Герой Беларусі, казаў «служу Расеі!», разбудаваў БПЦ. Чым яшчэ запомніўся мітрапаліт Філарэт

Мітрапаліт Філарэт.

Памёр мітрапаліт Філарэт (Кірыл Вахрамееў), ганаровы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі. Летась ён адзначыў 85-гадовы юбілей і перахварэў на каранавірус. Чым ён запомніўся?

Факты зь біяграфіі мітрапаліта Філарэта, які больш за 20 гадоў кіраваў Беларускай праваслаўнай царквой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр былы кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Філарэт. У яго быў каранавірус

Нарадзіўся ў Маскве

Кірыл Вахрамееў нарадзіўся 21 сакавіка 1935 году ў Маскве, у сям’і службоўцаў. Скончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю і духоўную акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя. У 1959-м быў пастрыжаны ў манаства.

Мітрапаліт Філарэт, 2009 год.

У 1978 годзе яго прызначылі мітрапалітам Менскім і Беларускім, а таксама Патрыяршым экзархам Заходняй Эўропы, а ў 1992-м, калі Беларусь стала незалежнай,— мітрапалітам Менскім і Слуцкім, Патрыяршым экзархам усяе Беларусі.

Стварыў БПЦ, але не хацеў аўтакефаліі

Найперш у заслугу Філарэту ставяць стварэньне і разбудову Беларускай праваслаўнай царквы. Да яго ў савецкай Беларусі было некалькі япархій у складзе Расейскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Цяпер БПЦ мае сваю разгалінаваную структуру, але па-ранейшаму падпарадкоўваецца Маскве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт: Беларуская аўтакефалія магчымая толькі ва ўмовах незалежнасьці ад Масквы

Пры гэтым Філарэт заставаўся пасьлядоўным крытыкам аўтакефаліі, адмаўляючы царкоўную самастойнасьць беларускага праваслаўя.

Быў дэпутатам, дапамагаў чарнобыльцам

Філарэт быў актыўным удзельнікам грамадзкага і палітычнага жыцьця ў Беларусі. Выбіраўся народным дэпутатам СССР, а таксама дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР і незалежнай Беларусі.

Амбасадарка Польшчы Эльжбета Смулкова і мітрапаліт Філарэт. 1994 год

У Вярхоўным Савеце 12 скліканьня быў старшынёй камісіі дэпутацкай этыкі. Апекаваўся праграмамі дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка — Філарэту: Ваша дзейнасць — прыклад нястомнай працы і адданасьці выбранаму шляху

Падтрымліваў Кебіча і Лукашэнку

Заўсёды знаходзіў мову з уладамі. Прыхільна ставіўся да колішняга прэм'ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча, а калі той прайграў на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году, пачаў падтрымліваць ініцыятывы прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Але ня ўсе. Бадай, адзінае, у чым не супадаў зь ім поглядамі, дык гэта ў пытаньні сьмяротнага пакараньня. Затое пагаджаўся, што Беларусі неабходнае інтэрнэт-рэгуляваньне.

Перад выбарамі-1994. Уладыка Філарэт і прэмʼер Кебіч (аўтары Лявон Бартлаў і Аляксандар Бранцаў)

Герой Беларусі, які служыў Расеі

У 2006 годзе атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі званьне і зорку Героя Беларусі.

Сустрэча Лукашэнкі з Сынодам Беларускай праваслаўнай царквы. У цэнтры ганаровы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт, Аляксандар Лукашэнка і Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал. 2016 год.

Таксама ў ягонай калекцыі адна з найвышэйшых узнагародаў Расейскай Фэдэрацыі, ордэн Аляксандра Неўскага. Падзякаваўшы за давер прэзыдэнту Ўладзіміра Пуціна, падчас уганараваньня Філарэт дадаў: «Служу Расеі!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Філарэт выступіў супраць сьмяротнага пакараньня

Пачэсны экзарх на пэнсіі

25 сьнежня 2013 году Сынод Расейскай праваслаўнай царквы задаволіў прашэньне мітрапаліта Філарэта аб выхадзе на пэнсію ў сувязі з дасягненьнем 75-гадовага ўзросту.

Яго прызначылі ганаровым Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, захаваўшы месца на набажэнствах і ў афіцыйных цырымоніях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекары расказалі пра стан здароўя мітрапаліта Філарэта, якога шпіталізавалі з каранавірусам

Памёр ад каранавірусу

У сьнежні 2020 году стала вядома, што Філарэт захварэў на каранавірус. Паводле некаторых зьвестак, заразіўся падчас сьвяткаваньня ўласнага юбілею, на якім ігнараваліся элемэнтарныя захады засьцярогі. Царква заклікала ўсіх сьвятароў і вернікаў маліцца за ягонае здароўе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Філарэт захварэў на каранавірус. Царкоўныя ўлады просяць аб малітвах