Па падліках МУС, у Менску на выходных за ўдзел у акцыях пратэсту затрымалі 30 чалавек

Адзін з маршаў пратэсту, які прайшоў у Менску 17 студзеня 2021

Гэтая лічба большая за папярэднія падлікі праваабаронцаў. У міліцыі кажуць, што ўстановяць і іншых пратэстоўцаў.

За мінулыя выходныя супрацоўнікі менскай міліцыі за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах затрымалі 30 чалавек, яны зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Такую інфармацыю распаўсюдзіў тэлеграм-канал ГУУС Менгарвыканкаму.

Паводле падлікаў валянтэраў і праваабаронцаў, у нядзелю на акцыях пратэсту ў Беларусі затрымалі 18 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На нядзельных акцыях пратэсту ў Беларусі затрымалі каля 20 чалавек

Паводле зьвестак міліцыі, нягледзячы на рэгулярныя папярэджаньні пра адказнасьць, у розных раёнах сталіцы зьбіраліся невялікія групы грамадзян, якія пазначалі сябе «незарэгістраванай сымболікай», як у міліцыі даўно называюць бел-чырвона-белы сьцяг. У ГУУС падкрэсьлілі, што затрымалі «найбольш актыўных» пратэстоўцаў. І заявілі, што працягваюць высьвятляць асобы астатніх грамадзян, якія прымалі ўдзел у пратэстах, але пазьбеглі затрыманьняў.

17 студзеня стала 162-м днём пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і перасьледу іншадумцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы пераможам!» 17 студзеня ў марознай Беларусі прайшлі нядзельныя маршы, пікеты і флэшмобы. Асноўнае