«83% заявілі, што родным не паведамілі пра затрыманьне». Праваабаронцы апублікавалі даклад пра ўмовы за кратамі

Ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна ў Менску, месца зьняволеньня ўдзельнікаў акцый пратэсту.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прэзэнтаваў даклад «Адміністрацыйны арышт у Беларусі-2020 як інструмэнт парушэньня правоў чалавека».

На падставе анкетаваньня 550 чалавек, якія ўтрымліваліся ў 41 ізалятары і месцах, прыстасаваных для затрыманых, сабралі інфармацыю аб розных абставінах, зьвязаных з адбыцьцём адміністрацыйнага арышту.

Летась дзясяткі тысяч чалавек у Беларусі былі пакараныя ў сувязі з рэалізацыяй свабоды на выказваньне ўласнай думкі. Нацыянальнае заканадаўства, якое рэгулюе парадак правядзеньня мірных сходаў, у якасьці найбольш частых санкцый зьвярталася да штрафу і адміністрацыйнага арышту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы праз паўгадзіны вас выпусьцім». Журналіст расказаў, як яго затрымалі за воклічы «Ганьба» ў судзе

Апрацоўка адказаў апытаных выявіла, што мэдычны агляд пры паступленьні ў ізалятар прайшлі 24,7% затрыманых; 39,8% апыталі пра стан здароўя. Яшчэ 35,5% не аглядаліся і не апытваліся. 10,3% заявілі, што ім не аказвалі неабходнай дапамогі; 6,5% — ня тую, якая патрабавалася.

Толькі 6,1% арыштаваных праінфармавалі аб правах і абавязках пры паступленьні; 13,6% апавешчаныя няпоўна і незразумела; 71,9% адказалі адмоўна. 1,2% сказалі, што ім далі пачытаць правілы. Пры гэтым разьмешчаныя ў камэрах ІЧУ, СІЗА і турмах выпіскі тычыліся асуджаных у крымінальных, а не адміністрацыйных справах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску асудзілі на 15 дзён арышту настаўніка гісторыі і апэратара, якія казалі пра хлусьню ў міліцэйскіх пратаколах

83,1% заявілі аб тым, што іхным родным не паведамілі аб затрыманьні і арышце і толькі ў 5,3% выпадкаў паведамілі.

43% паскардзіліся, што ў камэры ўтрымлівалася больш арыштаваных, чым прадугледжана спальных месцаў. Памеры, як правіла, не адпавядалі вызначанай норме на аднаго чалавека — ня менш 4 квадратных мэтраў (арт. 18.7 ПВКААП).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі шматдзетную маці, якую нібыта апазналі па фота з адной з акцый

Згадваецца пра ўтрыманьне шасьці чалавек у камэры плошчай 12 кв. м, васьмі — на 16 кв. м, дзевятнаццаці на 8 кв. м і г. д. Відавочна, такая скучанасьць стварае невыносныя ўмовы для адміністрацыйна затрыманых і арыштаваных.

Цалкам з тэкстам дакладу можна азнаёміцца ТУТ.