Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус, які выйшаў з турмы, кажа, што яго выкралі з Украіны


Тарас Аватараў на Данбасе. У ніжнім правым куце — фатаздымак Алеся Чаркашына зь Берасьця, першага грамадзяніна Беларусі, які загінуў у вайне на ўсходзе Ўкраіны
Тарас Аватараў на Данбасе. У ніжнім правым куце — фатаздымак Алеся Чаркашына зь Берасьця, першага грамадзяніна Беларусі, які загінуў у вайне на ўсходзе Ўкраіны

Выйшаў на волю з калёніі Тарас Аватараў — грамадзянін Беларусі, асуджаны ў красавіку 2016 году да 5 гадоў пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне і перасоўваньне празь мяжу выбуховых рэчываў. Сам Аватараў упэўнены, што рэальнай прычынай яго арышту стаў удзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны ў складзе добраахвотніцкага батальёну ўкраінскай арганізацыі «Правы сэктар».

У інтэрвію Радыё Свабода ён расказаў пра свой турэмны досьвед, абставіны яго затрыманьня і стаўленьне да беларусаў, якія ваявалі ва Ўкраіне — як на баку самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», так і на баку ўкраінскай арміі.

Паводле вэрсіі сьледзтва, Тараса Аватарава затрымалі ў ноч на 26 лістапада 2015 году на чыгуначным вакзале ў Менску. Падчас затрыманьня ў яго нібыта знайшлі даведку аб удзеле ў АТА, выдадзеную «Правым сэктарам», а таксама патроны і зарад ад гранатамёта.

Сам Аватараў на судзе прызнаў абвінавачаньні ў незаконным абарачэньні боепрыпасаў, аднак адхіліў абвінавачваньне ў іх кантрабандзе, сказаўшы, што гранату яму падкінулі ужо ў Беларусі.

У 2017 годзе маці Тараса Аватарава заявіла, што папраўдзе яе сына затрымалі ў Кіеве супрацоўнікі ФСБ Расеі, пасля чаго перадалі яго сваім менскім калегам зь беларускага КДБ і даставілі ў Беларусь насуперак ягонай волі.

Паводле зьвестак незалежных дасьледнікаў, усяго ў вайне на ўсходзе Ўкраіны ўдзельнічалі звыш 200 грамадзян Беларусі, большасьць зь іх — на баку прарасейскіх сэпаратыстаў. Некалькі зь іх, як і Аватараў, былі асуджаныя па вяртаньні на радзіму.

Беларусаў, якія ваявалі ў Украіне, судзяць ня толькі ў іх на радзіме. Так, зусім нядаўна, у верасьні 2020 году, суд у Чэхіі прысудзіў 4,5 года турмы беларусу Аляксандру Фадзееву, які ўдзельнічаў у вайне на ўсходзе Украіны на баку «ДНР». Ва Ўкраіне за злачынствы супраць мірных жыхароў адбывае пакараньне грамадзянін Беларусі Данііл Ляшук, які ваяваў ў цяпер расфармаваным ўкраінскім добраахвотніцкім батальёне «Тарнада», а таксама Ігар Кляўко з батальёну «Данбас», прызнаны вінаватым у выкраданьні і забойстве чалавека ў Данецкай вобласьці ў 2014 годзе.

Тарас Аватараў у судзе, 18 красавіка 2016
Тарас Аватараў у судзе, 18 красавіка 2016

— Калі вы выйшлі на свабоду? Вы адседзелі свой тэрмін «ад званка да званка»?

— Я выйшаў на волю 26 лістапада каля 9 гадзін раніцы. Адседзеў 5 гадоў і 12 хвілін, калі лічыць ад часу майго фактычнага затрыманьня.

— Як вы адбывалі пакараньне? Былі паведамленьні пра тое, што вам пагражалі забойствам і згвалтаваньнем.

— Не, згвалтаваньнем — такога не магло быць, проста ў сілу майго ладу жыцьця. А забойствам пагражалі з самага пачатку, начальнік калёніі некалькі разоў спрабаваў мяне падставіць, каб, калі б не забілі вязьні, то давесьці да самагубства, скажам так. На шчасьце, я меў ад іншых людзей досьвед адбываньня пакараньня ў калёніі, меў падтрымку ад сваіх прыхільнікаў, у тым ліку ў адміністрацыі папраўчай установы. Груба кажучы, мяне загадзя інфармавалі аб тых дзеяньнях, якія супраць мяне робяцца адміністрацыяй.

— Чым вы займаліся ў Беларусі да таго, як паехаць ва Ўкраіну?

— На тэрыторыі Беларусі я нічым не займаўся, бо доўгі тэрмін ужо пражываў на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і Ўкраіны.

— У вас толькі беларускае грамадзянства? Ваша маці апавядала журналістам, што вы хацелі атрымаць украінскае, але не пасьпелі.

— Так, на жаль, не пасьпеў. У мяне ўжо ўсё было пададзена, і на від на жыхарства, але не пашчасьціла. Я паддаўся на паведамленьне аднаго майго знаёмага, высунуўся ў Кіеў, дзе мяне і прыхапілі. Цяпер наконт атрыманьня ўкраінскага грамадзянства вельмі весела. Нягледзячы на тое, што і мінулы, і цяперашні прэзыдэнт Украіны на словах рабілі ўсё для таго, каб даць грамадзянства беларусам, якія ваявалі за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, на практыцы нічога ня робіцца.

Наколькі мне вядома, ніводзін добраахвотнік украінскага грамадзянства так і не атрымаў. Многія з тых, каго я ведаю, ужо пасьпелі атрымаць польскае грамадзянства, грамадзянства іншых краінаў, абы мець хоць нейкія дакумэнты, якія пацьвярджаюць асобу. Таму што, калі яны скарыстаюцца беларускімі дакумэнтамі, беларускія спэцслужбы могуць у любы момант іх прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за «ідэалягічнае найміцтва» (найміцтва без матэрыяльнага ўзнагароджаньня, артыкул 361-3 КК Беларусі. — РС).

Даведка ад "Правага сэктару", знойдзеная ў Аватарава пры затрыманьні
Даведка ад "Правага сэктару", знойдзеная ў Аватарава пры затрыманьні

— Вас затрымалі ў Менску ці ў Кіеве?

— Гэта была неафіцыйная апэрацыя. Нават калі мы зможам прыцягнуць да адказнасьці тых людзей, якія затрымалі мяне на тэрыторыі Ўкраіны, мы ня зможам іх прыцягнуць, прывязаўшы іх да органаў Рэспублікі Беларусь. Гэта ключавы момант для таго, каб падобных затрыманьняў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежных дзяржаў не адбывалася далей. Калі ў цябе беларускае грамадзянства, ты можаш быць выкрадзены ў любой краіне і вывезены ў Беларусь. Там на цябе могуць навесіць любыя абвінавачваньні без усялякіх доказаў.

— Гэта значыць вас усё ж такі вывезьлі з тэрыторыі Ўкраіны?

— Ёсьць такое.

— Як гэта было?

— Мяне непасрэдна ўзялі ў Кіеве, непадалёк ад аўтавакзалу. Быў чалавек, які ведаў, дзе і калі я зьяўлюся. Гэты чалавек паведаміў каму трэба, і мяне затрымалі. Мяне абкалолі чымсьці і павезьлі на машыне праз афіцыйную мяжу. Паколькі я быў абколаты, я ніякіх дзеяньняў, накшталт уцёкаў, зрабіць ня мог. Перадалі мяне праз гомельскі АМАП. Некаторы час мяне дапытвалі ў будынку на тры літары, ня будзем казаць, у якой арганізацыі. Правялі допыты, зразумелі, што прывязаць мне найміцтва ці нейкія дзеяньні, зьвязаныя з вайной ва Ўкраіне ня змогуць, і пачалі мяне судзіць за абарачэньне выбуховага прыстасаваньня і зброі празь мяжу.

Акцыя салідарнасьці з Беларусьсю, Кіеў, 9 жніўня 2020
Акцыя салідарнасьці з Беларусьсю, Кіеў, 9 жніўня 2020

— Самі беларусы, якія ваявалі за «ДНР» і «ЛНР», прызнаваліся ў інтэрвію, што не баяцца перасьледу па вяртаньні на радзіму. Ці лічыце вы, што ўлады Беларусі аднолькава ставяцца да «вяртанцаў», якія ваявалі на баку прарасейскіх сэпаратыстаў, і да тых, хто паехаў на Данбас падтрымаць Украіну?

— Ня буду называць прозьвішча, але скажу такі факт: апэратыўны супрацоўнік ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Беларусі. — РС), які вёў маю справу, сам удзельнічаў у баявых дзеяньнях на тэрыторыі «Луганскай народнай рэспублікі». Большасьць беларусаў, якія ваявалі на баку «ДНР» і «ЛНР», служылі ва ўнутраных войсках або АМАПе або былі супрацоўнікамі іншых сілавых структураў і былі туды прыкамандзіраваныя ледзь не афіцыйна. Па тых сьпісах, якія я бачыў, пры пераходзе на службу ў «ДНР» ці «ЛНР» у іх нават захоўвалася званьне, якое ў іх было ў Беларусі. Гэта можна зрабіць толькі афіцыйнымі запытамі. Тыя байцы, якія ваявалі на баку Ўкраіны, шмат у чым былі вымушаныя ваяваць у добраахвотніцкіх батальёнах, а не ў Нацыянальнай гвардыі, таму што не маглі пацьвердзіць свой вайсковы білет і спэцыяльнасьць. У Беларусі проста не адказвалі на іх запыты. А тым, хто ваяваў на баку «ДНР» і «ЛНР», ледзь ня выслуга гадоў потым захоўвалася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG