Вярхоўны суд ЗША адхіліў пазоў Трампа аб пераглядзе вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў

Вярхоўны суд ЗША, Вашынгтон, архіўнае фота

Істотных парушэньняў пры падліку галасоў і працэдуры выбараў прэзыдэнта ЗША ў штатах Пэнсільванія, Джорджыя, Мічыган і Вісконсін ня выяўлена. Вярхоўны суд адмовіў прыхільнікам Дональда Трампа ў пазове.

Вярхоўны суд ЗША адхіліў пазоў штату Тэхас, які падтрымаў цяперашняга прэзыдэнта Дональда Трампа ў ягоных спробах скасаваць афіцыйнае прызнаньне перамогі свайго канкурэнта Джо Байдэна ў чатырох штатах, якія прадвызначылі вынікі прэзыдэнцкай гонкі.

Увечары 11 сьнежня суд пастанавіў, што пазоў «не засьведчыў законна абгрунтаванай зацікаўленасьці» ў спробе Трампа ўмяшацца ў падлік галасоў выбараў у іншых штатах.

У пазове Тэхаса юрысты сьцьвярджалі, што штаты Пэнсыльванія, Джорджыя, Мічыган і Вісконсін, у якіх перамог Байдэн, сёлета зьмянілі правілы галасаваньня праз пандэмію і пашырылі магчымасьць галасаваньня праз пошту. Аднак факты канкрэтных парушэньняў, да якіх маглі б прывесьці зьмены ў правілах, штаб Трампа не прывёў. Таму галасы 62 выбарнікаў з названых штатаў ануляваныя ня будуць.

Да Тэхаса ў падтрымцы пазову далучыліся 17 іншых штатаў, якія таксама маюць рэспубліканскае кіраўніцтва.

Чатыры штаты, вынікі па якіх Дональд Трамп прасіў адмяніць, заклікалі Вярхоўны суд, большасьць членаў якога складаюць рэспубліканцы, адмовіць у пазове. Пазваныя заявілі, што пазоў ня мае юрыдычнай і фактычнай асновы. Прасілі аб гэтым і 20 генэральных пракурораў іншых штатаў.

Пералік галасоў у некалькіх штатах, якога дамагаўся штаб Трампа, пацьвердзіў перамогу там дэмакрата Байдэна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства юстыцыі ЗША не знайшло доказаў парушэньняў на выбарах

14 сьнежня ў Злучаных Штатах будзе галасаваньне калегіі выбарнікаў. Але яны, паводле шматгадовай практыкі, зазвычай галасуюць за таго кандыдата, які набраў больш галасоў у іхнім штаце.

Джо Байдэн раней атрымаў 306 галасоў, што значна больш, чым мінімум, неабходны для перамогі (270 галасоў). Таму з высокай імавернасьцю канчатковы вынік на карысьць кандыдата ад дэмакратаў ня зьменіцца і ён стане прэзыдэнтам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інаўгурацыя Джо Байдэна пройдзе ў скарочаным фармаце