівала цалкам прыбіральні, але ад адчуваньня, што за табою і там прыглядаюць, пазбыцца не ўдавалася.

У душ мы трапілі толькі на 11-ы дзень. Галовы і цела абмывалі пад рукамыйнікам, балазе вада была цёплай. Што да інтымнай гігіены, дык абрэзалі плястыкавую бутэльку і мыліся над унітазам. Ратавалі і вільготныя сурвэткі.

У ізалятары немагчыма адчуваць сябе ў бясьпецы ад каранавірусу, бо канвэер людзей не супыняецца. Калі туды паступаеш, у цябе мераюць толькі тэмпэратуру. У мяне градусьнік паказаў 37,4, і хацелі былі вяртаць назад, у Дрыбін, але другі градусьнік засьведчыў 36,8. Ахоўнікі сказалі: «Ай, ладна, залятай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Ніякіх сродкаў прафіляктыкі, акрамя масак, у нас не было. На ранішнюю і вячэрнюю праверку прымушалі надзяваць маскі, але гэта больш для бясьпекі супрацоўнікаў. Кожную праверку адзін зь іх заходзіў у камэру з балёнам і паліваў яе нейкім рэчывам. Мне здаецца, што гэта былі захады ня супраць каранавірусу, а каб не было вошай ды клапоў.

Павал, якому прысудзілі 7 дзён, па вызваленьні страціў нюх. Відаць, на «сутках» быў з канавірусам. Мяне самога пару разоў калаціла, хоць нюх не прападаў. Цяпер стан памежны, адчуваюцца прыкметы прастуды.

Мы захапілі вялікія маразы, і акно, якое ратавала спачатку ад смуроду, стала клопатам. У камэры пахаладала. Мы, аднак, ня мерзьлі, бо шмат рабілі фізычных практыкаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Я і Яўген у ізалятары адзначылі дні народзінаў. Такі сыстэма зрабіла нам падарунак. Дзецям і ўнукам раскажу, як сустрэў сваё 32-годзьдзе. Як «сапраўдны зэк», пакаштаваў чыфіру. Яго запарыў Андрэй Юркоў, і яшчэ падарыў шакалядку. Я ня тое каб хацеў глынуць такой «гарбаты», але падумаў: калі зьявілася магчымасьць паглыбіцца ў нявольніцкую субкультуру, то чаму не скарыстацца?

Віншавалі і ахоўнікі. Яны казалі, што я зьбярог грошы, быўшы ў ізалятары, бо на волі прастаўляўся б.

Яўген на свой дзень народзінаў сядзеў асобна ад нас. З Андрэем для яго мы сьпявалі «Happy birthday to you», а як апынуліся разам, ён сказаў, што чуў нашае віншаваньне і ў адказ крычаў «Дзякую!»

У няволі я зрабіў выснову: калі там паводзісься адэкватна, то бачыш зьмены ў стаўленьні да цябе ахоўнікаў. Людзкія паводзіны разьбіваюць высілкі прапаганды выставіць нас наркаманамі, алькаголікамі і прастытуткамі. Думаецца, што адэкватнасьць спараджае ў міліцыянтаў карысныя сумневы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У ізалятары я пераканаўся, што пачуцьцё гумару дапамагае ўмацоўваць веру ў свае сілы. Яно ратуе ад нуды. Але нішто так не калечыць, як неабгрунтаваная надзея.

Хоць і разумееш, што адбываецца ў краіне і што разьлічваць на пазытыўнае вырашэньне справы не выпадае, але ўсё роўна спадзяесься. Праскоквала думка: а раптам судзьдзя трапіцца прынцыповы і разьбярэцца, што фатаграфаваньне не зьяўляецца масавым мерапрыемствам? Ці наша затрыманьне выкліча такі грамадзкі рэзананс, што нас адпусьцяць. Але ў судзе нашы надзеі зьніклі імгненна.

Адзін з судзьдзяў адмовіўся разглядаць усе тры справы. Узяўся толькі за адну. І ён, як высьветлілася, быў больш ляяльным: наш «падзельнік» Павал атрымаў «толькі» 7 дзён арышту. А нам судзьдзя «ўлупіла» па пятнаццаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

На працэсе, як мне здалося, завязаўся дыялёг зь ёю. Хаця зразумела, што на судзілішчы зьвяртацца да голасу розуму, лёгікі бессэнсоўна. Судзьдзя настойвала, што я праводзіў масавае мерапрыемства, але як яно магло быць такім, калі ў парку ніводнага чалавека не было? На маю заўвагу судзьдзя адрэагавала, што фота я выклаў у інтэрнэт і яго пабачыла шмат людзей. Я і дапусьціць ня мог, што на фатаграфаваньне ў парку патрэбен дазвол райвыканкаму!

У няволі, тым ня менш, пераканаўся ў слушнасьці выбранага шляху. Я прайшоў паўнавартасны абрад ініцыяцыі і цяпер з гонарам магу заявіць: «Я беларус у поўнай меры». У ізалятары завяршыўся мой пратэставы цыкль.

Пачаўся ён з праблемаў на працы, працягнуўся прафіляктычнымі гутаркамі ў пракуратуры, звальненьнем, судамі, і скончыўся 15 днямі арышту. Цяпер народжаная ў пратэсьце прымаўка «Не сядзеў — не беларус» і пра мяне таксама“.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

„«Перагарнуць старонку» не атрымаецца, псыхіка так не працуе“

Сяргей Папоў, лекар-псыхіятар, псыхатэрапэўт:

Сяргей Папоў

„7 лістапада, калі ў Менску каля 1-й лякарні затрымалі каля 50 мэдработнікаў, я таксама апынуўся ў аўтазаку, а потым на «сутках».

Суд прызначыў мне 15 дзён арышту, і я пасьпеў пабываць у ізалятарах на Акрэсьціна, у Жодзіне і Магілёве. Людзі вакол увесь час мяняліся і па-рознаму перажывалі зьняволеньне, але, перш чым гаварыць пра іхныя і мае рэакцыі, пачну з фактараў, якія за кратамі зьяўляюцца траўматагеннымі.

Першае — пачуцьцё неіснаваньня часу і няпэўнасьці. Да суду ты ня ведаеш свайго лёсу і ніхто нічога табе не гаворыць. Да таго ж у цябе няма гадзіньніка. У Жодзіне, напрыклад, дзе сьвятло ніколі не выключалася, а акно моцна закратаванае, мы арыентаваліся толькі па сьняданку, абедзе і вячэры. Усё гэта кепска пераносіцца псыхікай і спараджае адчуваньне ўласнага неіснаваньня ў сьвеце. Думкі спыняюцца (ты ня думаеш, што табе трэба кудысьці пайсьці, нешта зрабіць...) Да таго ж табе няма куды сябе падзець, ад гэтага ўзьнікае трывога, зьяўляюцца фантазіі і адчуваньне, што цябе ўсе забудуць. Гэта і ёсьць трывога ўласнага зьнікненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

З інтэрвію Віктара Грапава, якога затрымалі ў ноч з 11 на 12 жніўня:

„[У момант вызваленьня] ў мяне быў пэсымістычны настрой. На трэці дзень у горад выйшла менш людзей, чым да гэтага. Я думаў, вярнуся ў Менск, а там ужо ўсе забыліся пра гэтыя мітынгі. Але калі па дарозе дадому мы заехалі на праспэкт Дзяржынскага і я ўбачыў там дзяўчат з кветкамі і сьцягамі, мяне прабіла на сьлязу. Зразумеў: мы не дарэмна выходзілі“.

Другое: за кратамі чалавек пазбаўляецца адлюстроўваньня сябе, сваёй ідэнтычнасьці з боку іншых. Што гэта значыць? У працэсе жыцьця, калі мы маем зносіны з рознымі людзьмі, яны сваімі рэакцыямі на нас паказваюць, якія мы (як я выглядаю, як сябе прэзэнтую, што я значу, хто я). У зьняволеньні гэта зьнікае, бо сувязі са значнымі людзьмі разрываюцца. За кратамі месца значных людзей займаюць ахоўнікі, ад якіх ты робісься практычна абсалютна залежным. У выніку ў зьняволенага могуць зьявіцца ўнутраныя сумневы: «Ці сапраўды я добры? Ці сапраўды я чагосьці варты? Можа, я і праўда вінаваты?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Са жнівеньскага інтэрвію валянтэра Ўлада Астроўскага, які дапамагаў людзям на Акрэсьціна:

„Большасьць выходзяць у жаху. Памятаю, яшчэ ў сераду, да масавага выпуску, выйшла дзяўчына. Яна ішла з дрыготкімі рукамі каля галавы. Казала: «Не падыходзьце да мяне, не размаўляйце. Мне трэба ісьці». Пазьней іншыя хлопцы нам расказвалі, што ім казалі: «Хутчэй адсюль валіце, інакш пасадзім назад». Некаторыя нават дагэтуль баяцца забіраць рэчы“.

Калі чалавек мае ўстойлівую ідэнтычнасьць (моцны ўнутраны стрыжань, разуменьне, што ён прафэсіянал), то яму лягчэй. Калі ж ён яшчэ не знайшоў сябе, тады ён аказваецца ў вялікай унутранай разгубленасьці. У гэтым выпадку ён можа несьвядома прымаць бок суб’екта, ад якога залежыць, нават калі той відавочна агрэсіўны. Праяўляецца стакгольмскі сындром, калі ахвяра пачынае бачыць сябе саюзьнікам свайго агрэсара або нават бачыць у ім заступніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

З інтэрвію дацэнта ГДУ імя Ф. Скарыны Натальлі Суславай:

„Там [у РАУС] я ўпершыню ўбачыла, як выглядаюць панічныя атакі: здаецца, што чалавек проста не ў сабе. З намі была такая жанчына, ужо дастаткова ў гадах. Яна ад стрэсу і жаху неяк зусім не адэкватна паводзіла сябе. А з другога боку ад мяне сядзела маладзенькая дзяўчынка — далікатная, зусім яшчэ дзіця — дык яна баялася не паслухацца хоць якога загаду міліцыянтаў. Нам да апытаньня сказалі сядзець і глядзець у сьцяну — вось яна так і не зварухнулася ўвесь час, нават вочы не адвяла. Гэта таксама, напэўна, стрэс…“

Важна, што зьняволены мае зносіны ня толькі з аховай, але і з сукамэрнікамі. Гэта зьніжае рызыку таго, што ўсё гэта стане для чалавека цяжкай траўматычнай падзеяй, але таксама залежыць ад таго, хто побач. Вельмі важна, каб людзі ў камэры гаварылі пра сваю дзейнасьць, каштоўнасьці, погляды. У маіх камэрах тыя, хто мог так адкрыта і з запалам пра сябе расказаць, захоўвалі сваю вітальнасьць — стан і разуменьне, што, якія б ні былі ўмовы цяпер, я гэта пражыву і працягну займацца сваімі звыклымі справамі; я гэта я і застануся сабой. Тыя ж, хто менш удзельнічаў у размовах, зь цягам часу станавіліся больш закрытымі, дэпрэсіўнымі, часам адмаўляліся ад ежы і ад кантактаў.

Мне пакуль не даводзілася шчыльна размаўляць зь людзьмі, якія ў ІЧУ перажылі гвалт, але відавочна: гэта вельмі траўматычная падзея. Такая сытуацыя расхіствае базавую патрэбу чалавека — патрэбу ў бясьпецы. Далей гэта будзе прадукаваць трывогу. Магчыма, дастаткова моцную: чалавек пачынае баяцца весьці актыўнае жыцьцё ў любой яго форме, бо так ён трапіць у небясьпеку, у стан безабароннасьці і бездапаможнасьці. У выніку ў кагосьці гэта можа выліцца ў трывожнае расстройства (нэўроз) або посттраўматычнае стрэсавае расстройства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–лістапад 2020. Мы — сьведкі. „У мярзотнай атмасфэры пачынаеш адчуваць сябе парушальнікам“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

З кантактаў з затрыманымі, якіх адпускалі ь ЦІП на Акрэсьціна ў ноч з 13 на 14 жніўня:

Вадзім, 32 гады. Ён з тых, хто выйшаў з будынка ЦІП пасьля гадзіны ночы. […].

— Давайце ня будзем тут гаварыць. Я зараз адыду, а вы за мной, а то тут камэры.

Мы адыходзім на некалькі мэтраў. Вадзім расказвае, што затрымалі яго на вуліцы, калі яны зь сябрамі гулялі.

— Вы можаце мяне прыкрыць, — у разгубленасьці перапыняе ён нашу гутарку і зьвяртаецца да маладых людзей, што стаяць побач. — Станьце да нас сьпінай, каб я ня трапіў на камэры.

За 17 хвілін інтэрвію ён яшчэ ня раз сьцепанецца ад адчуваньня, што за ім могуць сачыць.

Людзі, якія не падтрымліваюць пратэсту і апынуліся ў аўтазаку выпадкова, напрыклад па дарозе ў краму… Адны зь іх яшчэ больш умацуюць сваю ўпэўненасьць, што тыя, хто выходзіць на маршы, дрэнныя: «Праз вас я таксама пацярпеў». Другія ўбачаць сытуацыю пад іншым вуглом. Мне здаецца, частка ахоўнікаў, калі глядзяць на тых, хто трапляе паводле палітычных артыкулаў, пачынаюць мяняцца. Бо відавочна, што ім даводзіцца працаваць зь людзьмі, якія паводзяць сябе спакойна, інтэлігентна і культурна, не праяўляючы прыкмет паводзін гвалту; да іх ня трэба ўжываць жорсткіх мэтадаў кантролю.

З інтэрвію менчука Яўгена, якога затрымалі на „плошчы Пераменаў“:

„У Баранавічы нас этапавалі аўтазакамі для асабовага складу, у салёне былі мяккія скураныя сядзеньні. Канваіры, якія нас суправаджалі, былі адэкватнымі. Калі мы прасілі адчыніць акно, яны адчынялі, пыталіся пра час — яны называлі. Мне здалося, той, які сядзеў каля Юрца (зьняволены, які вельмі шмат размаўляў), за дарогу да Баранавіч нават памяняў свае палітычныя погляды“.

Колькасьць людзей, якія цяпер зьвяртаюцца да спэцыялістаў, значна павялічылася. Вялікая колькасьць тых, хто ні ў чым ня ўдзельнічаў, — іх турбуе пачуцьцё віны і трывогі. Шмат родных і блізкіх удзельнікаў акцый і самі ўдзельнікі.

У нейкі ступені наша грамадзтва даўно траўмаванае. Не ў палітычным кантэксьце, а ў пляне грамадзкай сьвядомасьці, калі грамадзтва — гэта як жывы арганізм. За XX стагодзьдзе мы перажылі рэвалюцыі, дзьве вайны, рэпрэсіі 1937-га, развал Саюзу. Практычна ніхто з нас нічога з гэтага не прапрацоўваў, як, напрыклад, было ў Нямеччыне з дэнацыфікацыяй. Мая думка: тое, што адбываецца цяпер, — гэта свайго роду сутыкненьне новага і старога, савецкага. Гэта значыць, нагадваюць пра сябе непрапрацаваныя траўмы. Ваенная рыторыка, якая цяпер у нас актыўна трансьлюецца, гэта прыклад непрапрацаваных траўматычных наступстваў Другой сусьветнай вайны.

Ёсьць і такія, хто працягвае жыць, быццам нічога не адбываецца. У кожнага свая жыцьцёвая прастора. Можна думаць, што ёсьць тыя, у каго яна не перасякаецца з падзеямі, што адбываюцца. Хоць яшчэ Фрэйд казаў: псыхіка ўяўляе сабой айсбэрг, вялікая частка якога (гэта значыць, несьвядомыя працэсы) пад вадой, і толькі верхавіна — гэта тое, што мы ўсьведамляем. Магчыма, гэтыя людзі проста пакуль не ўсьведамляюць, што зь імі нешта адбываецца.

Напрыклад, родныя затрыманых перажываюць тыя ж вельмі моцныя пачуцьці, што і тыя, хто быў затрыманы або пацярпеў. Плюс у іх дадаецца вялікі страх страты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–сьнежань 2020. Мы — сьведкі.„Таварыш з аўтаматам зьвяртаўся да нас «бандыты»“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

З інтэрвію псыхоляга Алы, якая валянтэрыла на Акрэсьціна:

„Я зараз працавала з мамай хлопца, які быў там. Мама была ў яшчэ больш вартым жалю стане, чым дзіця. Яна тыдзень не магла нічога рабіць, есьці. Сёньня яны з сынам прыехалі забіраць рэчы. Калі ён пайшоў у будынак, мы з мамай сядзелі побач, так, каб яна магла бачыць уваходныя дзьверы. Сядзелі і маліліся. Яна баялася, раптам яго зноў ня выпусьцяць. Але ўсё добра. Потым мы пагаварылі. І цяпер я гляджу: яна сядзіць, есьць суп. Першы раз за тыдзень“.

Ёсьць нямала гісторый, калі блізкія затрыманага, якія да арышту яго падтрымлівалі, пасьля пачынаюць вінаваціць. Тут шмат што залежыць ад ступені эмацыйнай залежнасьці адзін ад аднаго. Чым яна большая, тым мацнейшым пасьля будзе пачуцьцё страты, злосьць і абвінавачваньне. Тут добры прыклад — адносіны паміж сынам і бацькам, які пайшоў на фронт і загінуў. З аднаго боку, дзіця любіць бацьку, а з другога злуецца, што той выбраў барацьбу, а не сям’ю. Спатрэбіцца шмат часу, каб дзіця прапрацавала і зразумела: тата ня мог іначай. Дарэчы, тут ёсьць і іншы момант. Напрыклад, бацька застаўся дома. Ня факт, што ў будучыні дзіця ў яго не спытае: «Чаму ўсе пайшлі, а ты не? Ты баязьлівец?»

Калі бацькі — прыхільнікі дзейнай улады, выклікаюць міліцыю на дзяцей, якія вешаюць на вокны БЧБ-шторы… Думаю, тут у іх першапачаткова была нейкая канфліктная сытуацыя, у якую ўпляліся новыя, палітычныя дачыненьні. Я абсалютна ўпэўнены, што гэтым бацькам ня ўсё роўна. Але адбываецца дзіўны перакрут: я ў табе маю патрэбу, але, раз ты не са мной, я буду цябе атакаваць. Аднаму з бацькоў важна, каб дзіця было ягоным працягам — такіх самых ідэй, поглядаў, але ў падобных сем’ях дзеці часта, наадварот, імкнуцца адарвацца, каб адчуць сябе індывідуальнымі і асобнымі. У выніку бацька ці маці ўспрымаюць гэта як атаку, нібыта сын або дачка забірае ў іх сябе.

З інтэрвію жыхаркі Менску Вольгі, бацька якой выклікаў міліцыю ва ўласную кватэру, дзе сямейнікі павесілі БЧБ-шторы:

„Натуральна, былі спрэчкі, маглі нават трошкі пасварыцца, але ўсё гэта было спакойна. Вядома, бацька заўсёды выступаў супраць нашых поглядаў, узвышаў голас, казаў: «Куды вы ўсе ходзіце на мітынгі, сьцягі гэтыя вывешваеце, вам гэта трэба?» Але такога, каб выклікаць міліцыю, ніколі не было“.

Ахвяры (тыя, каго білі) і агрэсары (тыя, хто біў) па-рознаму перажываюць падзеі. Ахвяра адчувае боль — эмацыйны, фізычны. Гэты боль прымушае зважаць на тое, што баліць. Калі гэтую траўму прапрацоўваць (што можа заняць не адзін год), то з гэтага стану можна выйсьці безь вялікіх страт. Калі ж чалавек ня мае атачэньня, якое яго прымае, або няма куды зьвярнуцца па дапамогу, то боль ізалюецца ў псыхіцы.

Парадокс у тым, што празь нейкі час гэтая непрапрацаваныя псыхічная траўма перадасца дзецям, наступнаму пакаленьню. Напрыклад, ахвяра будзе трансьляваць сыну або дачцэ: «Каб не было балюча, ты павінен сам стаць катам».

З агрэсарамі ўсё інакш. У нейкі момант яны апынаюцца ў безвыходным становішчы. Калі яны зробяць нешта, каб адчуць боль (ці ўвогуле проста адчуць), гэта значыць, што ім давядзецца сутыкнуцца і з болем іншых людзей, гэта значыць зь незваротным жахам, які ўжо быў учынены. Перанесьці гэта вельмі складана. Таму псыхіка агрэсара працуе на тое, каб да канца заставацца на ранейшых рэйках. Каб ні на крок не пасунуцца да магчымасьці хоць нешта адчуць. Гэта трагедыя для ўсіх.

У выніку гвалтоўныя дзеяньні будуць утойвацца, але дзеці гэтых людзей адчуюць: у сям'і ёсьць нейкая забароненая тэма, пра якую нельга пытацца. Інакш вобраз добрага бацькі, якім дзіця яго ўяўляе, можа стаць не такім добрым. Усё гэта прыводзіць дзяцей да няздольнасьці жыць шчыра. Ня думаю, што такія хлопцы пойдуць па сьлядах бацькоў, хоць і гэта ня выключана. Хутчэй, зь іх вырастуць людзі, якім спатрэбіцца шмат часу, каб зразумець сябе. Магчыма, яны так і ня змогуць гэтага зрабіць.

Ёсьць вострыя рэакцыі, якія праяўляюцца ў першыя гадзіны і дні. Яны характарызуюцца моцнымі эмоцыямі — лютасьцю, злосьцю, моцнай трывогай. Чалавек можа ня спаць, знаходзіцца ў здранцьвеньні.

З інтэрвію выкладчыка БДУ Вадзіма Беляўца, які падчас студэнцкага маршу заступіўся за хлопцаў. На заўтра, калі прыйшоў на працу, пэдагог хацеў звольніцца:

„Вельмі цяжка ісьці калідорамі факультэту і глядзець у вочы дзецям, якія былі пабітыя і/або сядзелі на Акрэсьціна. Ты разумееш, што ня можаш іх абараніць; разумееш, што ніхто не панёс адказнасьці за садызм на Акрэсьціна ў першыя дні пратэстаў. Студэнцкія акцыі, якія я бачыў, пра якія чуў, былі выключна мірнымі. На некаторыя зь іх быў непрапарцыйны сілавы адказ. Тое, што адбылося ў лінгвістычным унівэрсытэце, — проста неймаверны акт жорсткасьці ў дачыненьні да студэнтаў“.

Ёсьць адтэрмінаваныя рэакцыі, гэта тое, што называецца посттраўматычным стрэсавым расстройствам. Яны могуць праяўляцца празь месяцы, паўгода. У чалавека можа паступова разьвівацца дэпрэсіўны стан, парушаецца сон. Калі, напрыклад, былі больш актыўныя падзеі, зьвязаныя з затрыманьнямі, чалавек мог, выкажам здагадку, ехаць міма ГЦ «Рыга» ці мэтро «Пушкінская» і аўтаматычна ўспамінаць: «Тут усё адбывалася». І яго агортвала трывога, або злосьць, або ўнутранае эмацыйнае здранцьвеньне. Усё гэта ў значнай ступені памяншае здольнасьць чалавека падтрымліваць стасункі, любіць і працаваць. Ён становіцца раздражняльным, зьяўляюцца праблемы ў блізкіх стасунках, у сям'і. Часам, дарэчы, чалавек нават сьвядома ня зьвязвае ўсё гэта з тым траўматычным досьведам, які ў яго ёсьць.

У далейшым на ўзроўні цела гэта можа прыводзіць да хвароб, павышэньня рызыкі суіцыдаў, злоўжываньня алькаголем, гвалту ў сям'і і адзін над адным.

З інтэрвію Галіны Ўласік, рэдактаркі аддзелу навін TUT.BY:

„Самае складанае для мяне — жыць ва ўсім тым, што цяпер адбываецца ў краіне. Калі чалавека могуць выцягнуць з кватэры і даць 15 сутак проста за сьцяг на акне. Калі на вуліцы падчас прагулкі затрымліваюць мужчыну, і ён пакідае вазок з васьмімесячным дзіцем і ідзе ў аўтазак. Тое, што адбываецца з 9 жніўня, паказвае, што мы ўсе абсалютна не абароненыя, што ў краіне сёньня «не да законаў». Журналісту, каб трапіць пад раздачу, зусім не абавязкова выходзіць на вуліцу і лезьці кудысьці ў гушчу падзей. Дастаткова напісаць праўду, якая не спадабаецца камусьці наверсе, — і ўсё, цябе «закрыюць»“.

Калі праходзіць нямала часу, а чалавек застаецца спакойным, значыць, у яго не сфармавалася посттраўматычнага стрэсавага расстройства. Псыхіка — дзіўная сыстэма. Яна імкнецца да аднаўленьня, як рана да загойваньня. Пагадзіцеся, адзін чалавек паглядзіць фільм жахаў — і тыдзень ня зможа спаць, а другі падумае: «Што тут страшнага?»

У кожнага сваё ўспрыманьне. Плюс яно залежыць ад ступені сьвядомай уцягнутасьці: чым яна большая, тым ніжэйшая рызыка посттраўматычнага стрэсавага расстройства. Тыя, хто сьвядома сутыкаецца з чымсьці і гэта пражывае (калі актыўнасьць чалавека напоўненая энэргіяй яго сапраўдных перакананьняў і каштоўнасьцяў), лягчэй пераносяць тое, што адбываецца, чым тыя, хто, напрыклад, проста сочыць за навінамі ў тэлеграме. З агаворкай толькі, калі гэта не масіўная траўматычная падзея, зьвязаная з гвалтам. У гэтым выпадку закранае ўсіх.

Варта таксама ўлічваць, што турбулентнасьць працягваецца, а значыць, мы працягваем жыць з пачуцьцём эмацыйнай мабілізацыі. Пакуль гэта адбываецца, посттраўматычныя наступствы могуць не адчувацца. Часта бывае так, што, калі чалавек едзе ў бясьпечнае месца ці ўсё сканчаецца і, здавалася б, можна выдыхнуць, пачынаюцца псыхалягічныя або псыхічныя праблемы.

Пасьля траўматычных падзей толькі трэцяе пакаленьне можа быць больш-менш свабодным ад гэтага траўматычнага досьведу. Гэта значыць, вашы ўнукі.

Страх пры відзе міліцыі хутка ня пройдзе. Ёсьць прыказка: апёкся на малацэ, дзьмеш на ваду. Тое ж і з асаблівасьцю траўматычных перажываньняў. Пры траўме, нават калі чалавек быў проста сьведкай, псыхіка выразна вылоўлівае прыкметы таго, адкуль можа ісьці небясьпека. Стоячы на прыпынку, мы яшчэ доўга будзем узірацца: што гэта — маршрутка або бусік. Думаю, гэта інстынктыўная здольнасьць чалавека, якая дазваляе яму выжываць.

«Перагарнуць старонку» не атрымаецца, псыхіка так не працуе. Да лекара, па віне якога адбылася трагедыя, наўрад ці будзе чарга на прыём. Каб стаўленьне памянялася, яму давядзецца адкрыта расказаць пра здарэньне. А потым зноўку даказаць свой прафэсіяналізм. Перайменаваньне міліцыі ў паліцыю, як гэта адбылося ў Расеі, стаўленьне да супрацоўнікаў не зьмяніла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – студзень 2021. Мы сьведкі. „Арыштавалі за «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

З інтэрвію загадчыка катэдры замежнай літаратуры МДЛУ Юрыя Стулава:

„Зь дзяцінства мяне вучылі: мая міліцыя мяне беражэ, але я заўважаю, што людзі вакол цяпер баяцца міліцыі. Неяк у 7:30 я ўбачыў, як да майго дома пад’ехалі дзьве машыны міліцыі. Унутры адчуў нешта нядобрае, бо мы ўжо прывыклі: нічога добрага такія візыты не прыносяць. Празь нейкі час я стаў выходзіць з кватэры на працу, а гэтыя міліцыянты — у нас на пляцоўцы. Пытаюся: «Што вы тут робіце?» Аказваецца, у суседзяў спрацавала сыгналізацыя. Міліцыя прыехала, каб дапамагчы, але многія, хто цяпер бачыць супрацоўнікаў альбо чуе пра іх, адразу думаюць не пра дапамогу, а адчуваюць нэгатыўныя пачуцьці“.

Ці ёсьць ва ўсіх гэтых падзеях нешта добрае для псыхікі? Часта кажуць, што беларусы ўбачылі адзін аднаго. Мы ўбачылі аднадумцаў, а таксама тых, хто думае інакш. І нам трэба навучыцца быць разам, нават калі мы думаем па-рознаму. Без таго, каб зьнішчаць. Гэта першае.

Другое: нам трэба навучыцца журыцца і смуткаваць. Гэта вельмі важна, бо той, хто добра журыцца, добра радуецца. Працэсы смуткаваньня спрыяюць разьвіцьцю. Калі ты тужыш па нечым каштоўным, што адышло, страчана або закончылася, яно застаецца ў табе як досьвед, зь якім ты ідзеш далей“.

TUT.BY

„Яны галадранцы. І нас хочуць зрабіць галадранцамі“

Вітольд Ашурак, палітвязень зь Бярозаўкі Лідзкага раёну:

Вітольд Ашурак

„Зразумела, што нічога прыемнага за кратамі няма, але няма і шоку! Проста мне трэба перажыць гэты пэрыяд свайго жыцьця. Зыходзячы з гэтага, адсутнасьць віраваньня эмоцый выглядае цалкам лягічнай і, больш за тое, натуральнай. Усё тое, што было са мной у маёй памяці да турмы, са мной і засталося, як гэта ні дзіўна зь першага погляду. А калі не адбылося пераасэнсаваньня, то гэта азначае, што мая сьвядомасьць засталася на тых самых пазыцыях, што і была да турмы.

Адзінае, з чым я сутыкнуўся, — сны. Безумоўна, сны бывалі і раней. Гэта ж натуральна для чалавека — бачыць сны. Але такіх пяшчотных і пранізьлівых, бадай што, і не было.

У снах да мяне прыходзілі маці, брат, жонка, мае пляменьнікі… Гэта было шчымліва прыемна, выклікала боль, супакойвала — цэлая палітра эмоцый.

Калі я яшчэ сядзеў у лідзкім ЦІПе, то зьвярнуў увагу на тое, што пры рэгістрацыі і мяне, і іншых пратэстоўцаў міліцыянты з задавальненьнем запісваюць у графе «занятак» — «Не работает».

І я ўспомніў тады словы маёй бабы Мані, якая была сьведкай прыходу на нашу зямлю камуністаў. Яна часта казала нам з братам, калі мы былі дзецьмі і хадзілі ў школу: «Дзеткі, ня верце бальшавікам. Яны галадранцы. І яны нас хочуць зрабіць галадранцамі».

І вось прайшлі дзесяцігодзьдзі — і я разумею, што мая любая баба Маня мела рацыю: міліцыянты сьвядома запісваюць нас «неработаюшчымі», каб дыскрэдытаваць, выставіць нас «галадранцамі». Хоць самі ў жыцьці ніколі не працавалі. Гэта, бадай, адзінае, што ўразіла мяне ў апошнія месяцы“.

NN.by