Суды ў акрузе Калюмбія разглядаюць справы аб нападзе на Кангрэс

Паліцыянт прымяняе пярцовы спрэй супраць парушальніка, якi ўрываецца ў будынак Капітолію 6 студзеня 2021

Федэральны суд акругі Калюмбія прыступіў да разгляду абвінавачаньняў у дачыненьні да 13 удзельнікаў нападу на Кангрэс ЗША 6 студзеня.

Адначасна, як паведаміў прадстаўнік Міністэрства юстыцыі ЗША, Найвышэйшы суд акругі Калюмбія разглядае справы каля 40 чалавек, якія таксама ўдзельнічалі ў падзеях 6 студзеня.

Як паведаміў «Голас Амэрыкі», гаворка ідзе пра «незаконнае пранікненьне ў Капітолій», «парушэньне камэнданцкай гадзіны», іншыя правапарушэньні. Выканаўца абавязкаў пракурора ЗША Майкл Шэрвін назваў напад на будынак Капітолію «атакай на адзін з ключавых інстытутаў ЗША».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры чалавекі загінулі ў выніку штурму Капітолія прыхільнікамі Трампа. Што адбылося

Паводле Шэрвіна, праваахоўныя органы ЗША прымяняюць усе рэсурсы для выяўленьня, арышту і пачатку судовага перасьледу асобаў, якія маюць дачыненьне да злачынных дзеяньняў у будынку Капітолію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штурм Капітолія: Афіцэр паліцыі памёр ад атрыманых ранаў

Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў (ФБР) абвясьціла ўзнагароду памерам $50 000 за інфармацыю пра людзей, якія пранесьлі выбуховыя прылады на тэрыторыю Кангрэсу ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шаман з QAnon. Як тэорыя змовы ўплывае на амэрыканскую палітыку

Паліцыя Вашынгтону абвясьціла, што яна атрымала амаль 17 тысяч паведамленьняў ад грамадзянаў, якія лічаць, што маюць інфармацыю аб удзельніках нападу на Капітолій.