Колькасьць подпісаў пад пэтыцыяй у абарону бел-чырвона-белага сьцяга за другі дзень вырасла да 70 тысяч

Нацыянальны сьцяг Беларусі

Да заканчэньня збору подпісаў у абарону бел-чырвона-белага сьцяга застаецца амаль 4 дні, а яе падпісалі ўжо звыш 70 тысяч чалавек.

«Мы лічым, што забарона на выкарыстаньне бел-чырвона-белай сымболікі не абгрунтаваная нічым, апроч палітычнага ціску на грамадзян, ня згодных зь дзеяньнямі дзейных уладаў», — гаворыцца ў звароце.

Падпісанты пэтыцыі патрабуюць:

  • спыніць перасьлед беларусаў за выкарыстаньне сымболікі, якая ўяўляе сабой нематэрыяльную культурную каштоўнасьць,
  • прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг гісторыка-культурнай спадчынай.

Тэкст пэтыцыі мае разглядацца як калектыўны зварот грамадзянаў у адпаведнасьці зь беларускім законам.

Ініцыятыва падначаленых Лукашэнкі прызнаць першы сьцяг незалежнай Беларусі экстрэмісцкім сустрэла хвалю кпінаў у інтэрнэце. Шмат карыстальнікаў сацыяльных сетак не хаваюць скэптычнага стаўленьня да падобнай ідэі і называюць яе марнай спробай адцяніць бездапаможнасьць улады даць рады ў цяжкім эканамічным становішчы дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР: Забарона сьцяга прадэманструе страх рэжыму перад народам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забарона нацыянальнай сымболікі ператварае пратэст у нацыянальна-вызвольны рух