Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі ўлады Беларусі спыніць гвалт і вызваліць палітвязьняў

Амапаўцы патрулююць раён у Менску падчас нядзельных маршаў 13 сьнежня 2020 г.

Улады Беларусі павінны неадкладна і цалкам спыніць усе формы гвалту, жорсткага абыходжаньня і катаваньняў у дачыненьні да грамадзян, затрыманых за ўдзел у пратэстах.

Пра гэта гаворыцца ў заяве дэпутатаў Эўрапарлямэнту, якую цытуе БелаПАН.

Заяву «Аб прысуджэньні прэміі імя Андрэя Сахарава „За свабоду думкі“ дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі і працяг пазбаўленьня волі яе ляўрэатаў разам з больш чым 150 палітычнымі вязьнямі» падпісалі больш за 80 эўрадэпутатаў.

Ляўрэатам прэміі 2020 году стала «дэмакратычная апазыцыя Беларусі, прадстаўленая Каардынацыйнай радай, ініцыятывай сьмелых жанчын у асобе Сьвятланы Ціханоўскай, Сьвятланы Алексіевіч, Марыі Калесьнікавай, Вольгі Кавальковай, Веранікі Цапкалы, а таксама палітычнымі і грамадзкімі дзеячамі Сяргеем Ціханоўскім, Алесем Бяляцкім, Сяргеем Дылеўскім, Сьцяпанам Пуцілам і Мікалаем Статкевічам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэрам беларускай апазыцыі ўручылі прэмію імя Андрэя Сахарава

«Усе гэтыя людзі, у тым ліку іх сямейнікі, цярпелі ад запалохваньня і перасьледу з боку рэжыму Лукашэнкі. Большасьці прыйшлося бегчы з Беларусі і шукаць прытулку ў суседніх дзяржавах — чальцах ЭЗ, — гаворыцца ў заяве. — Трое зь іх — Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і Марыя Калесьнікава — застаюцца ў зьняволеньні разам з больш чым 150 палітвязьнямі ў Беларусі. Мы самым рашучым чынам асуджаем гвалт рэжыму Лукашэнкі над беларускім народам».

Эўрадэпутаты запатрабавалі неадкладна і безумоўна вызваліць ляўрэатаў прэміі імя Сахарава Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і Марыю Калесьнікаву, а таксама ўсіх іншых палітычных вязьняў і адвольна затрыманых за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту ўладаў і за выказваньне падтрымкі гэтым пратэстам.

«Мы заклікаем беларускія ўлады, міліцыю і спэцслужбы выканаць свой доўг і служыць беларускаму народу, — гаворыцца ў заяве. — Мы выказваем глыбокае захапленьне і падтрымку беларускаму народу за яго ўпартасьць і барацьбу за дэмакратычны выбар у Беларусі, які ёсьць грунтам усякай дэмакратыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод «чэмпіёнаў» несвабоды. Беларусь у рэйтынгах 2020 году

Эўрадэпутаты таксама заявілі, што поўныя рашучасьці дабіцца, каб ЭЗ зрабіў усё магчымае дзеля разьвязаньня палітычнага крызісу ў Беларусі, спрыяць пачатку нацыянальнага дыялёгу і арганізацыі новых, свабодных і справядлівых выбараў.

«Мы салідарныя зь беларускім народам у яго мужнай барацьбе за сувэрэнную і дэмакратычную Беларусь. Сёньня мы з гонарам прамаўляем: „Жыве Беларусь!“» — гаворыцца ў заяве.