Рэнэ Фазэль заявіў, што неўзабаве пакіне пасаду прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею, якую займае 26 гадоў

Аляксандар Лукашэнка і Рэнэ Фазэль падчас сустрэчы ў Менску.

Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею (МФХ) Рэнэ Фазэль заявіў, што пакіне  пасаду ў верасьні сёлета. Канчатковае ж рашэньне адносна магчымага пераносу чэмпіянату сьвету зь Менску прымуць 18 студзеня.

У верасьні адбудзецца кангрэс МФХ у Санкт-Пецярбургу (Расея), тады ж будуць новыя выбары прэзыдэнта, сказаў у інтэрвію ТАСС Рэнэ Фазэль.

«Гэта дакладна мой апошні год на пасадзе прэзыдэнта МФХ. Гэта канец. Але я ў добрым настроі, я працягваю працаваць і цалкам аддавацца справе. Цяпер сытуацыя параўнальная з тым, што вы плаваеце ў моры і пачаўся шторм. І я павінен знайсьці спосаб, як выбрацца з гэтай сытуацыі».

Фазэль чарговы раз пракамэнтаваў становішча, у якім апынулася фэдэрацыя ў сувязі з выбарам месца правядзеньня чэмпіянату сьвету – 2021. Па яго словах, рада МФХ сустрэнецца па відэаканфэрэнцыі не 25, а ўжо 18 студзеня. І, хутчэй за ўсё, тады прымуць канчатковае рашэньне, пераносіць чэмпіянат зь Менску ці не.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэнэ Фазэль пра магчымасьць чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі: «Павінен здарыцца цуд»

Фазэль прызнаў, што дзеячы арганізацыі апынуліся пад вялікім палітычным ціскам. За тыдзень да візыту швайцарца ў Менск Фонд спартовай салідарнасьці Беларусі напісаў лісты фундатарам Міжнароднай фэдэрацыі хакею, заклікаючы іх не падтрымліваць турнір і байкатаваць яго.

«У нас сур’ёзныя праблемы як са спонсарамі, так і з палітычнага боку. Гэта дрэнная сытуацыя, нам вельмі цяжка пайсьці супраць яе. У нас ёсьць моцнае рашэньне правесьці чэмпіянат. Калі нам трэба будзе памяняць месца яго правядзеньня, то ў нас ёсьць прапановы з Латвіі і Даніі, а таксама мы ў стадыі абмеркаваньня правядзеньня турніру з Братыславай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік чэскага хакею: «Не ўяўляю, як без падтрымкі Škoda можна правесьці чэмпіянат»

Латвія раней заявіла пра тое, што гатовая прымаць чэмпіянат сьвету адна, а вось зь Беларусьсю, дзе Лукашэнка застаецца пры ўладзе і чыніць далейшыя рэпрэсіі супраць народу, яна прымаць турнір адмовілася.

Фазэль адказаў і на пытаньне пра свае адносіны зь віцэ-прэзыдэнтам МФХ, пасаду якога займае фін Калерва Кумала. Раней ён выступіў адназначна супраць правядзеньня чэмпіянату сьвету ў Беларусі. Фазэль прызнаў, што апошнім часам адносіны вельмі напружаныя, але параўнаў сытуацыю з палітыкай, дзе «заўсёды ёсьць апазыцыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чэмпіянат узаконіць маральна збанкрутавалы рэжым», — ліст праваабаронцаў у Міжнародную фэдэрацыю хакею
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці абхітрыць Лукашэнка Рэнэ Фазэля