Палітзьняволеная Натальля Хершэ галадоўкай дамаглася выкананьня сваіх патрабаваньняў

Архіўнае фота. Натальля Хершэ ў судзе, 7 сьнежня 2020 году

Як стала вядома Свабодзе, 18 студзеня зьняволеная Наталья Хершэ абвясьціла галадоўку ў турме. Прычынай стала тое, што ёй перасталі прыходзіць лісты зь мінулага году, расказаў брат Натальлі Генадзь.

19 студзеня Натальля Хершэ напісала афіцыйную заяву на адмову ад харчаваньня. Пасьля гэтага яе перавялі ў камэру зь лепшымі ўмовамі. Цягам трох дзён ёй перадалі 38 лістоў.

Натальля спыніла галадоўку, бо яе патрабаваньні выканалі. Цяпер яна ў добрым настроі, адчувае сябе бадзёра, перадае адвакат зьняволенай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуску са Швайцарыі асудзілі за сарваную зь сілавіка балаклаву на 2 гады і 6 месяцаў калёніі

Грамадзянку Швайцарыі і Беларусі Натальлю Хершэ 7 сьнежня адправілі на два з паловай гады ў калёнію за супраціў міліцыянту. Паводле крымінальнай справы, 19 верасьня Хершэ затрымалі на мітынгу. Падчас затрыманьня Натальля ня выканала патрабаваньня пайсьці ў спэцтранспарт і схапіла 22-гадовага амапаўца Сяргея Кончыка за твар. Сарвала балаклаву, тым самым «сапсаваўшы форменнае абмундзіраваньне» і «нанёсшы цялесныя траўмы» ў выглядзе драпін. Матэрыяльная шкода за сапсаваньне балаклавы склала ўсяго 1 рубель.

Беларускія праваабаронцы палічылі прысуд непрапарцыйным парушэньню, палітычна матываваным і прызналі Натальлю Хершэ палітычным вязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ні пра што не шкадуе». Брату дазволілі сустрэцца з Натальляй Хершэ пасьля прысуду, яна пераслала партрэты сукамэрніц

Яшчэ адзін беларускі палітвязень, адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, працягвае галадоўку пратэсту ўжо 39 дзён. Ён за кратамі з 25 чэрвеня (ужо 209 дзён), галадоўку абвясьціў 15 сьнежня, калі яму прад’явілі новыя абвінавачаньні — у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Раней Лосіка абвінавачвалі ў арганізацыі альбо падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перавялі ў камэру з кругласуткавым назіраньнем». Ігар Лосік галадае ўжо 40 дзён