Уладальніка крамы «Мой модны кут» асудзілі на 15 содняў, ягоную жонку аштрафавалі

Крама «Мой модны кут», архіўнае фота з старонкі крамы ў Фэйсбуку

Валерыя Есіпёнка асудзілі на 15 дзён арышту, ягоную жонку Алену аштрафавалі на 870 рублёў, паведаміла «Наша ніва».

«У мяне было чатыры суды па трох пратаколах, — расказала Алена. — Я знаёмілася з тым, у чым мяне абвінавачваюць, толькі на судах: там то адзіночнае пікетаваньне было, то масавае, і ў выніку пратаколы пастаянна адпраўлялі на дапрацоўку. Я думала, што гэтая эпапэя ня скончыцца, таму канкрэтны прысуд за нібыта ўдзел у масавым мерапрыемстве стаў ужо палёгкай. Валеру ж далі 15 сутак, ён пачувае сябе добра, трымаецца малайцом».

Жанчыну адпусьцілі толькі пасьля 20-й гадзіны 29 студзеня: трое сутак з моманту яе затрыманьня скончыліся яшчэ ў 14:40.

У Есіпёнкаў двое непаўналетніх дзяцей. Пакуль бацькоў не было дома, яны знаходзіліся зь сястрой Алены.

«Самым цяжкім было жыцьцё ў невядомасьці: калі ты ня ведаў, што адбываецца і што цябе чакае. А так мы ўсё вытрымаем, усё нармалёва», — сказала Алена.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менская крама «Мой Модны Кут» пасьля затрыманьня заснавальнікаў абвясьціла пра закрыцьцё

26 студзеня Валера Есіпёнка выклікалі ў аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Пасьля адказаў на пытаньні яго адпусьцілі. Але ў гэты у краме «Мой модны кут» міліцыянты затрымалі яго жонку Алену. Адной з прычын затрыманьня, як сказалі відавочцы, назвалі гандаль «незарэгістраванай сымболікай».

Напярэдані затрыманьня ў краму прыйшла праверка МНС, якая выявіла парушэньні.

28 студзеня Валера Есіпёнка затрымалі, калі ён прыйшоў на суд над сваёй жонкай.

Цяпер крама не працуе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Налёт на беларушчыну. Як па ўсёй краіне прэсуюць беларускія асяродкі