КДБ перадаў крымінальную справу топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку» ў Генпракуратуру

Выява Віктара Бабарыкі ў галерэі «Арт-Беларусь»

Сьледчае ўпраўленьне Камітэту дзяржбясьпекі перадало ў Генэральную пракуратуру для накіраваньня ў суд крымінальную справу ў дачыненьні да топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».

Як удакладняецца на сайце КДБ, абвінавачаныя і іх абаронцы азнаёміліся з матэрыяламі справы. Хадайніцтваў аб спыненьні перасьледу на прадугледжаных Крымінальным кодэксам падставах, а таксама аб правядзеньні дадатковых сьледчых дзеяньняў ніхто з абвінавачаных, за выключэньнем Віктара Бабарыкі, не заявіў, дадалі ў ведамстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы — сапраўдныя стваральнікі цудаў». Бабарыка павіншаваў з Новым годам з-за кратаў

Меру стрыманьня ў дачыненьні да абвінавачаных пакінулі ранейшай: сем чалавек пад вартай, адзін — пад хатнім арыштам.

18 студзеня старшынёй праўленьня «Белгазпрамбанку» прызначаная Надзея Ермакова, якая пасьля затрыманьня топ-мэнэджараў узначальвала пераходную адміністрацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На месца зьняволенага Бабарыкі ў «Белгазпрамбанку» прызначылі Ермакову

Летась 11 чэрвеня ў галаўным офісе банку прайшлі ператрусы, некалькі супрацоўнікаў абвінавацілі ў легалізацыі сродкаў, здабытых злачынным шляхам. Гэта здарылася неўзабаве пасьля таго, як былы кіраўнік фінансавай установы Віктар Бабарыка пайшоў з пасады, заявіўшы пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі.