Ілан Маск стаў найбагацейшым чалавекам сьвету паводле вэрсіі Bloomberg

Ілан Маск

Ілан Маск павялічыў сваё багацьце да 188,5 мільярдаў даляраў і стаў найбагацейшым чалавекам сьвету паводле вэрсіі Bloomberg. Агенцтва адзначае, што заснавальнік SpaceX абышоў на паўтара мільярда даляраў заснавальніка Amazon Джэфа Бэзаса.

«Як дзіўна», — напісаў у твітэры Маск у адказ на паведамленьне пра сваё багацьце і адзначыў, што вяртаецца да працы.

Павялічыць капітал у Маска атрымалася пасьля таго, як акцыі яго кампаніі Tesla на біржы вырасьлі больш чым на пяць адсоткаў, да 796,38 даляраў за адну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: SpaceX запусьціла сакрэтны спадарожнік у інтарэсах Пэнтагону

У пачатку 2020 году даход Маска ацэньваўся ў 27 мільярдаў даляраў. Але за год акцыі Tesla вырасьлі ў цане на 743 адсотка дзякуючы стабільнаму прыбытку. Маску належаць 20 працэнтаў акцый кампаніі. Капіталізацыя Tesla — больш за 750 мільярдаў даляраў. У 2020 годзе кампанія выпусьціла больш за паўмільёна аўтамабіляў і прадала зь іх 499,5 тысяч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самыя багатыя людзі ЗША за час пандэміі сталі яшчэ багацейшымі

Біржавыя аналітыкі лічаць акцыі Tesla пераацэненымі — у тым ліку з прычыны няўпэўненасьці ў пэрспэктывах кампаніі і чаканьні росту канкурэнцыі сярод вытворцаў электракараў.