BYPOL правёў сваю праверку сьмерці Рамана Бандарэнкі. Што яна дала новага

Больш як два месяцы прайшло ад гібелі Рамана Бандарэнкі. Крымінальнай справы дагэтуль не завялі, пракуратура працягвае праверку. Ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL правяла ўласную праверку і апублікавала яе вынікі.

BYPOL атрымала

  • запісы тэлефонных размоў у міліцыю і зь міліцыі,
  • геалякацыі тэлефонаў людзей, магчыма, датычных да гібелі Бандарэнкі,
  • пералік вылікаў, тэлефонных нумароў і часу размоваў гэтых людзей,
  • запіс размовы лекараў са сваякамі Бандарэнкі, якія расказвалі пра траўмы Рамана Бандарэнкі.

Пры дапамозе гэтых зьвестак сьледчыя Bypol аднавілі храналёгію падзей і назвалі імёны людзей, уцягнутых у іх.

Каля 22:00 Раман Банадрэнка выйшаў у двор, дзе прыежджыя людзі зрывалі белыя і чырвоныя стужкі.

22:35. Жанчына выклікала міліцыю на вуліцу Чарвякова: «У двары тут бойка», «Там аднаго хлопца білі».

Bypol называе нумар шэрага мікрааўтобуса, у які закінулі Рамана Бандарэнку, і пералічвае імёны людзей, што на ім прыехалі. Паводле BYPOL, гэта 5 супрацоўнікаў САХР (СОБР) — спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня МУС. Групу суправаджаў старшы інструктар Ш. Bypol падазрае, што гэтыя людзі датычныя да зьбіваньня Бандарэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Супрацоўніца БТ Ганна Эйсмант абвергла сваю прысутнасьць падчас інцыдэнту з затрыманьнем Рамана Бандарэнкі. Яе словы праверылі

22:58. Бандарэнку прывезьлі ў Цэнтральны РУУС. Але ўжо не супрацоўнікі САХР, а АМАП. Яны занесьлі яго за рукі і ногі пад агляднае акно апэратыўнага дзяжурнага. Амапаўцы сказалі, што мужчына моцна пʼяны, і сышлі. Міліцыянты ў дзяжурнай частцы перанесьлі Рамана ў пакой для затрыманых, не праверыўшы ягоны стан, сьцьвярджае BYPOL.

23:04. Дзяжурны выклікаў «хуткую», каб агледзець мужчыну нібыта ў моцным алькагольным стане.

Пасьля гэтага, паводле BYPOL, міліцыянты паспрабавалі раскатурхаць Бандарэнку, каб даведацца, хто ён, і заўважылі, што ў яго няма рэакцыі на раздражняльнікі і паху алькаголю з роту.

23:06. Міліцыянты зноў звоняць у «хуткую» і просяць экстрана ехаць у пастарунак, бо мужчына «траціць прытомнасьць».

23:08. Трэці званок з пастарунку ў «хуткую». Міліцыянт кажа, што мужчына «без прытомнасьці ўжо» і «алькаголем ня пахне ўвогуле».

0:05. Бандарэнку прынялі ў лякарні хуткай дапамогі зь цяжкай чэрапна-мазгавой траўмай. «Калі яго прывезьлі сюды, яго стан ацэньваўся практычна такім чынам, што ён ужо быў амаль за рысай, якой вызначаюць жывых ад нежывых», — цытуе BYPOL запіс размовы лекараў з сваякамі Бандарэнкі.

У той жа дзень Бандарэнка памёр. Прычынай сьмерці запісалі «траўматычнае субдуральнае кровазьліцьцё». Паводле BYPOL, гэтую прычыну пацьвердзіла і комплексная судова-мэдычная экспэртыза.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Справу журналісткі Барысевіч і лекара Сарокіна, якія паведамілі, што Раман Бандарэнка быў цьвярозы, перадалі ў суд

BYPOL адзначае, што заключэньне іншай экспэртызы — мэдыка-крыміналістычнай — зьнікла. Унутранае расьсьледаваньне зьнікненьня вядзецца дагэтуль.

BYPOL называе імёны 14 чалавек, датычных да падзей, якія скончыліся гібельлю Рамана Бандарэнкі, абапіраючыся на зьвесткі геалякацыі і зьвесткі пра званкі па мабільнай сувязі.

  • 6 чалавек, якія прыехалі здымаць белыя і чырвоныя стужкі.
  • 5 супрацоўнікаў САХР, якія могуць быць датычныя да нанясеньня траўмаў Бандарэнку, што прывялі да сьмерці.
  • Ня менш як 2 супрацоўнікі АМАПу.
  • 2 супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС.

Паводле BYPOL, гэтых зьвестак больш чым дастаткова, каб пракуратура завяла крымінальную справу і пачала расьсьледаваньне сьмерці Рамана Бандарэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці пашкадуюць сілавікі аб тым, што яны рабілі з пратэстоўцамі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сястра Рамана Бандарэнкі — пра сяброў з часткі 3214, карціны і сям’ю. ВІДЭА