Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэжавю ў кубе». Чаму транзыт праз расейскія парты нявыгадны Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Нафтавы тэрмінал у расейскім порце Усьць-Луга
Ілюстрацыйнае фота. Нафтавы тэрмінал у расейскім порце Усьць-Луга

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з губэрнатарам Ленінградзкай вобласьці Аляксандрам Дразьдзенкам казаў аб пераарыентацыі беларускіх грузаў з партоў краін Балтыі ў расейскія і прапанаваў Ленінградзкай вобласьці пабудаваць сумесны марскі порт.

Сьцісла:

  • Тэма пераарыентацыі беларускіх грузаў у расейскія парты ня новая. — Расейскі транзыт Беларусі відавочна нявыгадны.
  • Шмат гадоў уся лягістыка транзыту нафтапрадуктаў арыентуецца на балтыйскія парты.
  • Кошт чыгуначных тарыфаў, агульных транспартна-лягістычных выдаткаў, перавалкі, арэнды тэрміналаў у расейскім кірунку значна вышэйшы.
  • Транзыт праз балтыйскія парты вырашае задачу дывэрсыфікацыі замежнаэканамічных сувязяў, аслабляе залежнасьць ад Расеі.

Тэма пераарынтацыі беларускіх грузаў у расейскія парты — гэта дэжавю ня толькі ў квадраце, але і ў кубе. Ужо неаднаразова Расея спрабавала рэалізаваць падобныя пляны.

У 2005 годзе, пасьля вяртаньня з Расеі, дзе Лукашэнка сустракаўся з Пуціным, кіраўнік Беларусі нечакана заявіў аб будаўніцтве ў Калінінградзкай вобласьці свайго порту і арыентацыі туды беларускага экспартнага транзыту.

Расейскія газэты пісалі, што гэта зроблена быццам бы ў абмен на падтрымку Масквой Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 г. Але з гэтага ўсяго атрымаўся вялікі і гучны пшык, пасьля выбараў усё спусьцілі на тармазах.

У лістападзе 2012 Аляксандар Лукашэнка, прымаючы ў Менску таго самага губэрнатара Ленінградзкай вобласьці Аляксандра Дразьдзенку, аб’явіў пра пляны пераарыентаваць перавалку беларускіх грузаў з партоў краін Балтыі на парты Ленінградзкай вобласьці. Прычым беларускі лідэр паведаміў, што «прынцыповае рашэньне» ў гэтым пытаньні яны з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным прынялі на сустрэчы ў верасьні таго году. У выніку з гэтага зноў нічога не атрымалася.

Гэтая тэма зноў ажыла ў кастрычніку 2016 году. Тады Расея прапанавала і пернік. Расейская чыгунка абяцала беларусам зьніжкі ў 50%. Потым гэтае пытаньне зноў абмяркоўвалася ў 2017 годзе.

Ніякіх вынікаў усе гэтыя абмеркаваньні ня мелі. Прычына — расейскі транзыт Беларусі відавочна нявыгадны. Таму транзыт беларускіх нафтапрадуктаў ідзе ў кірунку краін Балтыі (перш за ўсё, Клайпеда, Рыга, Вентсьпілс) і чарнаморскіх партоў Украіны. І гэтаму ёсьць эканамічныя падставы.

Па-першае, тут дзейнічае чыстая геаграфія. Шлях праз расейскія парты даўжэйшы ледзь не ўтрая. Па-другое, ужо шмат гадоў уся лягістыка транзыту нафтапрадуктаў зарыентаваная на балтыйскія парты. Там створана адпаведная інфраструктура. У Латвіі заснаваная даччыная кампанія Беларускай нафтавай кампаніі, празь якую прадаюцца нафтапрадукты. (Дарэчы, у 2013 годзе «Беларуськалій» купіў 30% тэрміналу ў порце літоўскага гораду Клайпеды).

Па-трэцяе, кошт чыгуначных тарыфаў, агульных транспартна-лягістычных выдаткаў, перавалкі, арэнды тэрміналаў у расейскім кірунку значна вышэйшы. Ёсьць праблемы зь якасьцю партовай інфраструктуры, сэрвісу ў РФ. Расейскія парты часта замярзаюць зімой.

Па-чацьвёртае, у сувязі з падзеньнем сусьветных цэнаў на нафту пастаўкі нафтапрадуктаў праз парты ў далёкія краіны становяцца менш выгаднымі. Беларусь цяпер імкнецца мінімізаваць транзыт, пастаўляць гэты тавар у суседнія краіны, напрыклад ва Украіну.

Акрамя эканамічных прычын, існуюць і геапалітычныя чыньнікі. Транзыт праз балтыйскія парты вырашае задачу дывэрсыфікацыі замежнаэканамічных сувязяў, аслабляе залежнасьць ад Расеі. Магчыма, што і цяпер усе размовы на гэтую тэму нічым не закончацца.

Але ёсьць і іншы варыянт. Калі цяпер Масква, карыстаючыся слабасьцю Лукашэнкі, выкруціць яму рукі і прымусіць рэалізаваць пераарыентацыю беларускіх грузаў на расейскія парты, то гэта будзе азначаць, што ён ахвяраваў нацыянальнымі інтарэсамі дзеля ўтрыманьня ўлады. Лукашэнка ж загадаў паменшыць транзыт празь літоўскія парты, каб адпомсьціць Літве за непрызнаньне яго прэзыдэнтам. За расейскую падтрымку давядзецца расплачвацца сувэрэнітэтам? Задача ўтрыманьня ім улады ўсё больш супярэчыць беларускім нацыянальным інтарэсам.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG