Чэха, які ваяваў у «ДНР», асудзілі на турэмны тэрмін

Павэл Кафка (справа) на Данбасе.

Вярхоўны суд у Празе зьмяніў прысуд — з умоўнага на рэальны тэрмін зьняволеньня — грамадзяніну Чэхіі Паўлу Кафку за ўдзел у збройным канфлікце на тэрыторыі Ўкраіны.

Пра гэта паведаміла Чэская грамадзкая тэлевізія.

27-гадовы Кафка ў 2015 і 2016 гадах служыў у войску так званай «ДНР». Паводле абвінавачаньня, Кафка прайшоў падрыхтоўку ў танкавым падразьдзяленьні, потым служыў стралком і кіроўцам. Абвінаваўцы патрабавалі асудзіць Паўла Кафку на 12 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме.

У ліпені 2020 году суд гораду Чэске-Будзеявіцэ асудзіў Кафку за «ўдзел у арганізаванай злачыннай групоўцы» на тры гады ўмоўнага пакараньня з адтэрміноўкай на пяць гадоў, пасьля чаго і пракурор, і сам падсудны падалі апэляцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус, які выйшаў з турмы, кажа, што яго выкралі з Украіны

Кафка не прызнаў сябе вінаватым ва ўдзеле ў збройным канфлікце на баку баевікоў і заяўляў, што адправіўся ў Данбас дапамагчы людзям бяз даху над галавой або працаваць у шпіталі.