Ала Шарко з «Прэс-Клюбу» застанецца пад вартай. Раённы суд адхіліў скаргу яе адваката

Ала Шарко, архіўнае фота.

Суд Партызанскага раёну Менску не задаволіў скаргу абароны супрацоўніцы «Прэс-клюбу» Алы Шарко на ўзяцьце пад варту.

Праграмны дырэктар «Прэс-клюбу» Ала Шарко застанецца ў СІЗА, паведаміў БелаПАН адвакат Сяргей Зікрацкі. Па словах адваката, абарона за 24 гадзіны абскардзіць пастанову, скарга будзе пададзена ў Менскі гарадзкі суд.

Алу Шарко затрымалі 22 сьнежня супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю пасьля ператрусу ў яе кватэры. У той жа дзень ператрусы прайшлі ў офісе «Прэс-клюбу», а таксама дома ў некаторых супрацоўнікаў. Акрамя Шарко затрымалі заснавальніцу «Прэс-клюбу» Юлію Слуцкую і дырэктара Сяргея Альшэўскага, праграмнага дырэктара Акадэміі «Прэс-клюбу» Сяргея Якупава, апэратара Пятра Слуцкага, а таксама Ксенія Луцкіну, зьвязаную з праектам «альтэрнатыўнай тэлевізіі» на YouTube.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі 5 затрыманых у справе «Прэс-клюбу» палітвязьнямі. Агулам такіх ужо 183

Якупава пазьней дэпартавалі ў Расею, грамадзянства якой ён мае.

6 студзеня стала вядома, што сваякі арыштаваных пералічылі на рахунак Сьледчага камітэту каля 110 тысяч рублёў — такая сума фігуруе ў матэрыялах справы. Як сказала дачка Слуцкай, гэта «не кампэнсацыя шкоды, якую можна трактаваць як прызнаньне віны, а забесьпячэньне кампэнсацыі магчымай шкоды».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК па «справе Прэс-клюбу» супрацоўнічае з праўладным саюзам журналістаў