Два гады калёніі за тое, што ўпаў на нагу супрацоўніку ДАІ

Сёньня абвясьцілі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да Аляксандра Захарэвіча, якога абвінавачвалі ва ўжываньні гвалту да супрацоўніка ўнутраных спраў.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», справу разглядала судзьдзя суду Першамайскага раёну Менску Анастасія Кулік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманых у лесе пад Віцебскам пэнсіянэрак адпусьцілі з ізалятара да суду. Цэлы дзень іх не кармілі

Захарэвіч быў прызнаны вінаватым і асуджаны на два гады пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. Сваёй віны ён не прызнаў.

Аляксандра Захарэвіча затрымалі 1 лістапада падчас мірнай акцыі пратэсту «Дзяды». Суд Першамайскага раёну прысудзіў яму 9 сутак адміністрацыйнага арышту. Захарэвіча этапавалі ў СІЗА-6 г. Баранавічы для адбыцьця пакараньня.

Пры затрыманьні ён быў зьбіты, што відаць на відэазапісе, апублікаваным ініцыятывай @By_Pol.

10 лістапада пры вызваленьні з СІЗА-6 Аляксандра Захарэвіча затрымалі супрацоўнікі міліцыі, адвезьлі яго на легкавым аўтамабілі дадому, дзе правялі ператрус. Пазьней яму прад’явілі абвінавачваньне па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу — «Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

У віну Аляксандру Захарэвічу ставіўся напад на супрацоўніка ДАІ пры выкананьні ім службовых абавязкаў. Затрыманьне мужчыны трапіла на відэа, дзе можна бачыць, як ён бяжыць, адбываецца сутыкненьне, пасьля чаго ён падае і закранае нагу супрацоўніка ДАІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Няронскі ў судовай залі зьвярнуўся да ўладаў: «Вы давялі да братазабойчай сытуацыі ў краіне»