Прэс-сакратар Пуціна: сілавікі «спрабавалі ўратаваць Маскву ад агрэсіўных малойчыкаў»

Дзьмітры Пяскоў

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што 23 студзеня сілавікі спрабавалі «ўратаваць Маскву ад агрэсіўных малойчыкаў»

Пра гэта паведамляе ВВС.

«Былі сумныя моманты, дзе сапраўды была неабгрунтаваная грубасьць з боку прадстаўнікоў органаў правапарадку, на гэта імгненна адрэагавалі і кіраўніцтва паліцыі, і кіраўніцтва АМАПу. Па гэтым разборы службовыя вядуцца», — сказаў ён.

«Можна толькі сказаць, што гэтая імгненная рэакцыя яшчэ раз даказвае апраўданасьць папярэджаньняў пра небясьпеку ўдзелу ў несанкцыянаваных мітынгах, несанкцыянаваных акцыях, таму што гэтыя агрэсіўныя мірныя пратэстоўцы — яны і правакуюць гэта гвалт, ніхто іншы», — сказаў Пяскоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камандзір менскага АМАПу абвяргае паведамленьні аб масавым звальненьні з падразьдзяленьня

Журналісты запыталіся ў прэс-сакратара, ці не здаецца яму дзіўным, што на пратэстоўцаў заведзена некалькі крымінальных спраў, а на сілавікоў — ніводнай.

«Не, не здаецца дзіўным, — адказаў ён. — Пагадзіцеся, што ўзровень гвалту з боку ўдзельнікаў гэтых акцый быў досыць беспрэцэдэнтны, яны паводзілі сябе надзвычай агрэсіўна, і, вядома, у выпадку такой агрэсіі супраць прадстаўнікоў органаў правапарадку іх было непараўнальна больш, чым непажаданых праяваў у тым, як дзейнічалі паліцыянты, АМАПаўцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіянэрку, якая адседзела «суткі» за карагод у лесе, пакаралі арыштам за здымак ля навагодняй ялінкі з партыйным сьцягам

Выпадкі затрыманьня журналістаў трэба разглядаць асобна, дадаў прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна.

«Вы бачылі, што агрэсіўныя малойчыкі дзейнічалі нахабна, агрэсіўна, і, вядома, у гэтай сытуацыі мэтадычна адрозьніваць журналістаў ад нежурналістаў, напэўна, вельмі цяжка, з гэтым таксама трэба пагадзіцца», — сказаў Пяскоў.