«Беларуская нафтавая кампанія» прыпыняе транзыт праз порт Клайпеды. Гэтым Лукашэнка пагражаў Літве

Порт у літоўскай Клайпедзе

Беларускі спэцэкспартэр на няпэўны час прыпыняе пастаўку нафтапрадуктаў праз тэрмінал кампаніі Klaipedos nafta.

Адгрузка нафтапрадуктаў у рамках ранейшых зьдзелак будзе працягвацца, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на Віленскую біржу Nasdaq.

«Беларуская нафтавая кампанія» не камэнтуе акалічнасьці прыпыненьня працы на балтыйскім кірунку. У сваю чаргу літоўская Klaipedos nafta запэўнівае, што намагаецца апэратыўна вызначыць аб’ём паслугаў для беларускага кліента на 2021 год і належным чынам падрыхтавацца да любога сцэнару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дэжавю ў кубе». Чаму транзыт праз расейскія парты нявыгадны Беларусі

Аляксандр Лукашэнка раней заявіў, што ў якасьці контарзахадаў на санкцыі балтыйскіх дзяржаваў Беларусь перастане карыстацца іх партамі для перавалкі экспартных грузаў — гаворка перадусім пра нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні.

Цяпер асноўны аб’ём транспартуецца марскім шляхам праз порт у Клайпедзе. Летась у кастрычніку Klaipedos nafta падоўжыла супрацу з БНК да канца 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканаміст: Прадаваць нафтапрадукты праз Расею, як прапануе Лукашэнка, — гэта проста нерэнтабэльна

Кіраўніцтва канцэрну «Белнафтахім» на фоне заяваў Лукашэнкі пацьвердзіла, што вядзе перамовы з расейскімі кампаніямі аб магчымасьці перавалкі нафтапрадуктаў праз парты Расеі — Санкт-Пецярбург, Прыморск ці Усьць-Лугу. Аднак пакуль што пэўнасьці ў гэтым пытаньні няма.