Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіянату сьвету ў хакеі няма ў пераліку міжнародных спаборніцтваў у Беларусі на год


«Менск-Арэна», архіўнае фота

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале з подпісам прэмʼер-міністра Галоўчанкі 5 студзеня апублікавалі пералік міжнародных спартовых мерапрыемстваў на 2021 год.

Зь яго вынікае, што Беларусь зьбіраецца праводзіць чэмпіянаты сьвету ў сучасным пяціборстве, паўэрліфтынгу і лязэр-ране. Згадкі пра чэмпіянат сьвету ў хакеі няма.

Фрагмэнт пераліку спартовых мерапрыемстваў па хакеі ў 2021 годзе
Фрагмэнт пераліку спартовых мерапрыемстваў па хакеі ў 2021 годзе

Хакейны чэмпіянат мае прайсьці з 21 траўня да 6 чэрвеня ў Менску і Рызе.

Кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль заявіў, што пасьля 7 студзеня сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, каб абмеркаваць падрыхтоўку да чэмпіянату сьвету і зрабіць «усё магчымае, каб чэмпіянат сьвету адбыўся ў Менску».

«Калі чэмпіянату сьвету няма ў пераліку Савету Міністраў, гэта ня значыць, што ён не адбудзецца ў Беларусі», — сказалі «Інтэрфаксу» у прэс-службе Міністэрства спорту і турызму.

У ведамстве ўдакладнілі, што арыентуюцца на леташні прэзыдэнцкі ўказ № 10, які выначае бязьвізавы рэжым уезду ў Беларусь для ўдзельнікаў і гасьцей хакейнага чэмпіянату сьвету.

Аналягічнай думкі трымаюцца і ў Фэдэрацыі хакею Беларусі, дзе спасылаюцца на той жа дакумэнт.

«Указ прэзыдэнта рэгулюе бязьвізавы рэжым, а гэтая пастанова тычыцца вызваленьня ад выплаты консульскага збору іншых спаборніцтваў», — адзначылі ў прэс-службе фэдэрацыі.

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці заклікае пазбавіць Менск чэмпіянату сьвету за сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека, катаваньні і забойства мірных пратэстоўцаў.

Міжнародная фэдэрацыя хакею пачала праверку ў адносінах да старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава наконт ягонай датычнасьці да гібелі пратэстоўца Рамана Бандарэнкі.

Латвія, якая мае разам зь Беларусьсю праводзіць чэмпіянат, забараніла ўезд Дзьмітрыю Баскаву.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG