Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтыя людзі робяць гісторыю». Беларуская мастачка малюе пратэсты супраць Лукашэнкі


Ілюстрацыйнае фота

Беларуская мастачка-ілюстратарка Ганна Радзько ўжо некалькі месяцаў малюе пратэсты супраць рэжыму Лукашэнкі і ўсё тое, што адбылося ў краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня.

На яе карцінах — загінулы Раман Бандарэнка і лідэрка пратэстаў Марыя Калесьнікава ў вобразе Радзімы-маці. Мастачка расказала тэлеканалу «Настоящее время», што для яе малюнкі сталі нечым накшталт тэрапіі, якая дапамагла перажыць гвалт з боку ўлады і сілавікоў.

— Як вы пачалі маляваць пратэсты?

— Я ўвогуле нават не цікавілася палітыкай да 9 жніўня і не рэагавала ні на якія палітычныя падзеі. Малявала толькі тое, што мне падабаецца, па працы.

Але пасьля 9 жніўня ў нас адключылі інтэрнэт на тры дні. 13-га чысла а 6-й раніцы інтэрнэт уключылі, і тады проста палілася гэтая ўся лявіна інфармацыі, абрынулася на людзей. Нават тыя, хто ня ўдзельнічаў у пратэставых маршах, усе гэтыя тры дні ператэлефаноўваліся зь сябрамі, спрабавалі даведацца, як у каго справы, хто жывы, хто дайшоў дадому. Быў моцны псыхалягічны ціск. І потым, калі ты бачыш ужо ў тэлеграм-каналах сцэны гвалту, зьбіцьцё людзей, ты ня можаш паверыць, што гэта наогул існуе. Усё гэта вельмі моцна пераварочвае ўвесь твой сьвет.

У мяне тады пачалася дэпрэсія, таму што на трэці дзень я ўжо зразумела, што ў мяне не вытрымлівае псыхіка на ўсё гэта глядзець. Мне хацелася нешта намаляваць, неяк выказацца, але перад вачыма стаялі толькі сцэны гвалту, і мне не хацелася памнажаць яшчэ і сваімі працамі гэты гвалт.

Толькі на сёмы дзень пасьля гэтых падзей я зразумела, што я ўжо не магу ў сабе гэта трымаць, усе гэтыя думкі. І намалявала працу «Маліцеся за Беларусь». Таму што не было зразумела наогул, што рабіць, заставалася толькі маліцца. Я намалявала «Маліцеся за Беларусь», і мне рэальна палягчэла. Гэта зрабіла на мяне тэрапэўтычнае ўзьдзеяньне. Пасьля гэтага я зразумела, што гэта мая псыхалягічная дапамога — маляваць.

— Вы малюеце сваіх знаёмых, але таксама і звычайных удзельнікаў пратэстаў?

— Вось выйшлі пэнсіянэры на «Марш мудрасьці». Напэўна, гэта вельмі рэдкая падзея, калі такі досыць кансэрватыўны пласт насельніцтва, як пэнсіянэры, вырашылі выходзіць і паказваць, што яны незадаволеныя. Я намалявала бабулю і дзядулю, якія абдымаюцца: яны са сьцягам, бабуля напякла піражкоў. Гэта была рэальная бабуля, якая напякла піражкоў студэнтам.

Я абмежавала каляровую гаму: у мяне ў малюнках выкарыстоўваюцца белы, чырвоны і бірузовы. Напрыклад, калі трэба было маляваць нейкую расьліннасьць, я прынцыпова вырашыла ня браць для гэтага зялёны, каб не было асацыяцыі чырвонага зь зялёным (як на дзяржаўным сьцягу Беларусі. — НВ).

Клясна, што зараз мы вяртаемся да сваіх каранёў, і гэта выяўляецца ў тым ліку ў сымболіцы, нават проста з дызайнэрскага пункту гледжаньня. Напрыклад, у дызайне два колеры максымальнай кантраснасьці — гэта жоўты і чорны. На другім месцы — гэта чырвоны і белы. То бок гэта ідэальныя сьцягі для дызайну.

— Самыя вядомая ваша праца — гэта, магчыма, партрэт Марыі Калесьнікавай у стылі плякату «Радзіма-маці кліча». Вы асабіста знаёмыя зь ёй?

— Я малюю тых людзей, якія нясуць нейкі гераічны пасыл для людзей, неяк натхняюць. Вядома, я ня ведала ні Марыю Калесьнікаву, ні Максіма Знака, ні іншых людзей, якіх я малюю.

Я нават намалявала такую берасьцейскую Ніну Багінскую — Алену Гнаўк. Яе таксама ніхто ня ведае, але для мяне яна сымбаль мужнасьці, стойкасьці. Для мяне гэта тыя людзі, якія ў дадзены момант робяць гісторыю. Гісторыя ж робіцца ня столькі масамі, колькі асобамі. Мне хочацца захаваць менавіта гэтыя асобы і іх учынкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG