Знайшлося невядомае фота філёзафа і паэта Ігната Абдзіраловіча

Расейскі гісторык Ігар Барынаў знайшоў невядомае фота Ігната Канчэўскага (Абдзіраловіча). Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку гарадзенскі гісторык Аляксандар Горны.

Ігнат Канчэўскі ў 1915–1917 гадах вучыўся ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце, гэтае фота паходзіць зь яго ўнівэрсытэцкай справы. Ігар Барынаў падчас пошуку ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Масквы знайшоў фотаздымак вядомага дзеяча беларускага нацыянальнага руху.

Ігнат Канчэўскі (Ігнат Абдзіраловіч)

У 1921 годзе 25-гадовы Ігнат Канчэўскі пад псэўданімам Ігнат Абдзіраловіч напісаў эсэ «Адвечным шляхам». А ўжо ў 26 гадоў Канчэўскі памёр. З эсэ, а таксама паэтычнай творчасьці беларуса зь Вільні бачны ягоны сьветапогляд. Галоўнай мэтай беларускага народа Канчэўскі лічыў дзяржаўную незалежнасьць, ён разглядаў яе як агульначалавечы ідэал.

Формулу посьпеху нацыянальнай справы ён бачыў у выбары «трэцяга, сялянска-рамесьніцкага шляху вольных брацтваў і каапэрацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігнат Абдзіраловіч і «куды ісьці Беларусі»?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвечным шляхам. Ад Абдзіраловіча да Абламейкі