Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фазэль: рашэньне пра месца чэмпіянату сьвету будзе ў канцы студзеня


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Міжнародай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль зьбіраецца ў Менск на перамовы з Лукашэнкам і заяўляе, што МФХ вядзе папярэднія кансультацыі з нацыянальнымі фэдэрацыямі аб магчымым пераносе зь Менску чэмпіянату сьвету 2021 году.

«МФХ выкарыстоўвае ўсе рэсурсы, каб дакладна зразумець сытуацыю, якая мае месца ў Беларусі. У нас ужо шмат было дыскусіяў. Цяпер нам трэба пагаварыць з уладамі Беларусі і абмеркаваць палітычную сытуацыю і сытуацыю з каранавірусам. У канцы студзеня ў нас будзе пасяджэньне Рады, на якім мы прымем рашэньне» — прыводзіць словы Фазэля ТАСС.

«Мы маем зносіны з прадстаўнікамі іншых магчымых фэдэрацыяў, якія могуць арганізаваць чэмпіянат сьвету. Гэта будзе сур’ёзным выклікам зь фінансавага пункту гледжаньня», — сказаў кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі хакею.

У пачатку жніўня віцэ-прэзыдэнт МФХ Калерва Кумала паведаміў, што паставіў пытаньне аб зьмене месца правядзеньня чэмпіянату. Прычынай ініцыятывы стала жорсткасьць задушэньня пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Раней швайцарскі партал Watson паведамляў пра тое, што МФХ можа перанесьці матчы турніру зь Менску ў Прагу і Браціславу. Чэмпіянат павінен прайсьці ў Менску і Рызе з 21 траўня па 6 чэрвеня.

Фазэль напрыканцы мінулага году заявіў, што зьбіраецца прыехаць у Менск пасьля 7 студзеня, калі паправіцца пасьля каранавірусу, для сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG