Фільм журналісткі Радыё Свабода перамог на фэстывалі дакумэнтальнага кіно WATCH DOCS Belarus 2020

Кадр зь фільму «Гэтая песьня называецца 328»

На фэстывалі дакумэнтальнага кіно WATCH DOCS Belarus 2020, які адбываўся ў Менску на гэтым тыдні, перамог фільм «Гэтая песьня называецца „328“» журналісткі Радыё Свабода Аляксандры Дынько (рэжысэрка) і Тацяны Гаўрыльчык (апэратарка), зьняты тэлеканалам «Настоящее время».

Фільм апавядае пра тое, як кампанія падлеткаў спрабуе перажыць сьмерць сяброўкі ад перадозу экстазі. Пераадольваючы траўму страты, суды і рэальныя тэрміны зьняволеньня, маладыя людзі знаходзяць новы сэнс жыцьця ў музыцы і дружбе.

VII Міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus праходзіў у Менску з 8 па 13 сьнежня. За дзень да пачатку арганізатарам давялося тэрмінова мяняць пляцоўку. Нягледзячы на ўсе перашкоды, фэстываль усё ж адкрыўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кінафэстываль Watch Docs Belarus 2020 страціў адну з пляцовак за дзень да пачатку паказаў

Усяго ў праграме было 13 фільмаў. Большасьць зь іх пра Беларусь і беларускія падзеі, але былі таксама стужкі з Украіны, Марока, Вэнэсуэлы ды іншых краін.

Конкурсныя фільмы расказвалі пра сытуацыю пасьля выбараў у Беларусі, несвабоду мастацтва, працу мэдычнай брыгады са Сьветлагорску і пра іншыя праблемы сёньняшняга жыцьця. Пасьля праглядаў праходзілі тэматычныя сустрэчы пра стужкі і майстэрства сцэнару кінадакумэнталістыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек з камэрай для дзяржавы небясьпечны». Рэжысэр Максім Швед пра тое, як здымаць дакумэнтальнае кіно ў Беларусі