Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская крама «Мой Модны Кут» пасьля затрыманьня заснавальнікаў абвясьціла пра закрыцьцё


«Нашая крама „Мой Модны Кут“ будзе зачынена да лепшых часоў».

26 студзеня затрымалі заснавальніцу крамы Алену Есіпёнак, а 28-га — яе мужа Валера.

28 студзеня прайшоў працэс над Аленай Есіпёнак, якую затрымалі 26 студзеня ў краме «Мой модны кут». На працэс у суд Савецкага раёну Менску прыйшоў яе муж Валер Есіпёнак, і яго затрымалі яшчэ да пачатку суду.

Яму сказалі, што ў дачыненьні да яго праводзіцца праверка. Тым часам судзьдзя Воўк адправіў справу Алены паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП на дапрацоўку. Пакуль незразумела, ці выпусьцяць Алену на волю.

Журналіст Ягор Марціновіч паведаміў, што ўпраўленьне па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю правярае краму «Мой модны кут». Спрабавалі дапытаць яго, але паколькі справа не заведзеная, то ён адмовіўся нешта казаць.

«Нашая крама будзе зачынена да лепшых часоў»

«Нашая крама „Мой Модны Кут“ будзе зачынена да лепшых часоў. Хаця б да тых, пакуль сэрца і душа нашай крамы ня выйдуць на свабоду. Моцна выбачаемся перад тымі, хто хацеў бы набыць годныя рэчы, а таксама перад тымі, хто ўжо аплаціў і чакае дастаўкі альбо самавывазу: зараз мы ня можам гэта ажыцьцявіць, але як толькі зьявіцца магчымасьць, усё выканаем. Шчыра дзякуем за салідарнасьць, паведамленьні і цёплыя словы», — напісала крама ў Інстаграме.

Праверкі і затрыманьні

26 студзеня, як расказалі Свабодзе сябры ўладальнікаў павільёна з адзеньнем і сувэнірамі ў нацыянальным стылі, у краму, якая месьціцца ў гандлёвым цэнтры «Маскоўска-Венскі», наведаліся кантралёры з МНС.

Уладальнікам крамы Валеру і Алене Есіпёнкам уручылі прадпісаньне на ліквідацыю парушэньняў пажарнай бясьпекі. Павільён мелі зачыніць да таго часу, пакуль ня будуць выкананыя прадпісаньні.

26 студзеня Валера выклікалі ў аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Пасьля адказаў на пытаньні яго адпусьцілі. Але ў гэты час на працоўным месцы міліцыянты затрымалі яго жонку.

Адной з прычын затрыманьня, паводле суразмоўцаў, стаў гандаль «незарэгістраванай сымболікай».

У сям’і непаўналетнія дзеці, яны вучацца ў беларускамоўнай гімназіі № 4 у Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG