Беларускі фонд спартовай салідарнасьці адрэагаваў на «сяброўскія перамовы» Лукашэнкі і Фазэля

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Рэнэ Фазэля

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці зьдзіўлены «цёплай сустрэчай» прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля і Аляксандра Лукашэнкі.

«Ветлівасьць і цеплыня, зь якімі спадары Фазэль і Лукашэнка вялі перамовы, стваралі ўражаньне, што сустрэча праходзіць зусім не ў краіне, дзе за апошнія месяцы больш за 30 тысяч чалавек пабывалі ў турмах і дзе да гэтага часу каля 170 палітычных зьняволеных знаходзяцца за кратамі», — гаворыцца ў адмысловым звароце арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Латвія адмовіцца — правядзём самастойна», — Лукашэнка пераконвае Фазэля праводзіць хакейны чэмпіянат у Беларусі

У гэтым зьвязку Беларускі фонд спартовай салідарнасьці заклікаў кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі хакею «паважаць беларускі народ і тыя пакуты, якія перажылі людзі ад рэжыму Лукашэнкі», і запатрабаваў:

  • Найбліжэйшым часам абвясьціць пра немагчымасьць правядзеньня хакейнага чэмпіянату сьвету ў Беларусі з прычыны грубага парушэньня ўсіх агульначалавечых прынцыпаў з боку рэжыму Лукашэнкі.
  • Прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава, які можа быць датычны да забойства мастака Рамана Бандарэнкі.
  • Правесьці расьсьледаваньне фактаў ціску на функцыянэраў і гульцоў за іх грамадзянскую пазыцыю з боку кіраўніцтва Фэдэрацыі хакею Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фазэль: рашэньне пра месца чэмпіянату сьвету будзе ў канцы студзеня

У адказ на патрабаваньні міжнароднай супольнасьці адмовіць Беларусі ў праве праводзіць чэмпіянат сьвету па хакеі Рэнэ Фазэль запэўніў Аляксандра Лукашэнку, што спорт павінен заставацца па-за палітыкай і ён зробіць усё, каб турнір адбыўся ў Менску ў прызначаныя тэрміны.

«Калі ў Беларусі пачаліся праблемы, на нас чыніцца вельмі вялікі ціск. Але мы маем выразную пазыцыю: мы ня хочам зьмешваць спорт і палітыку. І спорт павінен аб’ядноўваць народы, а не разьядноўваць. У 2014-м таксама быў ціск, але мы прыехалі і разам арганізавалі выдатны чэмпіянат. Сытуацыя трохі зьмянілася», — цытуе Рэнэ Фазэля агенцтва БелТА.