Надвор’е ў Беларусі: на Вадохрышча яшчэ марозна, а пасьля прагназуюць пацяпленьне

Зімовыя забавы.

З пачатку 2021 году ад халадовых і галалёдных траўмаў у Беларусі пацярпелі 2 тысячы 442 чалавекі, 276 зь іх шпіталізавалі.

Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя, за мінулыя суткі ў Беларусі зарэгістравана 207 галалёдных і халадовых траўмаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску за тры дні каля 60 дзяцей атрымалі чэрапна-мазгавыя траўмы падчас т'юбінгу

У мінулыя выходныя тэмпэратура паветра была ў сярэднім на 10-15 градусаў ніжэйшай за кліматычную норму. Самы моцны мароз (-28,7° С) зафіксаваны ў ноч на 17 студзеня на мэтэастанцыі ў Слуцку.

Паводле сыноптыкаў, у пачатку тыдня захаваецца марознае надвор’е. Такім чынам, 19 студзеня на Вадохрышча яшчэ будзе марозна, гэта трэба ўлічваць аматарам акунуцца ў палонку. 19 студзеня тэмпэратура паветра мінімальная ноччу −19... -24° С, максымальная днём −10... -16°С.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Халадней за ўсё было ў Слуцку. 17 студзеня маразы абнавілі адразу 5 тэмпэратурных рэкордаў у Беларусі

Але ўжо ад серады чакаецца павышэнне тэмпэратурнага фону. 20 і 21 студзеня на большай частцы краіны чакаюцца кароткачасовыя ападкі — мокры сьнег, які будзе пераходзіць у дождж. Тэмпэратура паветра мінімальная ноччу ад 0... + 1°С па паўднёвым захадзе да −13... 15 ° С па ўсходзе, максымальная днём −2... + 4° С.