Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек з камэрай для дзяржавы небясьпечны». Рэжысэр Максім Швед пра тое, як здымаць дакумэнтальнае кіно ў Беларусі


Рэжысэр Максім Швед
Рэжысэр Максім Швед

Пагаварылі зь беларускім рэжысэрам Максімам Шведам пра яго новы фільм, падзеі ў Беларусі, затрыманьне і сёлетні Watch Docs. А таксама даведаліся, наколькі цяжка здымаць дакумэнтальнае кіно ў нашай краіне і як пачаць, калі маеце геніяльную ідэю.

«Гэта быў бы зусім іншы фільм пасьля выбараў»

18 кастрычніка на тэлеканале «Настоящее время» адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільму Максіма Шведа «Беларусь: маршрут перестроен». Фільм здымаўся напярэдадні выбараў і ў першыя дні пасьля іх.

«Пачаткова ідэю зьняць фільм пра выбары агучылі яшчэ ў траўні, і я задумаўся, ці хацеў бы ўвогуле здымаць на такую тэму. Бо звычайна ў Беларусі выбары ня вельмі цікавая тэма: нейкія фальсыфікацыі, невялікія пратэсты і на гэтым усё. Але рэдактарка „Настоящего времени“ Аліна Рудніцкая прапанавала рабіць яго на тэлеканале. Мне было вельмі прыемна, што чалавек, праца якога мне вельмі спадабалася, разглядае мяне як кандыдата нешта зрабіць сумесна», — расказвае рэжысэр.

Максім Швед
Максім Швед

У рамках тэмы выбараў у Беларусі, кажа рэжысэр, ён мог выбіраць, што захоча. Адзін з варыянтаў — пра журналістку, якая вядзе стрымы. Але яе затрымалі праз два дні пасьля таго, як Максім агучыў тэму. Стала зразумела, што такі варыянт не пасуе, бо героя могуць затрымаць і фільм на гэтым скончыцца. Тады і распрацавалі канчатковую ідэю з таксістамі, якія размаўляюць з сваімі пасажырамі.

«Гэта было, з аднаго боку, больш бясьпечна, бо ўжо былі першыя пратэсты, стала зразумела, што ўлада рэагуе вельмі агрэсіўна, і невядома, ці дадуць здымаць на вуліцы, — кажа рэжысэр. — Таму ў закрытай прасторы, дыстанцыйна можаш рабіць нейкае кіно, здымаць. З другога боку, на фоне гэтых выбараў было шмат размоваў пра тое, што адбываецца ў краіне, і гэта быў цікавы падыход».

Дыскусія з Максім Шведам на фэстывалі Watch Docs
Дыскусія з Максім Шведам на фэстывалі Watch Docs

Здымкі праходзілі два месяцы. Час быў вельмі насычаны, і рэжысэр прызнаецца, што рэагаваў больш на падзеі, якія абмяркоўвалі людзі, чым на тое, што яны казалі.

«Напрыклад, калі аб’ядналіся дзяўчаты з штабоў, мяне гэта ўзрушыла, бо ніколі ў нашай гісторыі нічога падобнага не было. І гэта было прыгожа і ўзрушальна. Жыцьцё само па сабе было вельмі натхняльным».

Максім Швед
Максім Швед

Дакумэнтальны фільм Максіма заканчваецца роўна ў дзень выбараў, і толькі падчас тытраў паказваюцца падзеі начэй пратэсту пасьля 9 жніўня. Рэжысэр дадае, што ў яго была магчымасьць рабіць фільм далей.

«Прапанову здымаць пасьля выбараў агучыла рэдактарка Аліна, маўляў, тут самае цікавае пачынаецца, і гэта варта зафіксаваць. Але тады фільм як форма рассыпаўся б пасьля выбараў, была б зусім іншая рэальнасьць, гэта было відаць з усяго. Я ж ня проста фіксую нейкія падзеі, гэта не рэпартаж. Гэта быў бы зусім іншы фільм — пасьля выбараў».

Зьняць працяг фільму можна хоць зараз, запэўнівае рэжысэр, але трэба знайсьці зацікаўленых, а таксама рэсурсы для здымкаў.

«У мяне нават мара ёсьць такая: зрабіць фільм з тымі самымі людзьмі праз гадоў пяць, калі, спадзяюся, зьменіцца наша сытуацыя. Каб тады можна было спакайней паразмаўляць і высьветліць, як яны ставяцца да тых сябе перад выбарамі, як размаўлялі з пасажырамі і як зьмяніліся з тых часоў. Мне б было цікава на гэтую трансфармацыю паглядзець».

На фэстывалі Watch Docs
На фэстывалі Watch Docs

«Гэта была зачыстка і татальная вайна»

11 жніўня, падчас здымкаў, Максіма Шведа затрымалі. Ён трапіў у Жодзіна.

«Адразу пасьля выбараў у мяне быў шок, я гэтага не чакаў, хоць два месяцы і слухаў розныя думкі людзей наконт таго, што можа адбыцца пасьля галасаваньня. Я быў абсалютна не падрыхтаваны да таго, што ўбачу 9-10 жніўня. Гэта была хваля абсалютна непрымальнага гвалту, пад які я трапіў. Я і сам атрымаў, і бачыў, што зь іншымі людзьмі рабілі».

Рэжысэр прызнаецца, што шок быў і пасьля таго, як ён выйшаў 15-га. Але гэта быў шок зь іншай энэргетыкай.

«Я ня мог паверыць уласным вачам: нядаўна некалькім людзям і сабрацца было нельга, а тут іх столькі, сьцягі паўсюль лунаюць. Гэта для мяне было вельмі сюррэалістычна, я не разумеў: мо ў турме нешта са мной адбылося, я з рэха зьехаў? У панядзелак была зачыстка і татальная вайна, а ў суботу ўжо нейкая краіна мары, вольныя людзі ўсьміхаюцца. Тады прайшоў самы першы нядзельны марш, і было вельмі цяжка паверыць, што пасьля таго, што адбывалася са мной 10-га, вось такі неймаверны ўздым, гэтулькі шчасьлівых людзей», — згадвае Максім.

«Праўда і дакумэнтальнае кіно — гэта не адно і тое ж»

Зараз людзі маюць патрэбу ў шчырасьці, кажа рэжысэр. Яе і дае дакумэнтальнае кіно.

«Я лічу, што праўда і дакумэнтальнае кіно — гэта не адно і тое ж. Ролікаў, якія фіксуюць, як хтосьці ад кагосьці ўцякае ці б’е, вельмі шмат. І ў гэтым ёсьць нейкія прыкметы дакумэнтальнага кіно, і гэта зараз вельмі запатрабавана — проста зафіксаваць нейкі маленькі сюжэт, падзею, учынак. Але шчырасьць вельмі цяжка ўхапіць. Вядома, гэта і ёсьць адна з галоўных нашых мэтаў як дакумэнталістаў, калі мы выходзім на вуліцу і пачынаем працаваць».

Дзякуючы гэтай патрэбе ў шчырасьці ў грамадзтве можа вырасьці цікавасьць да дакумэнтальнага кіно, мяркуе Максім.

«У такі час, як цяпер, калі нешта трансфармуецца, ламаецца, мяняецца, вядома, чалавеку цікава парэфлексаваць, паглядзець на сябе збоку. І дакумэнтальнае кіно ў гэтым можа дапамагчы. Таму гледачоў становіцца больш».

Але працаваць сёньня над кіно цяжка і страшна, як і ўсім людзям, якія выходзяць на вуліцы, прызнаецца рэжысэр.

«Акрамя вось гэтых праблемаў — што палююць на людзей з камэрамі — ёсьць яшчэ вялікі недавер адно да аднаго. Я пачаў азірацца: а хто там ідзе? І калі свой чалавек, то кантакт наладжваецца хутчэй, чым да гэтых падзеяў, бо вы маеце нейкія каштоўнасьці, якія вас яднаюць, але прабіць гэтую сьцяну недаверу даволі цяжка, — тлумачыць рэжысэр. — І калі ты здымаеш чалавека, то баісься, што будзе далей з гэтымі матэрыяламі, калі ты змантуеш і пакажаш фільм, бо па гэтых матэрыялах таксама могуць засьведчыць, што чалавек быў на нейкіх акцыях. Таму шмат пытаньняў маралі: што можна здымаць, што не, каб не нашкодзіць чалавеку».

Пачаткоўцам у дакумэнтальным кіно рэжысэр раіць здымаць таго, з кім ужо наладжаны кантакт: сяброў, бацькоў, бабуляў і дзядуляў.

«Напрыклад, марш пэнсіянэраў — вельмі цікавая тэма. Я адзін раз быў і столькі эмоцый атрымаў! Бо страшна, што амапаўцы могуць цябе злавіць, а таксама бабулі-дзядулі гэтыя падазрона на цябе глядзяць, думаюць, што ты ціхар. То бок можна „атрымаць“ і з таго, і з таго боку. Але там столькі шчырасьці, столькі эмоцыяў, столькі энэргетыкі — я даўно такога не адчуваў на маршах», — апавядае Максім.

Варта азірнуцца, паглядзець на тых, хто побач, кажа рэжысэр. Цяпер ува ўсіх людзей ёсьць нейкая пазыцыя і цікавая гісторыя, толькі засталося яе рэалізаваць.

«Ня ведаю, як менавіта сёньня, але яшчэ месяц таму можна было з вакна здымаць фільм, бо падзеяў было шмат, герояў было шмат, рэальнасьць вельмі насычаная», — кажа Максім.

Калі ж вы ўжо маеце гатовы фільм, варта знайсьці рэсурс, дзе яго разьмясьціць. Гэта можа быць тэлеканал ці тэлеграм-канал, дзе сфармаваная аўдыторыя, якая зарэагуе на зробленае вамі. Калі выкласьці фільм проста на ютуб, ён можа згубіцца сярод вялікай колькасьці інфармацыі. Таксама варта думаць і пра ўдзел у фэстывалях.

Паказваць кіно сьвету пра падзеі ў Беларусі варта і цяпер, і пазьней, лічыць рэжысэр, але для гэтага трэба, каб хапала чалавечых рэсурсаў.

«Сёньня чалавек з камэрай разглядаецца дзяржавай як небясьпечны, і яго ў першую чаргу забіраюць. Мы можам займацца актывізмам, рабіць ня проста кіно, а нешта карыснае для грамадзтва і для тых, якімі мы станем праз гады, каб азірнуцца і паглядзець, што мы адчувалі і як гэта перажывалі. То бок фіксаваць мастацкім чынам тыя эмоцыі, падыходы, перажываньні, якія маем на гістарычным зломе», — кажа Максім Швед.

WATCH DOCS Belarus

З 8 па 13 сьнежня ў Менску праходзіць VII Міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно аб правах чалавека Watch Docs Belarus. За дзень да пачатку арганізатарам давялося тэрмінова мяняць пляцоўку. Нягледзячы на ўсе перашкоды, фэстываль усё ж адкрыўся.

«Перанос пляцоўкі — гэта, вядома, не выпадковасьць. Як і рамонт, які нібыта распачаўся. Відавочны ціск уладаў на ОК16. Але такія рэчы ня дзівяць, наадварот, ужо больш дзівіць, што нешта рэалізуецца і адбываецца», — кажа Максім Швед.

Фэстываль актуальны і важны, бо ён падымае вострыя тэмы, лічыць рэжысэр. Дарэчы, фільм Максіма Шведа «Беларусь: маршрут перестроен» у праграме.

«Правы чалавека ў нашай краіне на сёньня — найважнейшая тэма, якая толькі ёсьць. Тут яшчэ і зусім іншы фармат. Напрыклад, з фільмам „Чыстае мастацтва“ я шмат дзе быў, але гэта ўсё былі онлайн-фэстывалі. А вось тут непасрэдна сустрэцца з гледачамі, паразмаўляць, паглядзець на іхную рэакцыю — гэта таксама вялікая каштоўнасьць для мяне як для чалавека, які нешта зрабіў».

Максім заўважае, што акурат дзякуючы дакумэнтальнаму кіно Беларусь вядомая ў сьвеце, адрозна ад мастацкага.

«Вядома, уся гэтая сытуацыя з выбарамі і з гвалтам, са Сьвятланай Ціханоўскай, якая езьдзіць па сьвеце, сапраўды спрыяе таму, каб нашую краіну ўжо не шукалі на мапах. Ёсьць пэўны запыт на беларускае актуальнае кіно, — мяркуе рэжысэр. — Увагі да нашай краіны ўжо значна больш, чым раней. Але ці захаваецца гэтая тэндэнцыя — залежыць ад нас, бо калі будзе што паказваць, то людзі з радасьцю будуць глядзець фільмы пра нашыя падзеі. А ці наздымаем мы нечага вартага — гэта ў нашых руках, будзем старацца».

Наведаць фэстываль, паглядзець дакумэнтальнае кіно, сустрэцца з стваральнікамі фільмаў і паслухаць лекцыю можна ў культурным цэнтры «Корпус» і галерэі Tut.by, але месца некаторых падзеяў можа зьмяніцца. Сачыце за праграмай тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG