«Адрываецца ад рэальнасьці». Украінскі міністар адрэагаваў на выпад Лукашэнкі ў адрас Зяленскага

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба лічыць недапушчальнымі павучальныя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі ў адрас украінскага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага.

«Па-першае, прэзыдэнта Зяленскага няма сэнсу ў нечым павучаць, і тым больш Аляксандру Лукашэнку. Наш прэзыдэнт ёсьць самадастатковай палітычнай асобай, і ўсе гэтыя мэнтарскія ноткі «старэйшых таварышаў» абсалютна недарэчныя», — сказаў Дзьмітро Кулеба 12 студзеня ў эфіры тэлеканалу «1+1».

На заўвагу вядоўцы, што ўсё ж такія выказваньні маюць месца, міністар замежных спраў Украіны адзначыў: «Ён (Лукашэнка) – вядомы пэрсанаж, ён заўсёды славіўся такімі харызматычнымі выказваньнямі, але чым далей, тым больш ён адрываецца ад рэальнасьці ўвогуле. Гэта можаце лічыць афіцыйнай рэакцыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна дадала Беларусь у «чырвоны» сьпіс COVID-19

Дзьмітро Кулеба падкрэсьліў, што стаўленьне ўкраінскай улады да Аляксандра Лукашэнкі не распаўсюджваецца на грамадзян Беларусі.

«Пазыцыя застаецца нязьменнай. Ад пачатку крызісу ў суседняй краіне мы сталі на пазыцыю, што мы заўсёды будзем зь беларускім народам, і ўрад ухваліў шэраг рашэньняў, якія спрашчаюць для беларусаў знаходжаньне ва Ўкраіне. Мы былі, ёсьць і будзем заўсёды на баку дружалюбнага нам, вельмі блізкага беларускага народу», – заявіў міністар замежных справаў Украіны.

У інтэрвію расейскаму тэлеканалу Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «не трымае зла на Валодзю Зяленскага». «Я б коса на яго (Зяленскага) не глядзеў. Паблажліва, коса, з пагардай – ніколі. Малады чалавек, малады прэзыдэнт. Яго можна навучыць, я думаю. Я ўпэўнены ў гэтым, ён жа разумны, нармальны чалавек«, – сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра ўкраінскіх экспэртаў, якія выступаюць на БТ у падтрымку Лукашэнкі

Украіна, як і краіны ЭЗ, не прызнала легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта Беларусі, прыпыніўшы са жніўня ўсе афіцыйныя кантакты зь беларускім бокам. У верасьні стала вядома, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі скасаваў свой візыт у Беларусь на трэці Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.

Пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам першых санкцый супраць Беларусі Дзьмітро Кулеба заявіў, што Ўкраіна далучыцца да іх, але эканамічную супрацу будзе працягваць. Аднак дагэтуль Украіна ня вызначылася, да якіх санкцый будзе далучацца, і, адпаведна, не правяла неабходных для ўвядзеньня ўнутрыдзяржаўных працэдур. Згодна з украінскім заканадаўствам, рашэньне аб санкцыях прымае Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны. Яно набывае моц пасьля выданьня адпаведнага ўказу кіраўніка дзяржавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных справаў Украіны агучыў пэсымістычны сцэнар для Беларусі

У сьнежні 2020 году Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў два рашэньні – аб спрашчэньні атрыманьні віду на часовае жыхарства і аб павелічэньні тэрміну знаходжаньня на тэрыторыі краіны без легалізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна спрасьціла парадак атрыманьня віду на жыхарства для некаторых беларускіх грамадзян. Каго гэта тычыцца?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Украіны павялічыў для беларусаў магчымасьць знаходжаньня на ўкраінскай тэрыторыі без рэгістрацыі